Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Вольгі Нікалайчык зноў адправілі на дапрацоўку


Вольга Нікалайчык
Вольга Нікалайчык

У судзе Цэнтральнага раёну Менску паўторна разглядалася адміністрацыйная справа грамадзкай актывісткі і рэжысэркі Вольгі Нікалайчык за «касмэтычку» для расейскіх байкераў.

Як паведамляе spring96.org, судзьдзя Рак зачытала пратакол, пасьля чаго Нікалайчык хадайнічала аб праглядзе відэадоказаў.

Падчас допыту Вольга Нікалайчык не прызнала сваёй віны і заявіла, што ня бачыць у сваіх дзеяньнях складу злачынства. Затым судзьдзя перайшла да прагляду відэазапісу расейскай амбасады ў Менску.

Судзьдзя агучыла недахопы і парушэньні ў пратаколах і пастанавіла перанакіраваць справу на дапрацоўку, бо не ўказана дакладнае месца здарэньня і не напісана, каму дакладна рабілі заўвагі.

24 траўня суд Цэнтральнага раёну абвінаваціў Вольгу Нікалайчык і Кацярыну Садоўскую ў брыдкаслоўі і супраціўленьні супрацоўнікам міліцыі і вынес пастанову аб арышце Нікалайчык на 13 сутак. Садоўскую пакаралі штрафам амаль на 11 мільёнаў рублёў.

29 красавіка рэжысэрку Вольгу Нікалайчык затрымалі каля амбасады Расейскай Фэдэрацыі, калі яна і актывістка Кацярына Садоўская праводзілі пэрформанс, вядомы як «касмэтычка для байкераў», супраць прыезду ў Беларусь байкераў з клюбу «Начныя ваўкі».

Не пагадзіўшыся з такім судовым рашэньнем, Нікалайчык абскардзіла пастанову ў Менскім гарадзкім судзе, які 24 ліпеня адмяніў пастанову суду Цэнтральнага раёну па гэтай справе.

Судзьдзя М. Лапко прыйшоў да высновы, што суд не ў належнай меры высьветліў, ці было зьдзейсьнена адміністрацыйнае правапарушэньне, ці вінаватая асоба ў яго зьдзяйсьненьні і ці падлягае асоба адміністрацыйнай адказнасьці. Акрамя таго, суд зьвярнуў увагу на тое, што на відэазапісе камэр зьнешняга назіраньня, прадстаўленых амбасадай Расейскай Фэдэрацыі, Вольга Нікалайчык не чыніла непадпарадкаваньня супрацоўніку міліцыі. Такім чынам, суд прыйшоў да высновы, што пастанова, вынесеная раённым судом, заўчасная, і накіраваў справу ў той жа суд на новы разгляд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG