Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб праверыць, ці брыдкасловіла Вольга Мікалайчык, суд прагледзіць відэазапіс з расейскай амбасады


Вольга Нікалайчык
Вольга Нікалайчык

Судзьдзя Валер Камісараў зь Менскага гарадзкога суду пастанавіў зрабіць запыт у міліцыю і прагледзець запіс зь відэакамэры, якая ўсталяваная на будынку амбасады Расеі ў Менску. Прагляд патрэбны, каб высьветліць, ці парушалі актывісткі Вольга Нікалайчык і Кацярына Садоўская грамадзкі парадак каля амбасады 29 красавіка.

У той дзень Вольга Нікалайчык і Кацярына Садоўская на знак пратэсту супроць прыезду ў Беларусь расейскіх рокераў-прапагандыстаў з групы «Начныя ваўкі» прынесьлі ў амбасаду Расеі жаночыя «касмэтычкі». Актывістак затрымалі і 26 траўня судзілі ў Цэнтральным судзе Менску. Ахоўнік амбасады міліцыянт Паплаўскі сьведчыў супроць жанчын, што тыя нібыта брыдкасловілі і клаліся на асфальт, адмаўляючыся сысьці ад амбасады. У выніку актывістак прызналі вінаватымі ў хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Вользе Нікалайчык судзьдзя Міхаіл Хома прысудзіў 13 дзён адміністрацыйнага арышту.

9 чэрвеня судзьдзя Валер Камісараў пачаў разгляд касацыйнай скаргі Вольгі Нікалайчык на рашэньне судзьдзі Міхаіла Хомы. Актывістка патрабавала, каб было прагледжана відэа з будынку амбасады, на якім відаць, як яна сябе паводзіла падчас падзеяў 29 красавіка.

«Мы ж не брыдкасловілі і ня клаліся на асфальт, як сьведчыў міліцыянт, які нас затрымаў. Мы прасілі судзьдзю Міхаіла Хому прагледзець відэа з амбасады, каб пераканацца, што ня хлусім, але ён адмовіў. Тое, што ў гарадзкім судзе ўсё ж пагадзіліся праглядзець відэа — гэта неверагодны і добры знак. Спадзяюся, у выніку прысуд мне, а потым і Кацярыне Садоўскай адменяць», — пракамэнтавала рашэньне судзьдзі Валера Камісарава рэжысэр Вольга Нікалайчык.

Працяг разгляду скаргі Нікалайчык у Менскім гарадзкім судзе адкладзены на нявызначаны дзень.

Вольгу Нікалайчык пасьля пастановы Цэнтральнага раённага суду аб адміністрацыйным арышце не затрымалі, яна дагэтуль на волі. Між тым міліцыянты не вяртаюць актывістцы пашпарт, які забралі пасьля акцыі каля расейскай амбасады.

Праваабаронцу Кацярыну Садоўскую за ўдзел у акцыі 29 красавіка аштрафавалі на 60 базавых велічынь, яна таксама абскардзіла прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG