Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзі спатрэбіўся дадатковы час для вывучэньня справы аштрафаванага журналіста


Зьміцер Лупач каля будынку суду ў Глыбокім, 23 ліпеня 2015 году

Зьміцер Лупач каля будынку суду ў Глыбокім, 23 ліпеня 2015 году

Віцебскі абласны суд нечакана перанёс на тыдзень разгляд скаргі незалежнага журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача.

Зьміцер Лупач зьбіраўся аспрэчыць рашэньне раённага суду, які аштрафаваў яго за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Аднак, пасяджэньне перанесьлі, і цяпер спадар Лупач панясе выдаткі за марны візыт у Віцебск ягонага адваката.

«Маё зьяўленьне ў абласным судзе было не абавязковае, але я вырашыў прыехаць, каб асабіста заявіць у абласным судзе, што вінаватым сябе не лічу. Зь Менску прыехала мая абаронца, якая ўдзельнічала ў маім судовым працэсе ў Глыбокім і цяпер зьбіралася бараніць мяне ў Віцебску. Аднак судзьдзя Сьвятлана Іванова, так і не распачаўшы суд па маёй касацыйнай скарзе, заявіла пра перанос пасяджэньня на тыдзень — на 19 жніўня. Няўжо пра гэта нельга было папярэдзіць хаця б учора, каб я ня ехаў за 220 кілямэтраў і каб мая адвакатка не губляла працоўны дзень?» — кажа Зьміцер Лупач.

Позву ў абласны суд ён атрымаў тыдзень таму, і час, каб папярэдзіць пра перанос пасяджэньня, судзьдзі мелі, лічыць праваабаронца Павал Левінаў:

Павал Левінаў

Павал Левінаў

«Я прыйшоў, каб падтрымаць Зьмітра ў судзе, і толькі змарнаваў свой час. Уяўляю, як крыўдна павінна быць яму самому: чалавек ехаў з Глыбокага, патраціў грошы на дарогу. Апрача гэтага, цяпер трэба кампэнсаваць транспартныя выдаткі адвакату, якая ехала зь Менску. Адпаведна, яна страціла ўвесь сёньняшні працоўны дзень, хоць і ня брала ўдзел у судовым пасяджэньні. Трэба неяк кампэнсаваць і ейную страту працоўнага часу. Я спытаў, чаму Лупача не папярэдзілі пра перанос хаця б напярэдадні. Аднак судзьдзя зрабіла выгляд, што не пачула пытаньня, і ня стала на яго адказваць. Карацей, незалежнага журналіста хочуць „разьдзець да ніткі“: Глыбоцкі райсуд аштрафаваў яго на 4,5 мільёна, Лупачу давялося плаціць за зварот у абласны суд з касацыйнай скаргай, за складаньне гэтай скаргі, ужо двойчы ён аплочваў транспартныя выдаткі і працу адваката ў судзе, а цяпер яго вымушаюць зрабіць гэта трэцім разам».

Паводле Паўла Левінава, прычыну пераносу пасяджэньня роўна на тыдзень судзьдзя Сьвятлана Іванова патлумачыла тым, што ёй «патрэбны дадатковы час для вывучэньня справы». Атрымліваецца, што тыдзень таму, калі Зьмітру Лупачу высылалі позву, справа для судзьдзі была цалкам зразумелая.

23 ліпеня Глыбоцкі райсуд прызнаў незалежнага журналіста вінаватым у парушэньні заканадаўства аб СМІ — артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).

Падставай для судовай справы стаў матэрыял «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года», разьмешчаны 9 чэрвеня на сайце «Эўрарадыё». Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак.

Адвакат прапанавала спыніць справу Змітра Лупача, прызнаўшы яго невінаватым, але суд з гэтым не пагадзіўся. Журналіст падаў скаргу ў Віцебскі абласны суд, каб аспрэчыць рашэньне, вынесенае ў Глыбокім. Аднак пакуль гэта прынесла толькі дадатковыя выдаткі.

XS
SM
MD
LG