Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч — бо жанчына, Лябедзька — бо разам бывалі за мяжой... Каму сымпатызуюць творчыя людзі


Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты пачалі зьбіраць подпісы. 23 чэрвеня 2015 году

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты пачалі зьбіраць подпісы. 23 чэрвеня 2015 году

Нягледзячы на тое, што людзі мастацтва часта адмяжоўваюцца ад выбарчых кампаніяў, Радыё Свабода паспрабавала даведацца ў культурных дзеячоў, каму тыя сымпатызуюць у прэзыдэнцкай гонцы-2015.

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч падтрымлівае кандыдатаў, якіх ведае асабіста, — Тацяну Караткевіч, Анатоля Лябедзьку і Сяргея Калякіна. Кажа, што зычыць ім усім сабраць подпісы і абрацца на пасаду прэзыдэнта:

Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

«У мяне няма нэгатыўнага стаўленьня да кандыдатаў. Яны займаюцца нейкай справай — і хай сабе займаюцца. Я жыву на хутары, мне гэта падабаецца, мне ніхто не замінае. Таму я б хацеў, каб і кандыдатам ніхто не замінаў, — хай яны зьбяруць свае подпісы, можа, ім гэта будзе карысна. Я асабіста ведаю Лябедзьку і Караткевіч, знаёмы таксама з Калякіным. Я калісьці ўваходзіў у ініцыятыўную групу Ўладзімера Някляева, там жа працавала і Тацяна Караткевіч, зь Лябедзькам і Калякіным мы сустракаліся на міжнародных мерапрыемствах. Таму ніякіх нэгатыўных флюідаў да гэтых трох кандыдатаў не адчуваю і зычу ім посьпеху — сабраць і выбрацца».

Паэтка Валярына Кустава — за кандыдата-жанчыну. Праўда, за якую менавіта, удакладніць адмовілася.

Валярына Кустава

Валярына Кустава

«Асоба жанчыны, прынамсі, выклікае цікавасьць», — сказала паэтка і дадала, што толькі дзень таму вярнулася зь вясельнага падарожжа, таму яшчэ толькі плянуе падрабязна разабрацца ў кандыдатах, каб больш поўна акрэсьліць свае ўпадабаньні.

Літаратар і кнігавыдавец Зьміцер Вішнёў не хавае, што падпісаўся за Анатоля Лябедзьку, і аддасьць свой подпіс таксама і Тацяне Караткевіч, калі сустрэне чальцоў яе ініцыятыўнай групы:

Зьміцер Вішнёў

Зьміцер Вішнёў

«Падтрымліваю Анатоля Лябедзьку, таксама мне вельмі сымпатычная спадарыня Караткевіч — на мой погляд, ёсьць у іх патэнцыял, яны цікавыя. Чаму менавіта яны? Таму што лічу, што ў палітыцы павінна быць альтэрнатыва. Але гэта толькі сымпатыі, ня значыць, што я дзьвюма рукамі за гэтых кандыдатаў. Іх ёсьць за што і крытыкаваць. Увогуле, калі б меў выбар, то галасаваў бы за Міколу Статкевіча. На жаль, такой магчымасьці ў мяне сёньня няма».

Мастак Аляксей Марачкін таксама падтрымлівае Тацяну Караткевіч — бо жанчына:

Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

«У мяне сымпатыю выклікае, вядома, Тацяна Караткевіч. Ня значыць, што я пайду за яе галасаваць — на выбары я не пайду ўвогуле. Але як чалавек яна мне сымпатычная. Па-першае, жанчына. Па-другое, актыўная, шчыра зьбірае подпісы. Але яна таго ня ведае, што ўсё гэта дарэмна, што ўсё вельмі трапна абазначыў мой калега Алесь Пушкін, які рыхтуе пэрформанс каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта, куды ў 2020 годзе зьбіраецца прывезьці тачку з ружамі.

Літаратарка Марыйка Мартысевіч ня сочыць за выбарамі ні ў сацыяльных сетках, ні на вуліцы, і нават ня ведае, хто балятуецца на прэзыдэнта. Пісьменьніца падкрэсьліла, што адмыслова адмежавалася ад выбарчай кампаніі, выдаліўшы ўсё, што зьвязана з выбарамі, з фрэнд-стужкі.

Марыйка Мартысевіч

Марыйка Мартысевіч

«Часова не сачу за палітыкай, каб не турбавацца. Каб агарадзіць сябе, я нават выдаліла ўсё з фрэнд-стужкі — чытаю пра коцікаў».

Падобнае меркаваньне выказаў мастак Мікола Купава, які лічыць, што сярод прэтэндэнтаў няма тых, якія выклікаюць станоўчыя эмоцыі:

Мікола Купава

Мікола Купава

«Няма такіх прэтэндэнтаў, якія б выклікалі сымпатыю ў мяне. Гэта бяда і гэта такая рэальнасьць — няма за каго воку зачапіцца. Усё гэта мы ўжо прайшлі, усё ведаем. А тыя новыя, якія цяпер хочуць вылучацца, — дык гэта ж увогуле цёмны лес».

Лідэр гурта «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі кажа, што езьдзячы на гастролі, ён мае мала магчымасьцяў разгледзець кандыдатаў, таму пэрсанальна нікога ня ведае. Але крытэр, паводле якога можа падтрымаць вылучэнца, у яго ёсьць:

Зьміцер Сасноўскі

Зьміцер Сасноўскі

«Кандыдат, які выйдзе зь бел-чырвона-белым сьцягам, у якога хопіць мужнасьці гэта зрабіць, вось такога я магу падтрымаць», — сказаў Зьміцер Сасноўскі, дадаўшы, што бачыў такі пікет каля аднаго са сталічных гіпэрмаркетаў. Бел-чырвона-белымі сьцягамі у гэтай выбарчай кампаніі аздобілі свае пікеты Тацяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька .

XS
SM
MD
LG