Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Караткевіч і Лябедзька ўсталі пад бел-чырвона-белы сьцяг?


Збор подпісаў да прэзыдэнцкіх выбараў. Менск.

Збор подпісаў да прэзыдэнцкіх выбараў. Менск.

На пікетах апазыцыйных кандыдатаў лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Чаму Тацяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька, не падкрэсьліваючы ў сваіх праграмах нацыянальныя моманты і маючы адмысловыя штандары сваіх арганізацыяў, узброілі сваіх пікетчыкаў нацыянальнай сымболікай?

Караткевіч: За мяне з чырвона-зялёным сьцягам? Проста супэр!

Вылучэнка ад ініцыятывы «Народны рэфэрэндум» кажа, што ў яе камандзе — людзі з рознымі поглядамі. Камусьці зь іх падабаецца гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», а хтосьці ўжо звыкся з сучасным чырвона-зялёным:

«У асноўным выбар сымболікі для пікетаў вызначае прыналежнасьць сябраў ініцыятыўнай групы да партыяў і арганізацыяў — на маіх пікетах шмат розных сьцягоў, я дазваляю людзям стаяць зь любой сымболікай, якую яны лічаць дарэчнай. Я — кааліцыйны кандыдат. Партыя БНФ, напрыклад, выстаўляе бел-чырвона-белыя сьцягі, чальцы БСДП „Грамада“ — сваю партыйную сымболіку, ёсьць і сьцягі зь лягатыпам кампаніі „Гавары праўду“. Яшчэ ёсьць беспартыйная моладзь, якая адзначае сябе бел-чырвона-белымі сьцягамі, нацыянальнымі стужкамі, значкамі, вышыванкамі — карацей, хочуць быць адметнымі».

Тацяна Караткевіч лічыць пазытывам тое, што бел-чырвона-белы сьцяг бачны на яе пікетах.

«Людзі адразу ацэньваюць, што я за кандыдат, адразу арыентуюцца. Але бывае і наадварот: у Гародні прыйшоў на пікет мужчына, сказаў, што падтрымлівае мяне, падпісаўся і прапанаваў выставіць яшчэ і чырвона-зялёныя сьцягі з арнамэнтам. Я сказала: „Калі ласка, далучайцеся да нашых пікетаў са сваім сьцягам, будзе супэр!“. І такія людзі ёсьць, якія падтрымліваюць ідэі „Народнага рэфэрэндуму“ і вылучэньне Тацяны Караткевіч, але схіляюцца да сучаснага афіцыйнага сьцяга».

Лябедзька: Прыхільнікаў пераменаў пазнаюць па бел-чырвона-белым сьцягу

Лідэр АГП кажа, што сябры ягонай ініцыятыўнай групы пачалі выкарыстоўваць пры зборы подпісаў нацыянальную сымболіку, калі стала зразумела, што ўлады ня будуць чыніць перашкодаў пікетчыкам. Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» — гэта лягічна і гарманічна для Беларусі, лічыць Анатоль Лябедзька:

«Я той кандыдат, які як дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня мае гонар мець непасрэдныя адносіны да таго, што бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ сталі дзяржаўнымі. У мяне былі палітычныя памылкі, але ў мяне заўсёды былі прынцыповыя погляды і перакананьні, якіх я прытрымліваюся ўсё сваё жыцьцё. Я шчыра веру — бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ ня толькі будуць нацыянальнай сымболікай, а стануць дзяржаўнай. Таму што гісторыя Беларусі пачынаецца ня зь першай прэзыдэнцкай кампаніі і нават не зь Вялікай Айчыннай вайны. Таму бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“ — гэта лягічна і гарманічна для Беларусі».

Анатоль Лябедзька кажа, што бел-чырвона-белы сьцяг — непасрэдны атрыбут прыхільніка пераменаў, таму лічыць мэтазгодным яго выкарыстаньне на пікетах па зборы подпісаў за кандыдата ад АГП:

«Наша тактыка такая: мы робім столькі крокаў, колькі нам дазваляюць абставіны. І калі можна выкарыстаць нацыянальную сымболіку, то мы гэта, безумоўна, робім. Рэакцыя ў людзей розная. Але мы дзеля гэтага і пайшлі ў кампанію — каб размаўляць зь людзьмі, дыскутаваць, пераконваць і адстойваць сваю пазыцыю. Сьцяг прыцягвае — гэта жывыя колеры, якія зьвяртаюць на сябе ўвагу. Разам з тым мы выкарыстоўваем і партыйныя штандары. Мы будзем выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сьцягі і далей. Трэба, каб прыхільнікі пераменаў былі пазнавальнымі. А прыхільнікаў пераменаў я бачу пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гербам „Пагоня“. Калі гэта выклікае дыскусію, будзем дыскутаваць, калі выклікае цікавасьць, будзем яе падтрымліваць. Магу адзначыць, што хоць выбарчая кампанія не выклікае агулам шмат увагі з боку грамадзтва, наш удзел, наша пасланьне і нашы пікеты зьяўляюцца прыцягальнымі. А гэта вялікі плюс».

Геральдыст: Хай сьцягі вісяць, абы іх не запаскудзілі

Знакаміты беларускі гісторык-геральдыст Анатоль Цітоў кажа, што калі палітык бярэ на ўзбраеньне пэўны сымбаль, то становіцца прапагандыстам пэўных ідэяў, якія ў ім закладзеныя. Што да сучаснай выбарчай кампаніі, то Анатоль Цітоў лічыць — Анатоль Лябедзька і Тацяна Караткевіч выступаюць за парлямэнцкую рэспубліку, якой была Беларусь у часы, калі бел-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным:

«Бел-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным сьцягам. Значыць, тыя, хто яго выкарыстоўвае цяпер, выступаюць за ідэі, якія былі скасаваныя ў першай палове 90-х гадоў. Напрыклад, за парлямэнцкую рэспубліку. Хай выкарыстоўваюць, галоўнае — каб не запаскудзілі. У выкарыстаньні бел-чырвона-белага сьцяга ніякага крыміналу, пакараць за такое няможна. Тым больш што герб „Пагоня“ ўключаны ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў».

XS
SM
MD
LG