Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры фэсты на прыродзе, куды можна паехаць на гэтыя выходныя


Спораўскі заказьнік, Лепельскае возера, Моталь і Мірскі замак — на бліжэйшых выходных праходзіць ажно чатыры фэсты. Дзе лепш ратавацца ад жнівеньскай сьпёкі — чытайце й вырашайце.

Чэмпіянат па касьбе і футбол на балоце

Што: экалягічны фэст «Спораўскія сенакосы»

Дзе: вёска Высокае Бярозаўскага раёну, 258 км ад Менску

Калі: 8 жніўня а 10.30

Кошт: уваход бясплатны

Дзясяты раз каля вёскі Высокае Бярозаўскага раёну пройдзе адзіны ў краіне чэмпіянат па касьбе. Каманды з двух чалавек на хуткасьць выкошваюць паласу даўжынёй 100 мэтраў і шырынёй 3 мэтры. Сёлета на чэмпіянаце чакаюць каманды з шасьці краінаў.

Другі ўжо раз падчас фэстывалю зладзяць «Футбол на балоце». Можна будзе палазіць па экалягічнай вяровачнай сьцяжыне, пагуляць па балоце, паназіраць з вышак за птушкамі, набыць сувэніры ад рамесьнікаў. Ежу й пітво забясьпечыць выязны гандаль. Для дзяцей будзе інтэрактыўная пляцоўка. Завершыцца фэст канцэртам фальклёрных выканаўцаў.

Гэтым разам фэст мае і адукацыйную частку: у Высокім пройдзе форум праектаў, якія фінансава падтрымліваюцца Эўрапейскім Зьвязам.

Экафэст праводзіцца, каб прыцягнуць увагу да заказьніка «Спораўскі» — аднаго з найбуйнейшых нізінных балотаў Палесься, якія захаваліся ў натуральным стане. Плошча ўсяго заказьніка, які падзяляюць між сабой чатыры раёны, — 19 384 га.

Хто ў Мотолі бувае, той ёго ны забувае!

Што: кулінарны фэст «Мотальскія прысмакі»

Дзе: мястэчка Моталь Іванаўскага раёну, 269 км ад Менску

Калі: 8 жніўня а 13.00

Кошт: уваход бясплатны

Літаральна за 60 км ад вёскі Высокае таксама ў суботу праходзіць яшчэ адзін традыцыйны фэст — «Мотальскія прысмакі». Фактычна ён пачнецца яшчэ ў пятніцу 7 жніўня, калі пройдзе круглы стол па гастранамічным турызьме, экскурсія па анімацыйных праграмах музэя народнай творчасьці і тэатралізаванае прадстаўленьне «Мотальскі бал».

У суботу ж — асноўныя падзеі: тэатралізаванае шэсьце, прагляд-дэгустацыя, раённы этап сельскагаспадарчага конкурсу «Валадар сяла». У гандлёвых радах прапануюць ежу і вырабы рамесьнікаў. Ад 17-й і да першай гадзіны ўначы будзе сьвяточна-забаўляльная праграма «Хто ў «Мотолі бувае, той ёго ны забувае!» і канцэртна-лазэрнае шоў.

Моталь — трэцяя па колькасьці насельніцтва вёска ў Беларусі, тут жыве 4,5 тысячы чалавек. Яна цалкам захавала рысы тыповага мястэчка, дзе людзі жывуць ня зь сельскай гаспадаркі, а з вытворчасьці й гандлю.

Самы вядомы мотальскі прадукт яшчэ з 1930-х гадоў — каўбасы. Сёньня ў мястэчку тры каўбасныя прадпрыемствы. І толькі адно зь іх дзяржаўнае.

Таксама Моталь вядомы як радзіма першага прэзыдэнта Ізраіля — Хаіма Вейцмана. У цэнтры мястэчка захавалася ягоная родная хата, дарогу да якой пакажа кожны мясцовы.

Катаньне на 30-мэтровай драўлянай ладзьдзі каля лепельскага цмока

Што: міжнародны фэст міталёгіі «У госьці да лепельскага Цмока»

Дзе: горад Лепель, 160 км ад Менску

Калі: 8 жніўня аб 11.00

Кошт: уваход бясплатны

Лепель асвойваецца з статусам сталіцы Цмокаў. Сёлета тут праходзіць другі фэст міталёгіі, куды прыедуць удзельнікі зь Літвы, Латвіі, Расеі, Славакіі і Кітаю. Арганізатары спадзяюцца, што Лепельскае возера можа стаць беларускім Лох-Нэсам.

Фэст пройдзе ў гарадзкім парку на беразе возера, дзе ў 2013 годзе паставілі помнік Цмоку. Гарадзкі парк будзе падзелены на сем тэматычных зонаў.

У «магічным яры», напрыклад, будуць вучыць старажытным практыкам размоў з духамі прыроды, абрадавым песьням і танцам. На «кулінарнай высьпе» можна будзе паспытаць беларускую, расейскую і літоўскую нацыянальныя кухні (ад 15 тысяч рублёў за страву). Астатнія зоны — танцавальная, рамесьніцкая, дзіцячая, турыстычная й музычная.

Склад музыкаў варты асобнага фэсту: у Лепель прыедуць Алесь Камоцкі, Зьміцер Вайцюшкевіч, «Стары Ольса», Naka, «Рокаш», Vuraj і літоўцы «Trio de Vilna».

Таксама тут можна будзе паўдзельнічаць у квэст-гульні «У пошуках скарбаў Цмока». А самай цікавай атракцыяй мае стаць катаньне па Лепельскім возеры на ладзьдзі на 30 месцаў.

Шмат украінцаў, «Нагуаль» і Ніно Катамадзэ пад Мірскім замкам

Што: міжнародны музычны фэст «Mirum Music Fest»

Дзе: мястэчка Мір Карэліцкага раёну, 86 км ад Менску

Калі: 8 жніўня а 15.00

Кошт: 385 тысяч рублёў

Чацьвёрты раз каля Мірскага замку пройдзе музычны фэстываль «Mirum», што з лаціны перакладаецца як «цудоўнае». На дзьвюх сцэнах каля замку ад 15-й гадзіны і да 6-й раніцы будуць граць фолькавыя і электронныя гурты зь Беларусі, Украіны, Літвы, Грузіі й Расеі.

Самыя вядомыя выступоўцы ад Беларусі — «Нагуаль» і «Šuma». З Расеі прыяжджае гурт «Наадя», а з Украіны — цэлы дэсант на чале з электронным праектам «Onuka». Хэдлайнэрам, як і летась, выступіць грузінская сьпявачка Ніно Катамадзэ.

Ад 22-й гадзіны будзе працаваць другая сцэна — на тэрасе кавярні «Mirum», тут дыджэі будуць граць да самай раніцы. Апошні сэт — з 4 да 6 раніцы.

Раней квіткі можна было набыць за 270 тысяч рублёў, але за дзень да фэсту яны каштуюць ужо 385 тысяч.

У кемпінг-гарадку можна будзе бясплатна паставіць намёт. Таксама можна прыпыніцца ў інтэрнаце мастацкай вучэльні, мясцовым гатэлі ці ў віп-апартамэнтах у самім замку.

Як пішуць арганізатары на сайце фэсту, на тэрыторыі мерапрыемства будуць разьмешчаны палаткі выязнога гандлю і кафэ-бар зь летняй тэрасай, кухняй і барам: халодны махіта, беларускі квас і гарачая ежа заўсёды будуць за 20 мэтраў ад вас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG