Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моталь


Ягор Маёрчык, Моталь

70-гадовая рыбачка Любоў Данілевіч стаіць на пяску. У гады ейнага маленства на гэтым месцы было возера. Яно амаль даходзіла да сялянскіх хатаў. А цяпер чаўны ляжаць у полі. Пасьля таго, як навакольныя балоты асушылі, вада адступіла на дзясяткі мэтраў.

(Данілевіч: ) "Вось, што з нашым возерам сталася, галубок. Бачыш? Ня чысьцяць гэтае возера, высахло яно, зарасло. Ой! Яшчэ два гады таму хадзіла я на рыбалку. Сама лавіла. А ўжо цяпер не хаджу".

(Карэспандэнт: ) "Шмат было жанчынаў, якія рыбу лавілі?"

(Данілевіч: ) "Ды ўвесь Моталь лавіў. Няма калі мужыку ісьці на тую рыбалку, дык жанчына хадзіла. Як на валачок, дык зьбіраліся ўтрох: двое цягнуць, адна заганяе".

(Карэспандэнт: ) "У мужчынаў пасьля робіцца юшка. Пяцьдзясят грамаў выпіваецца. А як гэта ў жанчынаў? Жаночая рыбалка, чым яна суправаджаецца?"

(Данілевіч: ) "У жанчынаў такога няма, каб яны сто грам пілі. Наловяць, звараць ухі, паядзяць. Ды й усё. Мы не зьбіраліся так, каб была нейкая выпіўка. Жанчыны гэтага не хочуць (сьмяецца)”.

Яшчэ трыццаць гадоў таму ў Моталь можна было дабрацца толькі па вадзе: на кілямэтры навокал былі балоты, вёска стаяла на высьпе. Цяпер сюды вядзе асфальтаваная дарога. Паселішча гэтае немаленькае – дзьве тысячы двароў, пяць тысячаў жыхароў. Каб хутчэй перасоўвацца, наймаю самаход. Можаце ўявіць ступень майго зьдзіўленьня, калі я пабачыў новенькую шыкоўную машыну, а побач зь ёй – спадарыню сталага веку. Мая кіроўца Ганна Мінюк – першая на Берасьцейшчыне кабета, якая села за руль аўтамабіля.

(Мінюк: ) "Кірую ўжо 35 год. Пачынала на "Масквічу", а цяпер – "Nissan Sunny".

(Карэспандэнт: ) "А на якіх хуткасьцях вы звычайна есьдзіце?"

(Мінюк: ) "Ўй! Хутка ежджу. (сьмяецца) Сотня, сто дваццаць”.

(Карэспандэнт: ) "Есьць процьма анэкдотаў на тэму "жанчына за рулём". Колькі праўды ёсьць у гэтых гісторыях?"

(Мінюк: ) "Я бы сказала, што гэтыя анэкдоты так сабе. Яны не пра мяне. Ніхто ніколі не сказаў, што пачуваецца дрэнна. Усім добра побач са мною”.

Я пачынаю знаёміцца з Моталем. Сьпярша, як кажуць, па вядомых адрэсах: кажухі, рушнікі, каўбасы.

Вось табе й на – першы сюрпрыз: традыцыйнае верхняе беларускае адзеньне. Зося Насульчык шыла яго цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Цяпер рамяство літаральна гіне на вачах.

(Карэспандэнт: ) "Цяпер кажухі шыюць?"

(Насульчык: ) "Шыюць, але рэдка. Старыя, тыя што шылі надта, ужо паўміралі. А маладыя не шыюць. Купцы да нас ехалі й ехалі! Можа год дзесяць так было. А цяпер ужо ніхто не езьдзіць купляць. Мода прайшла. У мяне ў самой ёсьць кажух. І я яго не магу прадаць. Я бы яго за 70 тысячаў аддала бы, каб хто толькі даў. Але ніхто не дае”.

Другая нечаканасьць: рушнікі. Раней іх ткалі ледзь ня ў кожнай хаце. Сёньня, вобразна кажучы, праз адну.

Я ў гасьцях у Марыі Замчылы. Яна – самая прафэсійная ткачыха ў вёсцы. Са сваіх васьмідзесяці трох гадоў амаль 65 штодня сядзіць за ткацкім станком.

(Зямчыла: ) "Нясуць жанчыны да мяне, а я раблю гэта: сурвэткі, дарожкі, палавікі – што замаўляюць, тое я й раблю”.

(Карэспандэнт: ) "І ўсё жыцьцё так працавалі?"

(Зямчыла: ) "Так. Але некалі ў калгас хадзіла”.

(Карэспандэнт: ) "А дзе лепей: за станком ці ў калгасе?"

(Зямчыла: ) "(сьмяецца) Дзе плацяць лепей, там лепей і працаваць. З гэтага можна лепей зарабіць, чым у калгасе. Колькі я рабіла! Дык што я зарабіла? 60 тысячаў – гэта ж не пэнсія! З гэтай пэнсіі трэба на ўсё. Дык вось рашыла яшчэ гэтым падпрацаваць”.

(Карэспандэнт: ) "Колькі можна сткаць да дзень?"

(Зямчыла: ) "Каб сткаць гэты абрус, мне трэба працаваць 5 дзён”.

(Карэспандэнт: ) "А колькі такое каштуе?"

(Зямчыла: ) "За адзін абрус 15 тысячаў бяру”.

(Карэспандэнт: ) "А што так танна?"

(Зямчыла: ) "Бо больш нельга браць з людзей! Людзей шкада!"

Выставы мотальскіх рушнікоў рабіліся ў 20-ці краінах сьвету. За межамі Беларусі яны каштуюць прыкладна 50 даляраў ЗША. Дорага, бо такія арнамэнты нідзе болей не сустракаюцца. Традыцыйныя для беларусаў колеры – белы, чырвоны й чорны – утвараюць такую стракатасьць, што адмыслоўцы доўгі час прымалі тканыя карункі за вышыванку.

Вось тут я мушу зрабіць маленькую гістарычную даведку. Усё пачалося з каралевы Боны, якія запрасіла ў свае ўладаньні ткачоў з Італіі. Іхныя прозьвішчы былі: Палта, Кульбеда, Кузюр. Яны дзівілі усіх арнамэнтамі ў 23 рознакаляровыя ніці.

Колькі мясцовыя майстры ні намагаліся разгадаць сакрэт іншаземцаў, нічога не атрымалася. Але празь перайманьне матыляне выпрацавалі свой арыгінальны стыль.

Легенды пра італьянскіх ткачоў і дагэтуль можна пачуць ў вёсцы. Тут жа жыве восьмае пакаленьне іхных нашчадкаў. Я завітаў да Соф'і Румак.

(Румак: ) "Маці казала, што аднекуль прыехалі з Італіі. Я ўсё жыцьцё ганарылася, што ў мяне такое пакаленьне”.

(Карэспандэнт: ) "Вы сябе адчуваеце італьянкай?"

(Румак: ) "Нікім я сябе не адчуваю, бо я тут нарадзілася”.

(Карэспандэнт: ) "Як жывецца нашчадкам італьянцаў у Беларусі?"

(Румак: ) "Ну, у нашым жыцьці, вядома, лёгкага няма. Я дзякую Богу й Лукашэнку – усім, што далі нам добрае жыцьцё. Калі заходзіш у краму, ня ведаеш, на што там глядзець. Толькі б былі грошы! Я задаволеная-раззадаволеная!"

(Карэспандэнт: ) "А ў Італію хацелася б зьезьдзіць?"

(Румак: ) "Хацелася б, вядома!"

А цяпер пра знакамітыя мотальскія каўбасы. У вёсцы два цахі – дзяржаўны і прыватны – адбодва, кіруючыся рэцэптамі 19-га стагодзьдзя, прадукуюць па 60 гатункаў гэтага смакоцьця. Аднак прадстаўнікі як аднаго, так і другога прадпрыемства ў інтэрвію адмовілі. Баяцца залішняе ўвагі з боку катрольных службаў. А прыватным чынам паведамілі, што ў параўнаньні з тутэйшым калгасам "40 год Кастрычніку" іхные справы выглядаюць вельмі нават і няблага. Але, як і ва ўсіх, ў каўбасьнікаў хапае праблемаў: вялікія падаткі, зьніжэньне попыту на прадукцыю, жорсткая канкурэнцыя.

Між іншым зазначу, што ў Моталі няма людзей з апазыцыйнымі поглядамі. З палітычных дзеячоў першым чынам называюць Аляксандра Лукашэнку. А пра дэмакратычныя партыі маюць цьмянае ўяўленьне. А пра маючыя адбыцца на лета выбары ў мясцовыя саветы – увогуле чуюць упершыню.

Дык вось, у вёсцы пакрысе ўзьнікае апазыцыя эканамічная. Каўбасьнікі прызнаюцца, што іхнае становішча палепшыцца разам са зьмяненьнем стаўленьня да прыватнага бізнэсу. Спадзяваньняў на цяперашніх чыноўнікаў няма.

Яшчэ адно гістарычнае адступленьне. Паводле адной з вэрсіяў, вёску заснаваў габрэй Мотла, які прыехаў сюды й навучыў мясцовае насельніцтва рамёствам. Сёньня габрэяў у вёсцы няма. Але тутэйшыя жыхары захавалі добрае стаўленьне да іх. Моталь ў даўгу не застаўся й адзьдзячыў першым прызыдэнтам Ізраілю Хаймам Вэйцманам, які тут нарадзіўся 128 год таму. Дом ягоных бацькоў некалі знаходзіўся ў цэнтры вёскі. Пасьля яго перасунулі на ўскраек.

Цяпер я стаю перад гэтай будынінай. Адрэса – Банны завулак 1. Сёньня тут з сям'ёй жыве Ніна Пташыц.
(Карэспандэнт: ) "Гэта хата, ў якой некалі нарадзіўся Вэйцман. Вы што-небудзь пра гэта ведаеце?”

(Пташыц: ) "Толькі гэта й ведаю. Больш распавесьці не магу, бо я сам тут нядоўга жыву”.

(Карэспандэнт: ) "Адкуль вы ведаеце, што гэта хата Вэйцманаў?"

(Пташыц: ) "Паводле таго ведаю, як сюды прыводзілі экскурсіі паказваць наш дом. Прыяжджаў сюды віцэ-прэм'ер Арыель Шомэр і пляменьніца гэтага, Вэйцмана. Заходзілі ў хату. Глядзелі. Іх уразіла тое, што дом не разбураны да такой ступені, як яны баяліся,. І нават казалі, што можна было б на доме зрабіць мэмарыяльную шыльду”.

(Карэспандэнт: ) "А вы бы не супраць былі?"

(Пташыц: ) "Мы да гэтага так вось адразу не гатовыя”.

Маё падарожжа па Мотылю амаль скончанае. На разьвітаньне я вырашыў зайсьці ў тутэйшы музэй народнай творчасьці, які можа пахваліцца калекцыяй у 27 тысячаў экспанатаў. А вось чыноўнікі Іванаўскага райвыканкаму ганарацца тым, што сёлета "за высокія творчыя дасягненьні ў музэйнай справе" ўстанова атрымала ганаровы дыплём і прэмію з рук Аляксандра Лукашэнкі.

Па музэйных залях мяне водзіць дырэктарка Вольга Мацукевіч. Ад гісторыі й традыцыяў скіроўваю размову на сёньняшнія актуаліі.

(Карэспандэнт: ) "Як зьмянілася жыцьцё Мотальскага музэю пасьля таго, як вы атрымалі ганаровую грамату ад Аляксандра Лукашэнкі?"

(Мацукевіч: ) "Ну, я бы не сказала, што зьмянілася. Бракуе, вядома, грошай. Каб мне далі тры мільярды, я бы іх ухлопала за месяц”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам абяцаюць?”

(Мацукевіч: ) "Увогуле нічога не абяцаюць, хаця я штогод даю заяўкі”.

(Карэспандэнт: ) "Вось гэты дыплём, ён дзе цяпер захоўваецца?"

(Мацукевіч: ) "Вісіць у нас”.

(Карэспандэнт: ) “Стаў экспанатам?”

(Мацукевіч: ) "Вядома”.

Цікавае ўражаньне пакідае ў вандроўніка Моталь. Тутэйшая аўтэнтычнасьць адчуваецца на кожным кроку. Ня проста так гэтую вёску ў Іванаўскім раёне называюць асобнай дзяржавай, а насельнікаў – самастойнай нацыяй. Зь іншага боку, старажытныя традыцыі пакрысе перасяляюцца зь вясковых хатаў у Музэй.
XS
SM
MD
LG