Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі прапануюць стварыць у Вушачах музэй Рыгора Барадуліна


— Хіба гэта зноў дзядзька Рыгор да нас прыехаў? — пытаецца вушацкі мінак, зазіраючы за плот барадулінскай хаты. І, трохі зьніякавеўшы пад зьдзіўленымі позіркамі незнаёмых людзей на падворку, працягвае:

— Але ж хіба ён жывы?

Хата Рыгора Барадуліна ў Вушачах гэтымі днямі сапраўды ажыла. Тут з ласкавага дазволу ўдавы паэта Валянціны Міхайлаўны пасяліліся мастакі. 30 ліпеня на малой радзіме славутага паэта распачаўся мастацкі пленэр. Яго ладзіць Ада Райчонак, кіраўніца Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча — грамадзкай арганізацыі, якую яна заснавала з паплечнікамі ў 1995 годзе. Жывучы ў вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёну, Ада Эльеўна арганізавала на Віцебшчыне пад два дзясяткі мастацкіх пленэраў — у мясьцінах, зьвязаных з імёнамі найбольш вядомых землякоў: Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна.

Мастацкі пленэр, прысьвечаны Рыгору Барадуліну, праходзіць ужо другі раз. Першы адбыўся яшчэ пры жыцьці дзядзькі Рыгора, у 2009 годзе. Мастакі тады жылі ў Бычках, роднай вёсцы Васіля Быкава, і прыяжджалі ў Вушачы, каб сустрэцца з Барадуліным. А гэтым разам мастакі сабраліся ўжо ў памяць беларускага клясыка. Хоць для кагосьці са старэйшага пакаленьня ён быў проста сябрам ці добрым знаёмцам. І на самым пачатку пленэра першае, што супольна зрабілі мастакі, — гэта наведалі магілу Рыгора Барадуліна на тутэйшых могілках, дзе, згодна са сваім запаветам, ён быў пахаваны побач з мамай, Акулінай Андрэеўнай.

На вушацкіх могілках

На вушацкіх могілках

«У нас кожны дзень прысьвечаны дзядзьку Рыгору. Мастакі ўдзень малююць, а ўвечары мы зьбіраемся разам, праз кампутар глядзім фільмы або перадачы пра Рыгора Барадуліна. Быў у нас і вечар беларускай песьні — дзядзька Рыгор любіў жа і сьпяваць, і іншых паслухаць», — апавядае Ада Райчонак.

А самі мастакі гавораць пра натхненьне, якое дораць ім гэтыя мясьціны. Мастак Алесь Марачкін, прыкладам, стварае незвычайную сэрыю карцін:

«Гэтыя фантастычныя кветкі — прысьвячэньне Барадуліну. Насамрэч яны не існуюць у прыродзе, але ў мяне — ужо існуюць. Вось гэтая кветка — сутыкненьне вады і агню. Учора глядзелі пра яго фільм, дзе Барадулін кажа, што „агонь трэба прыручыць“. Яшчэ не закончаная праца. І вось тут відаць стыхія агню.Вось гэтую працу я яшчэ аніяк не назваў, але яна амаль гатовая. А ўсяго карцін будзе каля 12».

Фантастычныя кветкі Алеся Марачкіна

Фантастычныя кветкі Алеся Марачкіна

Алеся Марачкіна давялося засьпець у «майстэрні» — вядома ж, імправізаванай. Пад майстэрню, а заадно і «сховішча», прыстасавалі хляўчук на барадулінскім падворку.

Мастак Васіль Пяшкун, прадстаўнік маладзейшага пакаленьня, але ўжо вядомы майстар краявідаў, дзеліцца сваімі творчымі плянамі:

«Мяне запрасілі на гэты пленэр, у мясьціны, дзе жыў Барадулін, і гэта вельмі важна для мастака — пабываць „у намоленых мясьцінах“, як пра іх кажуць. Вельмі важна адчуць стан душы іншага чалавека, тым болей — такога выдатнага паэта. І я спрабую ў сваіх карцінах перадаць лірычнасьць гэтага краю. Наколькі гэта атрымліваецца — будзе бачна па маіх працах, але я дужа стараюся. А яшчэ тут у нас „культурная праграма“ — мы глядзім фільмы пра Барадуліна і шмат размаўляем пра яго. Праца, добры адпачынак, барадулінскія вершы — усё гэта адлюстроўваецца ў нашых творах. Яны яркія, вясёлыя».

Васіль Пяшкун

Васіль Пяшкун

Васіль Пяшкун прыехаў у барадулінскія мясьціны разам з дачкой-школьніцай. Маша — амаль заўсёдная наведніца летніх пленэраў, а зь нядаўняга часу яшчэ й удзельніца — працуе побач з дарослымі мастакамі. Ёсьць магчымасьць атрымаць добрую параду. І, вядома, цікава пабываць у мясьцінах, пра якія чытала ў школьных падручніках па беларускай літаратуры.

Маша Пяшкун

Маша Пяшкун

Апрача мастакоў, на пленэр прыехалі маладыя скульптары, якія толькі-толькі скончылі першы курс Акадэміі мастацтваў, — Элеанора Данусевіч і Яўген Маглыш. Далучыўся і вядомы фатамайстар Георгі Ліхтаровіч. Ён кажа, што ня толькі фатаграфуе, але й дасьледуе гэтыя мясьціны:

Працуюць скульптары-разьбяры

Працуюць скульптары-разьбяры

«Я тут натхняюся — ежджу па навакольлі. Пабываў у вёсцы Ксты — гэтаксама называецца кніга Рыгора Барадуліна. Праехаўся па мясьцінах, якія зьвязаныя з жыцьцём ці ўспамінамі дзядзькі Рыгора. На жаль, вёскі гэтыя ўжо пазьнікалі, нават дарогі да іх пазарасталі».

Каб памяць пра Рыгора Барадуліна не зьнікала і не зарастала быльлём, мастакі ня проста выкарыстоўваюць падворак ягонай хаты як пляцоўку пад намёты або месца для творчасьці ў зацені яблыневага саду. Яны пакасілі траву, падрамантавалі хляўчук, вывесілі сушыцца дываны з хаты, у якую дзядзька Рыгор ужо й не прыяжджаў апошнімі гадамі, бо не дазваляла здароўе. Частка мастакоў пасялілася ў хаце — хто ў вялікім агульным пакоі, хто ў малым пакойчыку на паддашку. Самыя адданыя аматары прыроднага адпачынку расставілі намёты ў садзе. Абед і вячэра — супольныя.

Мастакі на гэты пленэр сабраліся зь Менску, Віцебску, Полацку, Верхнядзьвінску, Лепеля. Галоўная мэта — навучыцца аднаму ад аднаго і пакінуць творчы ўспамін пра мясьціны, дарагія Рыгору Барадуліну.

Малюе Аляксандар Саўчанка, мастак зь Лепеля.

Малюе Аляксандар Саўчанка, мастак зь Лепеля.

Пленэр можна лічыць нават міжнародным — разам зь беларусамі працуе выпускнік Акадэміі мастацтваў кітаец Шао Сян. Ён прыехаў у Беларусь колькі год таму, але ўжо амаль без памылак размаўляе па-расейску, выдатна разумее беларускую мову і таксама спрабуе размаўляць. «Гэта ў зьмяі — язык, а ў чалавека — мова», — Сян амаль даслоўна цытуе словы Ўладзімера Караткевіча. І дзівіцца моўнай сытуацыі ў Беларусі:

«Каб у Кітаі чалавек не размаўляў або ня ведаў кітайскай мовы — гэта неверагодна! А тут так ёсьць. Сорамна ня ведаць сваю мову! Можна яе хваліць ці не хваліць, але ведаць трэба! Маё прозьвішча і імя перакладаецца з кітайскай „малады лётчык“. Можа, некалі я буду лятаць, але пакуль я вырашыў пабыць мастаком. Малюю гэтую прыроду, спрабую падабраць такую тэхніку, каб перадаць беларускае хараство».

Шао Сян малюе партрэт Ады Райчонак і марыць уголас — пра тое, што скончыць тут магістратуру, потым асьпірантуру, што запросіць у Кітай пагасьцяваць Аду Эльеўну. А яна дадае, што Сян абяцаў, вярнуўшыся ў Кітай, прывозіць на экскурсіі ў Беларусь сваіх будучых вучняў.

Малюе Шао Сян

Малюе Шао Сян

Пакуль што ён выхоўвае вучняў — беларусаў зь мясцовай вушацкай школы. Спачатку яны дзівіліся на мастакоў здалёк, потым пачалі падыходзіць і раіць, што можна намаляваць — маўляў, у нас во тут прыгожыя масткі, а тут во касьцёл. Мастакі жартуюць, але часам прыслухоўваюцца да парадаў.

Ствараецца вушацкі краявід

Ствараецца вушацкі краявід

Урэшце ў «летнік» мастакоў прыйшоў на экскурсію школьны летнік. Тут і заняліся выхаваньнем: спачатку дзеці размаўлялі выключна па-расейску і дзівіліся кожнаму беларускаму слову, сказанаму дарослымі, прычым не настаўнікамі роднай мовы, а тымі, хто ёю карыстаецца ў звычайным побыце. Нарэшце пытаньні да мастакоў загучалі і па-беларуску.

«Сорамна ня ведаць роднай мовы!»

«Сорамна ня ведаць роднай мовы!»

Майстар-кляс ад Алеся Марачкіна

Майстар-кляс ад Алеся Марачкіна

«Дарэчы, Рыгора ў вушацкую школу ня дужа запрашалі, асабліва як афіцыйна пачалі называць яго „бээнэфаўцам“. Вось у клюбе дык ён выступаў часта. З суседзямі заўжды сябраваў, яго тут добра памятаюць», — згадвае Валянціна Міхайлаўна Барадуліна.

Гаспадыня хаты — заўжды побач з мастакамі, з кніжкай, у фатэлі, назірае, як ствараюцца карціны. Вушацкую школу адсюль за буйной зелянінай садоў не відаць, хоць яна літаральна за некалькі хат, на ўзгорку. І вуліца, на якой стаіць хата Барадуліных, называецца Школьнай.

Вушачы Вуліца і школа, якім так і не надалі імя Барадуліна

Вушачы Вуліца і школа, якім так і не надалі імя Барадуліна

Хата Рыгора Барадуліна са штандарам пленэру

Хата Рыгора Барадуліна са штандарам пленэру

Роўна год таму, у ліпені, на сайце Віцебскага аблвыканкаму зьявілася паведамленьне, што вуліцу пераймянуюць, а школу назавуць у гонар Рыгора Барадуліна. Маўляў, працы па перайменаваньні вуліцы ўжо вядуцца, і калектыў школы на настаўніцкім сходзе ўхваліў гэтую ідэю. Дырэктар школы Віталь Клімашэўскі год таму нават не сумняваўся: маўляў, Барадуліна тут усе ведалі, «будзе ў нас новая шыльда, дзе напішам, што наша ўстанова адукацыі — імя Рыгора Барадуліна». Перайменаваньне вуліцы ўхвалялі і суседзі Барадуліных, і іншыя жыхары Вушачаў.

Актывісты грамадзкай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» ўжо нават пасьпелі падзякаваць уладам за падтрымку іхнай прапановы, выказанай разам з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў.

Аднак ні школе, ні вуліцы імя Рыгора Барадуліна дагэтуль не надалі. І нават само абяцаньне з сайта аблвыканкаму зьнікла. Журналісты пыталіся: што ж такое здарылася? І атрымалі з Вушацкага райвыканкаму афіцыйны адказ зусім іншага зьместу — што пытаньне пра перайменаваньне вуліцы ўсё яшчэ «разглядаецца». А настаўнікі, паводле зьвестак чыноўнікаў, не пагадзіліся, каб школа насіла імя Барадуліна, бо «гэтую ўстанову скончыла шмат вядомых і таленавітых людзей».

Вушацкі райвыканкам, гаворыцца ў лісьце, прыкладае значныя намаганьні дзеля ўшанаваньня памяці Рыгора Барадуліна — ладзяцца літаратурныя імпрэзы, паэту прысьвечана частка экспазыцыі ў музэі народнай славы імя Ўладзімера Лабанка.

Уладзімер Лабанок, чыё імя носіць вушацкі музэй — Герой Савецкага Саюзу, які арганізаваў камуністычнае падпольле і быў партызанскім камандзірам. Ён родам з Пухавіцкага раёну, ваяваў на Віцебшчыне, і менавіта пад ягоным кіраўніцтвам партызанскія злучэньні вызвалілі Вушачы ад фашыстаў увосень 1942 году.

Безумоўна, Уладзімер Лабанок — выбітная асоба свайго часу. Але ж Вушаччына слаўная найперш сваімі літаратурнымі талентамі, разважаюць мастакі. Яны лічаць, што несправядліва, калі мэмарыяльны музэй Васіля Быкава — гэта філіял музэя Ўладзімера Лабанка. Варта задумацца й пра тое, кажуць мастакі, каб стварыць у Вушачах музэй Рыгора Барадуліна. Выказаную на пленэры ідэю Валянціна Барадуліна вітае:

Валянціна Барадуліна

Валянціна Барадуліна

«Мне дужа шкада гэтай хаты, якую так любіў Рыгор. Але я прадала б яе дзяржаве, хай за дужа невялікія грошы, каб тут зрабіць музэй Барадуліна. Хата прыходзіць у заняпад бяз добрага гаспадара, а я ўжо ня ў тым узросьце, каб забясьпечыць тут парадак. І жыву далёка — у Менску. Няхай бы на радзіме засталася памяць пра Рыгора — музэй у ягонай роднай хаце. Я пакіну для музэя ягоныя рэчы, толькі б сюды прыяжджалі людзі — як езьдзяць да Васіля Быкава, зь якім Рыгор добра сябраваў»...

Валянціна Міхайлаўна распавяла, што днямі сустрэла ў цэнтры Вушач старшыню райвыканкаму Віктара Родзіча. Той павітаўся, дай сваю візытоўку і запрасіў заходзіць, калі будуць нейкія пытаньні.

Запрашэньнем вырашылі скарыстацца — параіцца, як увасобіць у жыцьцё прапанову наконт мэмарыяльнага музэю ў хаце Рыгора Барадуліна. Патрэба ў гэтым відавочная, лічыць удзельніца пленэру, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў Сьвятлана Баранкоўская:

«Стварэньне такога музэю актуальнае, пакуль жывыя тыя, хто яго памятае, ягоныя родзічы, пакуль можна скарыстацца іхнымі ўспамінамі. Варта з гэтым пайсьці да ўладаў, бо і ўлады ня супраць таго, каб ушаноўваць памяць Рыгора Барадуліна. З перайменаваньнем вуліцы і школы, я мяркую, не атрымалася дагэтуль таму, што не было нейкага актывіста, „рухавіка“, які б увесь час уздымаў, актуалізаваў гэтае пытаньне. Трэба дамаўляцца, як зрабіць музэй у гэтай хаце — хто будзе ім кіраваць, хто будзе тут працаваць, як зладзіць перадачу экспанатаў. Вялікі дзякуй вушацкім уладам, калі яны разумеюць спэцыфіку рэгіёну: тут яшчэ з савецкіх часоў не было буйной прамысловасьці, Вушаччыну выкарыстоўвалі як курортную зону, і гэтую традыцыю можна працягваць. Завабліваць сюды турыстаў і паказваць ім тое, чым мы ганарымся. Есьць музэй Быкава, Броўкі, мэмарыяльны комплекс „Прарыў“, вушацкі музэй народнай славы. Але гэта ня так шмат кропак, каб прывабіць вялікую плынь турыстаў. Трэба вялікая раскрутка, і скарыстаць для яе варта імёны сусьветнага гучаньня — Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін. Менавіта літаратура вушацкага краю прагучала на ўвесь сьвет, і гэта магло б прывабіць турыстаў. Так што новы музэй — гэта ўжо неабходнасьць, нават эканамічная неабходнасьць для разьвіцьця рэгіёну!»

Сьвятлана Баранкоўская са сваімі карцінамі

Сьвятлана Баранкоўская са сваімі карцінамі

Адно каб ня выйшла з барадулінскім музэем так, як з музэем на лецішчы Васіля Быкава, непакоіцца спадарыня Сьвятлана. Музэй адкрылі ў Ждановічах да 90-годзьдзя народнага пісьменьніка. Не прайшло і году, як яго зачынілі на капітальны рамонт з дужа цьмянымі пэрспэктывамі.

Хата Рыгора Барадуліна таксама вымагае рамонту, перш чым можна будзе выкарыстоўваць яе пад музэй. Але ёсьць шмат ідэяў, як наладзіць экспазыцыйную дзейнасьць нават у цяперашніх умовах, працягвае Сьвятлана Баранкоўская:

«Вядома, тут незвычайныя мясьціны — кожнае дрэва „асьвенчана“ Рыгорам Барадуліным і ягонай маці... Вяз, які ў маленстве ён пасадзіў разам з бацькам і які „крануў галінкамі за плечы“, калі бацька паэта не вярнуўся з вайны. На ім шпакоўня, зробленая дзядзькам Рыгорам, але дрэва вырасла так высока, што яе ўжо нават не дастанеш, каб адрамантаваць... Або бярозка, пра якую дзядзька Рыгор казаў, што яна лечыць яму галаўны боль, і якую ён штораз абдымаў пры сустрэчы, прыяжджаючы сюды... Але пакуль тут ня вырашыцца пытаньне са стацыянарным музэем, можна зрабіць яго перасоўным. Каб разам з экспазыцыяй твораў нашых мастакоў па выставачных залях вандравалі аўтэнтычныя рэчы, якія належалі Барадуліну і засталіся ў гэтай хаце».

Прадметы інтэр’еру маглі б стаць экспанатамі

Прадметы інтэр’еру маглі б стаць экспанатамі

Калі востра паўстане грашовае пытаньне, можна абвясьціць збор ахвяраваньняў — і на тое, каб выкупіць хату, і на рамонт, і на экспазыцыю. Але раённыя ўлады абавязкова павінны падключыцца да гэтай справы і спрыяць ушанаваньню памяць славутага земляка.

Са свайго боку, мастакі абвяшчаюць пра свой першы ўнёсак у будучую экспазыцыю. Калі пленэр скончыцца і пройдзе першая, імправізаваная выстава для жыхароў Вушачаў — гэта старая пленэрная завядзёнка — некалькі лепшых карцін аўтары пакінуць для музэя Рыгора Барадуліна.

Творы ўжо чакаюць першай выставы

Творы ўжо чакаюць першай выставы

Цягам году пленэрныя працы мастакоў будуць удасканальвацца, а потым вандраваць — выставы пройдуць на Віцебшчыне і ў Менску. А на памяць пра сёлетні пленэр на падворку хаты Рыгора Барадуліна застанецца невялічкая дубовая алея. Першы малады дубок вырас сам — якраз на тым месцы, дзе паэт ставіў свой фатэль і глядзеў на вуліцу, на жыцьцё родных Вушачаў. Тут ён сустракаў гасьцей, адсюль вітаўся са знаёмымі-мінакамі... Астатнія дубочкі пасадзілі мастакі, дбайна паабгароджваўшы і не забываючы паліваць, каб прыжыліся.

Дубочкі зелянеюць — падобна, ім добра на гэтым падворку. «Яны спадабаліся дзядзьку Рыгору», — цалкам сур’ёзна кажуць мастакі. Кажуць з упэўненасьцю, што тут дагэтуль жыве душа паэта — хаця б яе часьцінка, бо Рыгор Барадулін, які дужа любіў родную Вушаччыну, ня мог проста так яе пакінуць.

XS
SM
MD
LG