Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра вуліцу імя Барадуліна землякам у Вушачах ніхто не паведаміў


Школьная вуліца, якую маюць пераназваць у імя Рыгора Барадуліна

Школьная вуліца, якую маюць пераназваць у імя Рыгора Барадуліна

На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкаму зьявілася паведамленьне, што ў адказ на прапанову шэрагу грамадзянаў у Вушачах будзе ўшанавана памяць Рыгора Барадуліна.

У прыватнасьці імя славутага паэта, які нарадзіўся ў Вушачах, будзе нададзена мясцовай школе, а Школьную вуліцу пераназавуць у вуліцу імя Рыгора Барадуліна.

Як паставіліся да перайменаваньня землякі, суседзі і знаёмыя дзядзькі Рыгора, які пакінуў гэты сьвет сёлета ў сакавіку і быў пахаваны, паводле ягонай уласнай волі, на вушацкіх могілках, пабач з маці, Акулінай Андрэеўнай?

Пра тое, што неўзабаве яны будуць жыць на вуліцы з новай назвай, насельнікі Школьнай вуліцы нічога ня ведалі. Надзея Валянцінаўна, што жыве ў доме № 3, у зьдзіўленьні гукае мужа:

«Во, мы ня чулі нават такога! Ты чуеш? Нашую вуліцу будуць пераймяноўваць у вуліцу Рыгора Барадуліна! Гэта дакумэнты ўсе перарабляць трэба?»

Алена Бялевуш, суседка

Алена Бялевуш, суседка

Спадар ставіцца да гэтай акалічнасьці спакойна:

«Ну няхай так! Усё зьбярэм паціхеньку, нічога. Трэба, гэта ж зямляк, ва ўсіх мясьцінах землякоў шануюць, а ў нас такіх вуліц і не было ніколі. Не, імя Петруся Броўкі ёсьць. А вось імя Быкава — няма. Раз землякі — дык няхай былі б!»

Сусед Васіль Бялевуш

Сусед Васіль Бялевуш

«Трэба неяк увекавечыць, ён жа зямляк, жыў тут, яго ведалі. Калі мы карову трымалі, дык ён малако ў нас браў. І гаспадыню ягоную ўсе ведаюць: яна ж тут і па крамах, і па горадзе хадзіла... І ён у нашым шпіталі разы два лекаваўся, калі яму кепска было. А так, калі ўжо слабое здароўе ў яго стала, дык яго выведуць, бывала, пасадзяць на крэсла ў садзе... Адно што мы ўсе зьдзівіліся, дык што ўсяго хвілінку нейкую паказалі па тэлебачаньні, калі ён памёр. Звычайна як нехта знакаміты памірае, дык шмат гавораць. А пра яго толькі паказалі, што адпявалі ў касьцёле... Ну, але ж прывезьлі сюды, тут труну паставілі, усе суседзі падыходзілі разьвітацца, во як...», — працягвае Надзея Валянцінаўна.

Будучая вуліца Барадуліна

Будучая вуліца Барадуліна

Цяпер цагляны дамок пад нумарам 6 на Школьнай вуліцы, які належыць сям’і Барадуліных, зачынены на замок. Калісьці на гэтым месцы стаяла хата, дзе прайшло дзяцінства дзядзькі Рыгора, каля весьніц тут расьце вялікі вяз, згаданы ў вядомым вершы, прысьвечаным бацьку:

Ня выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесьці рэчы…
Ля весніц, толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі.
Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта…

Хата Рыгора Барадуліна

Хата Рыгора Барадуліна

Партрэты бацькоў Рыгор Барадулін павесіў і ў наноў адбудаванай цаглянай хаце.

Фотаздымкі бацькоў — на самым пачэсным месцы

Фотаздымкі бацькоў — на самым пачэсным месцы

Вакол хаты — сад, дзе сёлета асабліва шмат яблыкаў. А вось груша, якую дужа любіў дзядзька Рыгор, сёлета не цьвіла. Нібыта адчувала, што гаспадара ўжо няма, гаворыць Алена Бялевуш, суседка з дому № 7. Яны з мужам Васілём прыглядаюць за барадулінскімі хатай і садам:

Лазьня ў суседзяў, куды запрашалі дзядзьку Рыгора

Лазьня ў суседзяў, куды запрашалі дзядзьку Рыгора

«Прыглядаем, а як жа! Мы ж сябравалі. Ён да нас у лазьню мыцца прыходзіў. Доўга яны з мужам мыліся, потым размаўлялі, квас пілі во тут... Ён па-беларуску размаўляў, Рыгор. І ўсе нешта расказваў, любіў апавядаць. А потым во так падыйдзе да таго вялікага дрэва, галавой прытуліцца... Многія цяпер прыяжджаюць паглядзець на гэтую хату, фатаграфуюцца».

Спадар Васіль прапануе прайсьціся па падворку Рыгора Барадуліна і нават запрашае ў хату. Але толькі на першы паверх, на другі не падымаемся — там кабінэт паэта, які не для чужых вачэй:

«Вуліца Рыгора Барадуліна — гэта слушна! Няхай усе памятаюць. Во тут стаяла раней драўляная хатка, жыла ў ёй Акулінка — маці Рыгора звалі Акуліна, і ён у сваіх успамінах пра яе так пісаў... Тут яе трускалкі калісьці расьлі, а сад увесь — ужо стары, яго яшчэ Рыгораў бацька садзіў».

Брукаванка, якая вядзе да школы

Брукаванка, якая вядзе да школы

На Школьнай вуліцы два дзясяткі хат і няма асфальту. Месцамі відаць старую брукаванку. Асфальт паклалі б, каб у хаце адчыніць музэй, мяркуюць вяскоўцы. Пра музэй гаворкі пакуль няма, а вось сярэдняя школа будзе насіць імя Рыгора Барадуліна.

Хутка тут будзе новая шыльда

Хутка тут будзе новая шыльда

Сход працоўнага калектыву ўжо прайшоў, і ўсе адзінадушна пагадзіліся, гаворыць дырэктар Віталь Клімашэўскі:

«Не было ніякіх пытаньняў, яго ж тут ці ня ўсе ведалі! Прынамсі, многія. Ён жа тут і жыў, і ў школу прыходзіў, зь дзецьмі сустракаўся. Будзе ў нас новая шыльда, дзе напішам, што наша ўстанова адукацыі — імя Рыгора Барадуліна».

Пакуль што яшчэ вуліца Школьная. Шыльда на хаце Барадуліна

Пакуль што яшчэ вуліца Школьная. Шыльда на хаце Барадуліна

У вушацкай школе — больш за 800 вучняў. Клясы разьмеркаваныя па некалькіх будынках. На самым новым і павесяць мэмарыяльную шыльду, верагодна — яшчэ да пачатку навучальнага году. А побач захаваўся і стары будынак — той школы, куды ў маленстве хадзіў сам дзядзька Рыгор і ягоныя вушацкія сябры, якія сёньня лічаць, што памяць пра знакамітага паэта абавязкова мусіць быць захавана на ягонай малой радзіме.

Будынак, у якім некалі вучыўся сам Барадулін

Будынак, у якім некалі вучыўся сам Барадулін

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG