Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плямбір, з чаго яго робяць і ці шкодны ён для фігуры


Аб’ёмы продажу марозіва ў гарачыя дні вырастаюць у дзясяткі разоў. Той самы плямбір акрамя прахалоды нясе ў сабе і дадатковую каштоўнасьць — настальгічную. Ён нагадвае (як у маім выпадку) аб савецкім дзяцінстве, калі марозіва было сапраўдным сьвятам. Той смак памятаецца да гэтага часу.

Сучаснае марозіва мы міжволі параўноўваем з тым самым. А смак ня той ... Шукаем прычыну ў інгрэдыентах.

Смак — вельмі суб’ектыўная рэч. Давайце паглядзім на інгрэдыенты больш уважліва, у аспэкце функцый і дыеты. Бо ад марозіва ж таўсьцеюць? Ці не?

Паглядзім на рэцэптуру плямбіру гарадзенскага заводу «Молочный мир».

Інгрэдыенты

Малако цэльнае, вяршкі, глазура з какавай (масла «любіцельскае», цукар-пясок, какава-парашок, араматызатар «Ванілін»), цукар-пясок, малако сухое абястлушчанае, вада пітная, масла, какава-парашок, комплексны харчовы дадатак — стабілізатар Icemil (мона- і дыглецырыды тлустых кіслот, карагінан, камедзь ражковага дрэва, гуаравая камедзь, альгінат натрыю, дэкстроза).

Інгрэдыенты на этыкетцы пералічаюцца ў парадку іх масавай долі ў прадукце: гэта значыць спачатку пазначаецца інгрэдыент, якога больш за ўсё. У дадзеным выпадку асноўныя інгрэдыенты — малако і вяршкі.

Карагінан або E407 — загушчальнік, выраблены з марской водарасьці. Дарэчы, у Эўропе карагінан не дазволены да выкарыстаньня ў харчаваньні немаўлят, бо дагэтуль няма кансэнсусу наконт яго бясьпекі для здароўя, у прыватнасьці здароўя дзяцей.

Kамедзь ражковага дрэва (або Е410) — гэта загушчальнік і эмульгатар. Гэтая харчовая дабаўка вырабляецца з пладоў ражковага дрэва (таксама вядомага як кароб), якое расьцепераважна ў міжземнаморскім рэгіёне. Гэта жаўтаваты парашок без характэрнага паху. Пры выкарыстаньні Е410, у працэсе ахаладжэньня прадукту адбываецца запаволеньне ўтварэньня ледзяных крышталяў, у выніку чаго ўтвараецца гель з аднастайнай структурай. Зьмешваючыся з ксантанам, альгінатамі і іншымі эмульгатарамі, камедзь пладоў ражковага дрэва ўзмацняе іх жэліруючыя ўласьцівасьці. Дзякуючы гэтай асаблівасьці, дабаўка Е410 знайшла шырокае прымяненьне ў вытворчасьці малочных прадуктаў, у прыватнасьці марозіва.

Ці таўсьцеюць ад марозіва?

А зараз давайце паглядзім на харчовую каштоўнасьць плямбіру.

Пажыўная каштоўнасьць ( на 100 г):

• Бялкі: 2.2 г
• Вугляводы: 14.1 г, у тым ліку цукрозы 11 г
• Тлушчы: 13.9 г
• Энэргетычная каштоўнасьць: 190 кал

Такім чынам, у адным марозіве ўтрымліваецца прыкладна 150 калёрый. Гэта адносна няшмат (прыклада столькі ж калёрый зьмяшчаецца ў адным вялікім банане або шклянцы соку). Аднак, марозіва мае высокую долю тлушчаў у сваім складзе (прыкладна 10 грамаў на порцыю), і ўсе гэтыя тлушчы — насычаныя (чытай: шкодныя). Насычаныя тлушчы павышаюць узровень халестэрыну ў крыві і павялічваюць рызыку сардэчна-судзінных захворваньняў. Рэкамэндавана, каб максымальнае спажываньне насычаных тлушчаў было ня болей за 10 працэнтаў ад усёй энэргіі за дзень. У пераліку на грамы гэта каля 28 грамаў для мужчын і 22 для жанчын на дзень. У Эўропе і ЗША вытворцы абавязаны паказваць колькасьць насычаных тлушчаў на этыкетцы. На жаль, у Беларусі заканадаўства да гэтага не абавязвае. Адзін плямбір зьмяшчае амаль палову дзённай максымальнай дозы насычаных тлушчаў.

Далей, адно «Эскімо» утрымлівае амаль сталовую лыжку цукру, то бок больш за палову нормы.

Выснова. Адна порцыя марозіва (калі ёю абмежавацца) не зьяўляецца энэргетычнай бомбай. Яна, аднак, утрымлівае дастаткова шмат цукру і шкодных тлушчаў, так што частуйцеся пакупным марозівам на здароўе, але ў меру!

Марозіва ў хатніх умовах

Каб зрабіць марозіва ў хатніх умовах, зусім не абавязкова купляць дарагую машыну для вытворчасьці марозіва.

Фруктовае пюрэ можа быць выдатнай асновай для хатняга марозіва. Для таго, каб зрабіць фруктовае пюрэ, проста ўзьбіце вашу любімую садавіну (альбо камбінацыю з розных відаў) у блэндэры. Калі садавіна ня вельмі сакаўная, можна дадаць трохі вады. Для ўзмацненьня смаку можна дадаць падсаладжальнік — напрыклад, мёд або стэвію. Можна і яшчэ прасьцей — замарозіць фруктовы сок. Такое натуральнае марозіва з дыетычнага пункту гледжаньня лепшае, бо яно не ўтрымлівае тлушчаў, затое ўтрымлівае клятчатку (калі выкарыстоўваць суцэльную садавіну, а ня сок) і вітаміны.

Выдатным атрымліваецца марозіва з бананаў! Гатуецца яно на працягу некалькіх хвілін. Проста парэжце бананы на невялікія кавалкі і пакладзіце ў маразілку. Непасрэдна перад падачай, дастаньце бананы з маразілкі і ўзьбіце іх у блэндэры. Спачатку бананы пакрышацца на асобныя дробныя кавалачкі. Працягвайце ўзьбіваць! Празь некалькі хвілін вы ўбачыце, што кансыстэнцыя мяняецца. Калі яна будзе нагадваць марозіва, спыніце блэндэр. Гэта базавы рэцэпт. У яго можна дадаваць інгрэдыенты паводле смаку: ваніль, арэхі, садавіну, ягады, мяту... Ніжэй дзялюся з вамі маім улюбёным рэцэптам шакаляднага марозіва:

Рэцэпт натуральнага шакаляднага марозіва

• 2 замарожаныя бананы (парэзаныя перад замарозкай на невялікія кавалачкі)
• 1 ст.л. какава-парашка
• (Па жаданьні) 2 кроплі вадкай стэвіі ці 1 ч. л. Мёду

Інструкцыі:

1. Узьбіце ўсе інгрэдыенты ў блэндэры або кухонным камбайне да кансыстэнцыі марозіва.
2. Упрыгожце паводле жаданьня арэхамі і ягадамі.
3. Зьешце неадкладна!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG