Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адчыніліся аптовыя склады для прадпрымальнікаў, але пакупнікоў у іх няма


Першыя магазіны-склады запрацавалі на гарадзенскім рынку «Паўднёвы». Але чэргі пакуль туды не становяцца, і цэны там вышэйшыя, чым на гандлёвых радах у прадпрымальнікаў.

Улады даўно абяцалі стварыць для прадпрымальнікаў аптовыя склады, каб палегчыць ім працу, каб адпалі праблемы з дакумэнтамі на тавар. Нядаўна на гарадзенскім рынку «Паўднёвы» такія склады запрацавалі.

Але ў ніводным не ўдалося пабачыць пакупнікоў. А прадаўцы, даведаўшыся, што я журналіст, наадрэз адмаўляліся гутарыць. Праўда, адзін прадпрымальнік усё ж сказаў, што справы пакуль ідуць ня лепшым чынам, але надзею на будучыню свайго бізнэсу ён мае.

— Трэба працаваць, трэба дзейнічаць, раз ужо лёс так распарадзіўся. Нездарма ж я на аўкцыён пайшоў, выйграў гэты тэндэр. Пакуль займаемся, а потым будзе відаць. Думаю, ёсьць пэрспэктыва, толькі трэба працаваць і працаваць над гэтым.

А ў гандлёвых радах рынку «Паўднёвы», некалі такога бойкага і люднага, сёньня амаль цішыня. Шмат гандлёвых месцаў не працуе, пакупнікі толькі зрэдку, дзе-нідзе нешта прымяраюць. А вось прадпрымальнікі пачынаюць размову найперш са сваіх праблемаў. Мужчына сярэдняга веку распавядае, што многія папросту закрываюць сваю дзейнасьць.

— Вельмі няўтульна цяпер сябе адчуваем на рынку, вельмі моцна скарацілася пакупніцкая здольнасьць насельніцтва. Падвышаюцца падаткі штомесяц, і мы на мяжы выжываньня. Вы паглядзіце, колькі ўжо зачыненых працоўных месцаў. Нават у выходныя дні чацьвёртая частка працоўных месцаў пустуе. Многія адыходзяць. Але, зь іншага боку, — куды кінуць увесь гэты тавар? Столькі гадоў працавалі, а цяпер грошы завісьлі, і іх ня вымеш і не перакладзеш у патрэбнае месца.

Спадарыня перадпэнсійнага веку скардзіцца, што, магчыма, ня здолее ўтрымаць свой бізнэс нават да Новага году.

— Мы ў мінусе, працуем у мінусе. У нас цяпер цэны таньнейшыя, чым тыя, што мы закуплялі тавар. Мы прадаём таньней, бо няма куды падзець тавар. Ня будзем жа яго паліць альбо выкідаць. Гэта ж нашы грошы, нам шкада, спрабуем хоць нешта ўратаваць. У нас няма іншага выйсьця, няма іншых варыянтаў.

Цікаўлюся ў прадпрымальнікаў — ці адчулі яны палёгку са зьяўленьнем на рынку аптовых крамаў? Але мне адказваюць, што кошты ў гэтых крамах пакуль вышэйшыя, чым на гандлёвых радах у прадпрымальнікаў. Спадарыня Валянціна выказвае сваю думку.

— Мы туды нават ня ходзім, якая нам ад гэтых складоў дапамога? Па-першае, мне нават не падабаецца, што яны прывозяць на продаж, а ў кожнага свой густ, свае кліенты, цэнавая палітыка. Мы сваіх кліентаў напрацоўвалі па 20 гадоў, а там усё іншае.

Спадар Мікалай дадае, што ў аптовых крамах пакуль тавар даражэйшы, і ім зручней і выгадней самім завозіць тое, што трэба для гандлю:

— Пакуль мы не адчуваем ад іх ніякай палёгкі. Тыя самыя дакумэнты ў Маскве можа набыць кожны з нас. Мы прывозім тавар сюды і плацім 20% падатку на дабаўленую вартасьць, і цэны ад гэтага адразу павялічваюцца. Але аптавікі таксама маюць сваю маржу і задарма не працуюць...

А вось спадар Аляксандар, які стаіць на рынку больш за 20 гадоў, перакананы, што гэтыя магазіны-склады адчынілі запозна, калі ўжо ніхто ня можа ні прадаваць, ні купляць.

— Гэтыя хлопцы ў аптовых магазінах пакуль не зразумелі, што яны страцяць свае грошы. Яны ўкладаюць іх у тавар, але рэалізаваць яго зараз немагчыма, бо няма грошай у людзей і ніхто нічога тут не набывае. Гэта ўсё пройгрышная справа, трэба было рабіць гэта дзесяць гадоў таму.

Ягоны пэсымізм падзяляюць іншыя гандляры. Спадарыня Алена перакананая, што да Новага году рынкі наагул могуць пазьнікаць.

— Мы ўжо самі ня ведаем, што будзе далей. Такой сытуацыі, як цяпер, не было ў нас яшчэ ніколі. Хаця б нас не чапалі гэтымі рознымі праверкамі. Вось стаю я ў мінусе, валтужуся, бо мне і няма куды ісьці. Каму я патрэбная ў 50 гадоў...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG