Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: больш як тысяча прадпрымальнікаў страцілі працу


На Гарадзеншчыне рэзка зьмяншаецца колькасьць прыватных прадпрымальнікаў. Сёлета лічба гандляроў, якія мусілі спыніць дзейнасьць, сягнула звыш тысячы чалавек.

Рынак «Цэнтральны» ў цэнтры Горадні, раней заўсёды людны нават у будні, цяпер нагадвае кірмаш у невялічкім райцэнтры: шмат пустых гандлёвых радоў, дзе прадаюць тавары з тэкстылю, адзінкавыя пакупнікі і сумныя гандляры.

Яшчэ летась тэмпы росту стварэньня новых суб’ектаў гаспадараньня на Гарадзеншчыне, як і ў іншых рэгіёнах краіны, адчувальна прыпыніліся, а колькасьць ліквідаваных кампаніяў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія спынілі дзейнасьць, пачала павялічвацца.

Цяперашнім летам гэтая тэндэнцыя стала яшчэ больш заўважнай. З пачатку году, паводле Белстата, у Гарадзенскай вобласьці колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў зьменшылася на 11,8%, што складае больш як тысячу чалавек. Асабліва гэта заўважна на гарадзенскіх рынках.

Спадар Яўген гандлюе мужчынскім адзеньнем. Кажа, што за паўдня ў яго яшчэ ніхто нічога не набыў. Некаторыя ягоныя сябры ўжо закрылі гандаль і шукаюць новай працы. Ён жа вырашыў прадаць тавар, якога яшчэ засталося ў яго нямала. Але гандаль практычна стаіць на месцы.

— Ну вось гляджу па сытуацыі. Але праз пару месяцаў закрываю сваю дзейнасьць. Самі бачыце — пакупніцкай здольнасьці няма ніякай, у людзей няма заробкаў. Ды вось на рынку — людзей жа зусім няма, пустыя рынкі. Няма каму нават прадаць хоць нешта, пакупніцкая здольнасьць зусім упала. Трэба шукаць працы, але дзе яе шукаць — цяжкае пытаньне...

Цэнтральны гарадзенскі рынак

Цэнтральны гарадзенскі рынак

Як пакупнікоў амаль няма, то да нашае гутаркі далучаюцца іншыя гандляры. Спадарыня Валянціна кажа, што іхнія праблемы ніхто ня вырашае, а самі яны ня ў стане нешта зьмяніць.

— Многія сыходзяць з рынку. Ну вось адны дакумэнты зрабіць на тавар — і то ня кожны зможа. Хто застаецца, спрабуюць рабіць дакумэнты, сэртыфікаты, але гэта вельмі складана. А пакупніцкая здольнасьць упала нашмат, людзі ня маюць грошай, гэта відавочна. Нават калі і хочуць нешта купіць, то заробкі малыя, не дазваляюць гэта рабіць. Гэта вельмі заўважна ў параўнаньні нават зь мінулым годам.

А вось спадарыня Сьвятлана ўдакладняе: калі цяпер зрабіць дакумэнты, то адразу ўзрастае кошт тавару, і гэта таксама адбіваецца на гандлі.

— Усё як і было, а нават стала і горш...

Цікаўлюся ў іх — ці дапрацуюць да восені, калі распачнуцца прэзыдэнцкія выбары? Спадарыня Сьвятлана заўсьміхалася.

— О... Тут ужо прадпрымальнікаў застанецца вельмі мала, бо кожны месяц падымаецца падатак. Зь ліпеня, да прыкладу, каэфіцыент складзе тры, і мы ня зможам, падвышаючы кошты, нешта прадаць. Людзі ня змогуць нешта купіць, а мы ня зможам заплаціць падатак — у нас няма грошай, як і паўсюль...»

Спадар Аляксей ужо сур’ёзна дадае, што за першы квартал сёлета працу прадпрымальнікаў пакінулі каля 10%, а цяпер гэта пойдзе хутчэйшымі тэмпамі.

— Ужо ў ліпені, думаю, яшчэ 10% спыняць сваю дзейнасьць, а зь верасьня добра, калі застанецца 60% ад тых, каго мы цяпер бачым. Падатак жа павялічваецца з кожным месяцам да Новага году прыкладна на 700 тысяч. А мы палічылі, што ў сьнежні, калі яшчэ нехта застанецца тут працаваць, падатак складзе пяць з паловай мільёнаў — гэта толькі аднаго падатку.

Яшчэ адна спадарыня сумна з гэтае нагоды заўважае:

— Ну якія цяпер заробкі ў людзей? Вы ж паглядзіце: калі што і купляюць на рынку, то толькі там, дзе распродаж — самае-самае таннае. Не вяртаеш цяпер нават свае грошы, што ўклаў у тавар. А людзі нічога ня могуць набыць. І на працу цяпер тут нікуды асабліва не ўладкуесься, а калі ісьці, то нават ня ведаю куды...«

Нашу размову падсумоўвае спадар Яўген:

— Да канца году яшчэ ў пяць разоў колькасьць прадпрымальнікаў скароціцца — нерэальна будзе заплаціць нам такія падаткі. Ну, няхай нехта месяц, другі, ну няхай нехта паўгода пацерпіць яшчэ, але ў выніку — гэта ўжо ўсё...

XS
SM
MD
LG