Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экс-гендырэктар «Барысаўдрэва»: У турме тыя, хто чытаюць газэты, спачувалі мне


Уладзімер Мальцаў, архіўнае фота з суду

Уладзімер Мальцаў, архіўнае фота з суду

2 ліпеня па амністыі выйшаў на волю з магілёўскай калёніі Ўладзімер Мальцаў, былы гендырэктар аб’яднаньня «Барысаўдрэў», якога суд прызнаў вінаватым у службовым злоўжываньні і асудзіў на 2,5 года зьняволеньня.

Уладзімер Мальцаў адказаў на частку пытаньняў карэспандэнта Свабоды праз тэлефон, а другую частку папрасіў даслаць на электронны адрас, паабяцаўшы адказаць як мага хутчэй.

— Уладзімер, дазвольце павіншаваць вас з выхадам на волю. Які ў вас цяпер настрой?

— Адыходжу ад перажытага, прызвычайваюся да новага жыцьця. Тут усё рухаецца даволі хутка, і паступова сам пачынаю ў гэты рытм уваходзіць. Настрой такі, што трэба хутчэй адаптавацца і пайсьці працаваць.

— Вы, можа, ужо і на фабрыцы пабывалі?

— Не, нават няма жаданьня туды хадзіць. Жонку вось адпраўляю, каб схадзіла забраць маю працоўную кніжку.

— Вы гэтак пакрыўджаны на былых калегаў?

— Ня тое каб вельмі. Але не хачу глядзець на тое, што зрабіў, а мяне яшчэ абвінавацілі, што ў нечым вінаваты. Завод працуе, вось зараз у банк хадзілі, дык чуваць з вуліцы, што ўсё працуе. Гэта прыемна, але важна і тое, каб гэта іншыя цанілі.

— Ці праўда, што яшчэ перад арыштам вы падавалі заяву, каб звольніцца з пасады дырэктара ды пайсьці працаваць трактарыстам?

— Кіроўцам лесавоза. Так, такое было.

— Жаданьне засталося, ці будзеце шукаць якой кіраўнічай працы?

— Кіраўнічую пасаду мне судом забаронена займаць цягам трох гадоў, тут у мяне абмежаваньне. А што ўвогуле да працы, дык варыянты ўжо ёсьць, я іх цяпер разглядаю і мяркую, што цягам тыдня-двух вызначуся. Пакуль пэўна сказаць не магу.

— А як у вас са здароўем? На судзе вы кашлялі, было відаць, як вам было цяжка. Што цяпер?

— Так, было. Але гэта, як кажуць, натуральна: «Сижу за решёткой в темнице сырой»... У калёніі яшчэ прыхварэў таксама, але папіў антыбіётыкі і паправіўся.

— Ці сустракалі вы сярод вязьняў тых, хто вам спачуваў і чымсьці дапамагаў?

— Вядома, там розныя людзі сядзяць. Але сярод тых, хто чытае газэты і сочыць за навінамі, было шмат людзей, якія мне спачувалі і рэагавалі на маю справу. Мы кантактавалі, так.

— А якія ў вас былі ўражаньні пра тых, з кім вы апынуліся ў адной камэры? Гэта былі такія ж, як вы, каго зрабілі крайнім і кінулі за краты, ці рэальныя злачынцы? Хто вам трапляўся?

— Ведаеце, на гэтае пытаньне хутчэй адкажу абачліва. Што вінаватасьць можа вызначыць толькі суд. Не бяруся нікога судзіць і не хачу нават абмяркоўваць гэтае пытаньне, бо яно чыста палітычнае. А са мной сядзелі людзі розныя — пачынаючы ад наркамана, заканчваючы міністрам. Кантактаваць даводзілася з усім кантынгентам.

На большасьць пытаньняў Уладзімер Мальцаў адказваў па-беларуску ці на трасянцы. Сказаў, што ён зь вясковай сям’і і таму ўжываньне беларускай мовы для яго не праблема, але «практыкі даўно не было, а ў турме ўвогуле па-беларуску ніхто не гаворыць».

Крымінальная справа супраць Уладзімера Мальцава была распачатая ў сакавіку 2014 году. Яго абвінавацілі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі падчас выкананьня дзяржпраграмы па мадэрнізацыі прадпрыемства «Барысаўдрэў». На погляд сьледзтва, гэта прывяло да цяжкіх наступстваў — шкоды ў асабліва буйным памеры і зрыву тэрмінаў рэалізацыі дзяржпраграмы.

17 красавіка Вярхоўны суд зьмяніў Мальцаву прысуд, скараціўшы тэрмін і зьняўшы абвінавачаньне ў шкодзе. Яго прызналі вінаватым ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Прысудзілі 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на тры гады.

Арышт з маёмасьці Мальцава, які быў накладзены падчас папярэдняга сьледзтва, зьнялі. Таксама суд адмяніў рашэньне аб спагнаньні на карысьць «Барысаўдрэва» 1,906 мільярда рублёў — у гэтую суму першапачаткова ацанілі шкоду дзяржаве, прычыненую былым топ-мэнэджарам.

На падставе закону аб амністыі тэрмін асноўнага пакараньня скарацілі на 1 год. Калі Вярхоўны суд зьмяніў прысуд, Мальцаў ужо адбыў 1 год і 1 месяц, яму заставалася 5 месяцаў зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG