Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча крэдыт на 3,5 мільярда даляраў ад МВФ


Місія Міжнароднага валютнага фонду наведае 8–15 ліпеня Менск, паведамляе прадстаўніцтва арганізацыі ў Беларусі.

Па просьбе беларускіх уладаў у пэрыяд з 8 па 15 ліпеня 2015 году Менск наведае каманда супрацоўнікаў МВФ пад кіраўніцтвам Дэвіда Гофмана.

Паводле інфармацыі МВФ, мэта місіі — абмеркаваць захады эканамічнай палітыкі і пляны ўладаў па правядзеньні рэформаў, у тым ліку — ацаніць, ці сталі яны дастаткова рашучымі, каб падтрымаць іх у межах пагадненьня з МВФ.

У пятніцу міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын заявіў, што Менск разьлічвае на крэдыт ад МВФ у памеры каля 3,5 мільярда даляраў:

«Прыкладна ў гэтых межах (сума папярэдняга крэдыту МВФ, які быў выдзелены Беларусі па праграме stand-by) хацелі б атрымаць», — сказаў Амарын.

Беларусь рэалізоўвала праграму stand-by, падтрыманую крэдытам МВФ на 3,5 мільярда даляраў, са студзеня 2009 году па красавік 2010-га. 31 сакавіка 2015 году дзяржава, выконваючы свае абавязаньні па крэдыце stand-by ад МВФ, пагасіла апошнюю частку асноўнай пазыкі ў памеры 54,7 мільёна СДР (эквівалентна 75,9 млн даляраў).

Беларусь — сябра МВФ з 1992 году.

XS
SM
MD
LG