Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяруць новыя крэдыты ня дзеля рэформаў, а каб аддаць старыя даўгі


Беларускія ўлады заяўляюць пра магчымасьць атрымаць новыя крэдыты як на Захадзе, гэтак і на Ўсходзе. Якія шанцы ў афіцыйнага Менску атрымаць грошы ад МВФ? Ці дапамогуць новыя крэдыты збалянсаваць фінансавыя паказчыкі і ўтрымаць курс нацыянальнай валюты? Ці можна казаць, што Беларусь падыходзіць да небясьпечнай рысы ў велічыні замежнага доўгу? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Леанід Злотнікаў і Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: Ліпень можа стаць месяцам атрыманьня Беларусьсю новых крэдытаў. Пра гэта сказаў журналістам міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын. Ён паведаміў, што ў першай дэкадзе ліпеня можа вырашыцца пытаньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭс. Другі крэдыт, які хочуць атрымаць беларускія ўлады, — расейскі. Найперш ён будзе скіраваны на рэструктурызацыю ранейшых пазыкаў, якія Беларусь атрымала з Масквы. Таксама Амарын казаў пра пэрспэктыву атрымаць крэдыт ад МВФ. Навошта Беларусь бярэ новыя крэдыты? Ці можна пражыць бязь іх?

Злотнікаў: Мы бяром крэдыты, каб аддаць тыя, якія бралі раней. Так бы мовіць, перапазычыць. Па-другое, крэдыты патрэбныя, каб пагасіць адмоўнае сальда плацёжнага балянсу. Гэтыя крэдыты не ідуць на нейкія рэформы, структурныя зьмены ў эканоміцы, але на вяртаньне ранейшых даўгоў.

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Прэйгерман: Зразумела, што можна пражыць і без крэдытаў, чалавек можа да ўсяго адаптавацца. Але стан беларускай эканомікі ня самы лепшы, і крэдыты патрэбныя. Увогуле гэта ўнівэрсальная і распаўсюджаная рэч, усе дзяржавы гэта робяць. Тым больш, паводле паказчыкаў, у Беларусі замежны доўг складае толькі 20 працэнтаў ад ВУП — гэта не трагічныя лічбы.

Але я згодны, што мы працуем з гэтымі крэдытамі такімі пажарнымі брыгадамі, пра разьвіцьцё гаворкі не ідзе. Нават славутая кітайская крэдытная лінія — іх нават беларускія ўлады ня могуць выбраць, бо няма добрых праектаў разьвіцьця.

Цыганкоў: Калі з усходнімі крэдытамі — Расея, ЭўрАзЭс — здаецца, праблемаў каб іх атрымаць, ня будзе, то з МВФ зусім іншая гісторыя. МВФ звычайна дае пад нейкія ўмовы, пад рэформы і розныя праграмы. Ці дасьць МВФ гэтым разам?

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Злотнікаў: Дарэчы, не заўсёды МВФ дае грошы толькі пад эканамічныя рэформы, часам ён дае і з палітычных матываў. У дадзеным выпадку сёлета можна не чакаць крэдыту ад МВФ. Па-першае, няма пакуль такой праграмы, пад якую можна яго даць. Па-другое, у Радзе фонду вялікі ўплыў маюць ЗША. А нашы адносіны з Вашынгтонам ня вельмі добрыя...

Цыганкоў: Але яны паляпшаюцца апошнія год-два.

Злотнікаў: Але пасла ЗША ў Беларусі дагэтуль няма. Таму я ня бачу, каб нават на пачатку наступнага году крэдыт МВФ прыйшоў у Беларусь.

Прэйгерман: Я таксама ня бачу падставаў, каб чакаць крэдыту ад МВФ да прэзыдэнцкіх выбараў. Але пасьля — я разглядаю імавернасьць такога крэдыту як даволі вялікую. Дынаміка беларуска-амэрыканскіх адносінаў досыць пазытыўная. Вядома, шмат чаго будзе залежаць ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў — не ад таго, каго выберуць, а ад таго, як яны пройдуць.

Да таго ж я лічу, што праграма рэформаў беларускага ўраду ёсьць, яна добрая і цалкам будзе задавальняць прадстаўнікоў МВФ. Іншая справа, што наўрад ці яна будзе рэалізаваная. Таму прадстаўнікі МВФ раз за разам падкрэсьліваюць, што ім хацелася б, каб і прэзыдэнт краіны таксама падзяліў тыя эканамічныя прынцыпы, якія прагаворваюцца на сустрэчах з урадам.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Ці дапамогуць гэтыя крэдыты ўтрымаць курс? Ці можна супакоіць народ, што пасьля выбараў ня будзе абвалу рубля?

Злотнікаў: Вопыт ёсьць, і ён кажа пра тое, што мінулым разам бралі крэдыт, зь вялікай цяжкасьцю аддалі, а мадэрнізацыі не адбылося. Наадварот, эканоміка страчвае сваю эфэктыўнасьць, ніякія крэдыты тут не дапамаглі. Што да курсу, то крэдыты пакрыюць на паўгода нашы патрэбы ў раздачы іншых замежных даўгоў. Таму да канца году курс можа трымацца недзе на ўзроўні 17–18 тысяч. Але потым казка скончыцца, бо наша мадэль неканкурэнтаздольная.

Цыганкоў: Яўген казаў, што ў Беларусі замежны доўг складае толькі 20 працэнтаў ад ВУП. Аднак гэта толькі дзяржаўны доўг?

Злотнікаў: Так, без даўгоў прадпрыемстваў і банкаў. Агульны валавы зьнешні доўг — звыш 40 мільярдаў даляраў. А на ўстойлівасьць нашай валюты ўплывае ня толькі дзяржаўны доўг, але і запазычанасьць банкаў і прадпрыемстваў. Калі прадпрыемства купляе валюту, то 30 працэнтаў гэтай валюты ідзе на вяртаньне пазыкаў гэтага прадпрыемства.

Прэйгерман: Я згодны, што варта ўлічваць ня толькі чыста дзяржаўны доўг. Улічваючы асаблівасьці нашай эканомікі, доўг банкаў і прадпрыемстваў — гэта фактычна таксама дзяржаўны доўг. Але паўтаруся, праблема замежнага доўгу пакуль не фатальная, і ўлады могуць ісьці на новыя запазычаньні адносна спакойна. Іншая справа, ці ідзе гэта ўсё на разьвіцьцё.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG