Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ерэван: «Электрамайдан» супраць вадамётаў


Пасьля першага пратэсту супраць павышэньня коштаў на электраэнэргію ў Армэніі, людзі зноў праводзяць акцыю пратэсту на плошчы Свабоды

Пасьля першага пратэсту супраць павышэньня коштаў на электраэнэргію ў Армэніі, людзі зноў праводзяць акцыю пратэсту на плошчы Свабоды

У новай акцыі пратэсту ў цэнтры Ерэвана ўдзельнічаюць тысячы чалавек. Супрацьстаяньне працягваецца. Мінулая ноч прайшла адносна спакойна.

У Ерэване ўвечары ў аўторак працягнулася акцыя пратэсту супраць падаражэньня электраэнэргіі. Пра намер удзельнічаць у ёй у адпаведнай групе ў «Фэйсбуку» заявілі больш за 10 тысяч чалавек.

Барыкады са сьмецьцевых бакаў, якія былі ўзьведзеныя ўчора ўвечары, засталіся і раніцай у сераду. Сілы паліцыі з вадамётамі стаяць насупраць іх, не разганяючы пратэстоўцаў.

Да досьвітку ў мінулы аўторак паліцыя разагнала маніфэстантаў, якія зь вечара 22 чэрвеня перакрылі адну з галоўных вуліц гораду. Былі затрыманыя больш за 230 чалавек, у тым ліку журналісты. Сем дэманстрантаў зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, трое шпіталізаваныя. Улады паведамляюць аб раненьні 11 паліцэйскіх. Пракуратура Армэніі завяла крымінальную справу паводле артыкулу «Хуліганства і парушэньне грамадзкага парадку», які прадугледжвае штраф у 50 000 драмаў (каля 100 даляраў) і пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў. Увечары ў аўторак каля 200 затрыманых, паводле афіцыйных зьвестак, былі выпушчаныя на волю.

Жывая трансьляцыя армянскай службы Радыё Свабода:

Акцыя пратэсту «Не рабунку!» пачалася ў Ерэване 19 чэрвеня. Яе ўдзельнікі абвясьцілі сядзячы страйк і паабяцалі прыйсьці да рэзыдэнцыі прэзыдэнта, калі ўлады не адменяць рашэньне Камісіі па рэгуляваньні грамадзкіх паслуг пра падаражэньне электрычнасьці амаль на 7 драмаў за кіляват. Тарыфы на электраэнэргію павышаюцца ў Армэніі на 15% ужо трэці раз за два гады.

Тэрмін ультыматуму, вылучанага пратэстоўцамі уладам, скончыўся ў панядзелак. Дэманстранты, нягледзячы на папярэджаньні паліцыі, рушылі ад плошчы Свабоды да рэзыдэнцыі прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна. Паліцыянты перакрылі праспэкт Баграмяна, ня даўшы ім магчымасьці дайсьці да прэзыдэнцкага палаца. Тады ўдзельнікі пратэстаў вырашылі пачаць сядзячую забастоўку наўпрост на праезнай частцы праспэкту.

Як паведамляе карэспандэнт армянскай службы Радыё Свабода — Радыё Азатуцюн Сісак Габрыелян, для разгону сядзячага пікету паліцыянты ўжылі вадамёты. Перад пачаткам сілавой апэрацыі паліцэйскія запатрабавалі ад журналістаў пакінуць месца правядзеньня пікету. Многіх удзельнікаў акцыі зьбівалі супрацоўнікі паліцыі ў цывільным.

Як распавёў Сісак Габрыелян, калі журналісты Радыё Свабода паспрабавалі ўзяць інтэрвію ў камандуючага падразьдзяленьнямі паліцыі Лявона Еранасяна, які знаходзіўся побач, той спачатку нецэнзурна аблаяў іх, а потым падначаленыя Еранасяна сталі зьбіваць карэспандэнтаў, зламалі тэлекамэру і разьбілі тэлефоны. Некалькі супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі былі затрыманыя.

Акцыі пратэсту супраць падаражэньня электраэнэргіі адбыліся і ў іншых армянскіх гарадах, Гюмры і Ванадзорэ.

Акцыя пратэсту ў Гюмры

Акцыя пратэсту ў Гюмры

Па словах прадстаўнікоў руху «Не рабунку!», улады і кіраўніцтва энэргетычнай галіны апраўдваюць трэцяе за 2 гады павышэньне тарыфаў засухай, рамонтам адзінага дзейнага энэргаблёку Армянскай АЭС, а таксама падзеньнем курсу нацыянальнай валюты. З 2006 году 100% акцыяў кампаніі «Электрычныя сеткі Армэніі» належаць даччынай кампаніі расейскага акцыянэрнага таварыства «ІНТЭР РАО ЕЭС».

Расейскія сродкі масавай інфармацыі ўжо ўбачылі ў тым, што адбылося, «руку Захаду». Так, тэлеканал РЕН-ТВ піша са спасылкай на сваіх карэспандэнтаў у Ерэване аб тым, што падзеі ў сталіцы Армэніі «падобныя да таго, што адбывалася ня так даўно ў сталіцы Ўкраіны», а за акцыяй пратэсту супраць росту тарыфаў на электрычнасьць «могуць стаяць ЗША».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG