Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармаваньне сьпісаў так званых «дармаедаў», які падпадаюць пад дзеяньне прэзыдэнцкага дэкрэту № 3, яшчэ не пачалося. Не пачнецца яно і ў ліпені — са стартам другога паўгодзьдзя. Такую заяву зрабіла сёньня журналістам намесьніца начальніка галоўнай управы Міністэрства па падатках і зборах Сьвятлана Шаўчэнка. Яна патлумачыла, што затрымка зьвязаная з адсутнасьцю прававога мэханізму збору такой інфармацыі.

Неабходны для вызначэньня дармаедаў дакумэнт яшчэ не гатовы. На дадзены момант, сказала чыноўніца, ён у стадыі праекту:

«Толькі пасьля таго як будзе падрыхтаваны такі дакумэнт, пачнецца выбарка такіх грамадзянаў, а затым ім прад’явяць да аплаты збор. Усё гэта будзе адбывацца на аснове спэцыяльнага праграмнага забесьпячэньня, дзе будуць вылічацца людзі, якія нідзе не працавалі, не атрымлівалі прыбыткаў і, натуральна, не плацілі падаткаў».

А такія людзі ў Беларусі ёсьць,— упэўненая Сьвятлана Шаўчэнка. Яна прывяла прыклад чалавека, які фармальна нідзе не працуе з 2009 году. Але за гэты час ён 418 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі. Гэта незарэгістраваны прадпрымальнік, з тых, каго называюць «чаўнакамі». Ніякіх падаткаў ён не плаціў.

Паводле чыноўніцы зь Міністэрства па падатках і зборах, менавіта на такіх людзей найперш скіраваны прэзыдэнцкі дэкрэт. А вось некаторых асобаў з-пад дзеяньня гэтага дакумэнту, мабыць, давядзецца вывесьці. І міністэрства зьбіраецца вызначыцца з магчымымі зьмяненьнямі ў гэты дакумэнт да канца 2015 году:

Вызначаюцца пэўныя катэгорыі грамадзянаў, якіх, магчыма, трэба будзе ўключыць у сьпіс тых, хто не павінен плаціць збор

«Цяпер вядзецца збор інфармацыі, якія нормы дэкрэту неабходна скарэктаваць. Вызначаюцца пэўныя катэгорыі грамадзянаў, якіх, магчыма, трэба будзе ўключыць у сьпіс тых, хто не павінен плаціць збор. Сказаць канкрэтна, якія гэта будуць катэгорыі, я яшчэ не магу. Рашэньне будзе прынятае пасьля таго, як прапрацуюць прапановы. А інфармацыя пра гэта будзе сабраная да канца году».

«Калі глядзіш на гэтую сытуацыю, то яшчэ раз пераконваесься, што жорсткасьць нашых законаў даволі часта кампэнсуецца неабавязковасьцю іх выкананьня», — адзначае эканаміст Леў Марголін:

«Але тут пакуль што цяжка рабіць нейкія больш-менш дакладныя прагнозы, бо практычна гэты дакумэнт павінен запрацаваць у другой палове 2016 году па выніках сёлетняга году. Так што, калі будзе жаданьне нешта рабіць і сёе-тое зьмяніць, то час яшчэ ёсьць. Аднак, я думаю, калі ўсе ведамствы правядуць грунтоўную працу па гэтым пытаньні, то яны адзначаць — тут існуе вельмі шмат неўрэгуляваных праблемаў, якія павінны рэгуляваць заканадаўцы, урад і г.д. Але ці будзе гэта рабіцца, мы пабачым».

Прэзыдэнцкі дэкрэт быў падпісаны 2 красавіка «ў мэтах стымуляваньня працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасьці і забесьпячэньня выкананьня імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў». Асобы, якія ў гэтым ня ўдзельнічаюць, мусяць выплаціць у бюджэт спэцыяльны збор памерам 20 базавых велічынь (на сёньня гэта 3 млн 600 тысяч рублёў).

Экспэрты адзначаюць, што пад дзеяньне дэкрэту могуць падпасьці да паўмільёна чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG