Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыповыя бэтэшныя навіны. №1. Лукашэнка прыняў пасла Нямеччыны (мы мадэрнізуем вытворчасьць па найлепшых, нямецкіх узорах). №2. Макей сустрэўся з кіраўніком АБСЭ (гэта наймацнейшая арганізацыя для спыненьня канфліктаў, Беларусь там – сярод першых). №3. Лукашэнка прыняў міністра абароны (наконт 3-й мадэрнізацыі арміі. Навошта? Той тлумачыць журналістам: Ды вы паглядзіце, што робіцца! НАТО актывізавалася ў Прыбалтыцы і Польшчы).

Гляджу ў люстэрка: вочы сталі касыя. Чаму вытворчасьць мадэрнізуюць па нямецкіх (натаўскіх) узорах, а не па расейскіх? Калі гэта мы сталі першым голасам у АБСЭ? Якім бокам ці хоць намёкам нам пагражае ці калі-небудзь пагражала НАТО?

Кагнітыўны дысананс

Тыповыя гэтыя навіны ня зьместам, а мэтаю выклікаць менавіта касавокасьць, кагнітыўны дысананс і, як вынік, паралюш самастойнай пазыцыі і волі гледача. Так дзейнічае дзяржаўная прапаганда ўсе гэтыя 20 гадоў. Аднаго гэтага выпуску «навін» дастаткова, каб суседзі пабіліся каля пад’езда. Так яно і бывала калісьці, калі яшчэ заставалася прага мець у палітыцы самастойную пазыцыю. Цяпер толькі махаюць рукой.

Шмат хто з тых часоў проста не глядзіць БТ, ня слухае радыё, не чытае СБ. Думае, што ўратаваўся ад дысанансу. Але гэта наіўная памылка. Нікуды ён не ўратаваўся і прапускае празь сябе мэтастазы касавокасьці нароўні з тымі, хто глядзіць, слухае і чытае. Бо сабака закапаны нашмат глыбей.

Ён закапаны ў самой расейскай мове зь яе магутным патэнцыялам кагнітыўнага дысанансу, які ў нейкія часы не актывізуецца, а ў нейкія пачынае напоўніцу ператвараць вольнага грамадзяніна ў адзінку гарматнага мяса на выпадак вайны.

Вы думаеце, чаму расейскае «благо» па-беларуску мае супрацьлеглы сэнс? Таму што беларускае «блага» – гэта і ёсьць «плохо», толькі звонкія гукі прамоўленыя як глухія. (Так народы, якія ня ўмеюць вымаўляць звонкія гукі, прачытаюць КГБ як КХП.) Вось вам мэтастаз у падкорку на самым першым кроку: Что такое хорошо, а што такое блага… Вы нават не задумаецеся, ці добра забіваць людзей на Данбасе, бо з дабром і злом у вас кагнітыўны дысананс.

Маса фактаў сьведчаць пра рассыпаныя па ўсёй мове мэтастазы. Адзін з такіх фактаў – калі агульныя для славяншчыны словы значаць нешта крыху ня тое, і гэта на кожным кроку зьбівае расейца з тропу.

Як у той показцы з часоў, калі на вакзале ў Менску масквіч ня мог знайсьці свой цягнік. Дыктарка абвяшчала, што цягнік адправіцца празь пяць хвілін з «другога пуці», а масквіч з чамаданамі кідаўся ў бакі і ў роспачы пытаўся ў мінакоў: «Так с какого?»

Ні ў якога іншага прадстаўніка іншай славянскай мовы на гэтым пустым месцы не было б праблем.

Сама мова становіцца прапагандай

Раней мне даводзілася пісаць пра такую самую дысанансную бомбу, закладзеную ў расейскую мову адносна запазычаньняў з ангельскай ды іншых заходніх моваў. Даводзілася пісаць і пра сьвядомыя падмены паняткаў (ваенны-вайсковы, напрыклад), якія наўпрост і кардынальна мянялі жыцьцё ўсяго народу і гісторыю ўсёй краіны, будучы пры тым як бы зусім незаўважнымі, бо сядзяць у падкорцы.

Многія факты я ўключыў у сваю кніжку «Errata». Але толькі цяпер усе яны пачалі ўкладацца для мяне ў адзіную карціну. Толькі цяпер, бо настаў той гістарычны час, калі мова Талстога і Буніна, мова перастройкі і галоснасьці, мова праўды і пошукаў лепшае долі для чалавека ў 1990-я стала мовай анэксіі Крыму і вайны на Данбасе. Калі нават у непалітычных тэлесэрыялах і шоў на расейскай тэлевізіі спрэс гучаць ноткі агрэсіі і гістэрыкі, калі лепшая доля чалавека абясцэнілася на нішто перад веліччу імпэрыі і абажаньнем крамлёўскіх куміраў.

Сёньняшняя расейская мова падобная да нэўтроннай бомбы. Усё нібыта на месцы, а воля паралюшаваная. Вось сядзеў ты ў цёплай кватэры, еў ананас, а тут р-р-раз – і ты ўжо ня проста вязень ГУЛАГу, а ўмееш знайсьці гэтаму апраўданьне.

Прапаганда – дзясятая справа, калі прапаганда – сама мова.

Мову прыраўнялі да зброі

У нас некалі казалі – што нам ваша мова, каўбасу давай! Мову на хлеб не намажаш! Пасьля анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе (асноўны апраўдальны матыў якой – абарона «русскоязычного населения») – дайшло. Мову адкрыта назвалі зброяй, якую ня тое што на хлеб не намажаш, а якая цябе размажа, не пасьпееш міргнуць.

Між іншым, нічога новага ў гэтых дысанансах няма. Варта зірнуць у гісторыю. «Вы ідзяце змагацца з ворагамі, але памятайце, што яны браты» – настаўляў сваё войска расейскі імпэратар Аляксандар І. «Чаго не зрабіў расейскі штык, даробіць расейская школа» – ацэньваў сілу лінгвістычнай зброі колішні начальнік нашага краю граф Мураўёў-вешальнік.

Горача адстойваў «матэрыяльнасьць мысьленьня», увасобленую ў мове, Іосіф Сталін у адказах крытыкам сваёй працы «Марксізм і пытаньні мовазнаўства». Якраз у гэты пэрыяд расейская мова найбольш насычалася мэтастазамі дысанансу. А пачалося ўсё яшчэ зь першай, Пятроўскай рэформы і працягвалася ў часе захопніцкіх войнаў 19 ст. «Великий и могучий язык» мог быць названы так толькі як зброя. Нікому ў галаву ня прыйдзе назваць зброяй беларускую мову, або хоць якую мову назваць «могучей».

І апошні на сёньня дысананс: накіраваная расейская зброя найперш супраць саміх расейцаў і ў іх першых мусіць выклікаць раздрай у падкорцы, які па-іншаму называецца «русский мир». Мір, які насамрэч вайна. Бо 60 адсоткаў расейцаў выступаюць за ўжываньне атамнай бомбы ў тым выпадку, калі нехта захоча вярнуць Украіне Крым…

Як па мне, дык адзіная верагоднасьць уратавацца ад гэтай бомбы – схавацца ў сваёй мове. І часьцей глядзецца ў люстэрка.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG