Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этэр 18 траўня 2008 году.

Сярод рэпрэсаваных у сталінскія часы ўраджэнцаў Беларусі – многія тысячы палякаў і толькі адзінкі расейцаў. Чаму? Хіба на працягу ранейшай гісторыі з Польшчы на нашыя землі перасялялася больш людзей, чым з Расеі? Не. Вядома, што за дзевятнаццатае стагодзьдзе ў Беларусь прыехалі сотні тысяч расейскіх людзей, якія запоўнілі сабою ўсе тутэйшыя новаствораныя структуры ўлады, гаспадаркі, адукацыі і царквы. Менавіта ў 19-м стагодзьдзі ў Беларусі быў усталяваны той балянс колькасьці беларусаў, палякаў і расейцаў, які ў агульных рысах захаваўся да сёньня. І калі сталіншчына сапраўды не разьбірала нацыянальнасьці сваіх ахвяраў, дык адкуль такі дысбалянс паміж рэпрэсаванымі палякамі і расейцамі? Можа быць, усё ж – разьбірала? Хоць бы таму ўжо, што побач з папулярнымі прысудамі “шпіянаж на карысьць Польшчы” ці “супрацоўніцтва з польскімі агентамі” ці проста “садзеяньне палякам” немагчыма ўявіць сабе такія самыя фармулёўкі пра Расею і расейскіх шпіёнаў. Прычым, калі ў справе фігуравала Польшча, сканчалася такая справа найчасьцей расстрэлам.

... Пракудзін Назар Савелевіч, 1867 году нараджэньня, беларус, селянін зь вёскі Гарадзішча Халопеніцкага раёну Менскай акругі. 6 сакавіка 1930 году асуджаны “тройкай” за сувязь з палякамі да ВМП. Расстраляны.

... Банькоўскі Франц Францавіч, 1863 году нараджэньня, беларус, повар сталоўкі інвалідаў у г. Менску. Асуджаны ў 1926 годзе як агент польскай разьведкі да ВМП. Расстраляны 8 траўня 1926 году.

... Артынскі Вікенці Антонавіч, 1850 году нараджэньня, селянін на хутары Ліпкі Заслаўскага раёну Менскай вобласьці. 13 лютага 1930 году асуджаны “тройкай” за сувязь з польскімі разьведворганамі да ВМП. Расстраляны.

Гэта ўсё беларусы-“польскія шпіёны”. Але відавочна, што і ўраджэнцы Беларусі, запісаныя палякамі, насамрэч у масе сваёй былі людзі тутэйшыя. А іх нацыянальнасьць (вельмі часта, дарэчы, падвойная – паляк-беларус) – гэта плён палянізацыі. Дык няўжо палянізацыя ў нас была больш інтэнсіўнай за русіфікацыю? Зразумела, не. Але тое, што яна была больш эфэктыўнай, гэта факт.

Некалі Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў такі дзіцячы вершык:

Блакіт нябёс і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус,
Мой край завецца Беларусяй,
А сам я хлопчык-беларус.

Вершык запомніўся зь першага разу і стаў нашым беларускім адказам на запаміналку “Кім ты естэсь – Поляк малы”. Усе нацыі ў пару свайго станаўленьня прыдумляюць такія вершыкі для сваіх малых, каб тыя зараз жа засвоілі, да якога народу яны належаць. З польскага “Кім ты естэсь” пачыналі сваю школьную навуку многія тысячы беларусаў, што траплялі ў хвалю палянізацыйных працэсаў. Але вось пытаньне. Расейскага такога вершыка няма. Больш за тое – і быць ня можа.

Тут хаваецца галоўнае адрозьненьне палянізацыі ад русіфікацыі. Першая накідала беларусам прыкметы сваёй нацыі і ўцягвала іх у палякі. Другая ішла з наднацыянальнымі прыкметамі імпэрыі. Першая давала мову, культуру і пачуцьцё далучанасьці да нацыі. Другая несла канцылярыт, ідэалёгію і субардынацыю. Вось чаму беларусы вельмі часта рабіліся палякамі, а расейцы, наадварот, часьцяком станавіліся ў нас беларусамі. І зьмена царызму на сталінізм у гэтых працэсах нічога сутнаснага не зьмяніла. Бальшавікі ня хлусілі, калі абяцалі разбурыць стары сьвет “до основанья”, а затым збудаваць новы. І збудавалі. На тым самым “основаньи”.

Канцылярыт, ідэалёгія і субардынацыя – тры чарапахі расейскага імпэрыялізму -- не зрабілі з нас расейцаў менавіта таму, што не былі (дый ня ёсьць) мовай, культурай і пачуцьцём нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, а толькі іх сурагатам. І, як кожны сурагат, яны несьлі ў сабе даведзены да абсурду падман і падмену паняткаў на кожным кроку. Свайго апатэозу гэты абсурд дасягнуў менавіта ў часы сталіншчыны.

ВАЙСКОВЫ -- ВАЕННЫ

Першую падмену зьнешне й не разгледзіш. Здавалася б, якая розьніца, вайсковы ці ваенны. Насамрэч вайсковы – гэта тое, што тычыцца войска, арміі, прафэсіі. А ваенны – тое, што тычыцца вайны і ўсіх, усяго народу. Мы жывем у Беларусі, а нашы вайскоўцы служаць у Беларускай вайсковай акрузе, за плотам. Але правільна яна называецца – Беларуская ваенная акруга. І гэта значыць, што яна і ёсьць – Беларусь, і мы ўсе жывем на яе тэрыторыі, незалежна ад таго, ці ёсьць на двары вайна, ці яе няма, ці лічым мы сябе цывільнымі людзьмі, ці не.

Скажам, калі ў 1930-м годзе на сялянку з падменскай Ратамкі 50-гадовую Марыю Іванаўну Юшкевіч паступіў данос у кампэтэнтныя органы, маўляў, нешта ня тое сказала Марыя Іванаўна пра савецкія парадкі, дык кампэтэнтныя органы адразу завялі справу аб антысавецкай агітацыі. Прычым называліся такія справы нават не крымінальнымі, а -- ваеннымі. Хоць ніякай вайной у 1930-м годзе яшчэ й ня пахла. Судзіла Марыю Іванаўну “тройка” і дала ёй пяць гадоў катаргі на Салаўках. А праз тры гады “ваенную справу” Марыі Іванаўны перагледзела калегія ОГПУ і пастанавіла датэрмінова вызваліць кабеціну. Але ня проста вызваліць, а пазбавіць пры тым на тры гады права жыхарства ў Беларускай ваеннай акрузе. Заўважаеце падмену паняткаў? У Беларускай вайсковай акрузе сялянка з Ратамкі ніколі не жыла і жыць не зьбіралася. Але дадому яе не пусьцілі ў Беларускую ваенную акругу. Нарэшце, праз шмат гадоў, ужо пасьля сьмерці Сталіна, справу Марыі Іванаўны разгледзеў ваенны трыбунал. Гэта каб фактычна ануляваць, за адсутнасьцю складу злачынства і рэабілітаваць няшчасную сялянку. Але зноў жа, чаму справу цывільнай сялянкі разглядае вайсковы трыбунал? А таму, што адбылася падмена, і трыбунал называецца -- ваенны.

Без вайны працуюць у нас ваенны трыбунал і ваенныя пракуроры. Па ідэі яны вайсковыя і маюць дачыненьне толькі да вайскоўцаў, а паводле назвы – да ўсіх нас. Па нашых вуліцах дагэтуль ходзяць ваенныя, у нашых кішэнях ляжаць ваенныя білеты, наша армія займаецца ваенным будаўніцтвам, а ў школах ды інстытутах праходзяць ваенную падрыхтоўку і ваенную катэдру...

Праз падмену вайсковага на ваеннае кожны цывільны чалавек у Беларусі
нібыта далучаны да вайсковых абавязкаў і мусіць несьці адказнасьць, прадугледжаную для карпарацыі, да якой ён не належыць – у гэтым выпадку, войска.

“ЗА ЗДРАДУ РАДЗІМЕ”

Адна ключавая падмена цягне за сабой цэлы абвал іншых. Напрыклад, здрада Радзіме. Быццам, зразумела, што тут да чаго, а калі ўдумацца...

За здраду Радзіме караўся ня толькі сам “здраднік”, але і яго жонка – з афіцыйнай фармулёўкай “жонка здрадніка Радзімы”, а таксама дзеці, цешчы і ўсе астатнія “члены сям’і здрадніка Радзімы”.

Мікалай Антонавіч Багдановіч зь вёскі Малінаўка Лагойскага раёну ў 1945-м, калі атрымаў пяць гадоў высылкі, меў усяго чатыры гады. Атрымаў болей, чым меў. На этап пайшоў як член сям’і здрадніка радзімы.

Марыя Дубініна, сялянка зь вёскі Шавернічы Бярэзінскага раёну ў 1946-м атрымала пяць гадоў высылкі як жонка здрадніка Радзімы. Асобна заведзены справы на яе дачок, двухгадовую Людмілу і Тамару, якой не было года. Яны таксама, як члены сям’і здрадніка Радзімы, атрымалі па пяць гадоў высылкі ў Краснаярскі край.

Са здраднікамі Радзімы ў нас кур’ёзная сытуацыя. Калі, скажам, за здраду Радзіме судзілі заходніх беларусаў. Нарадзіліся яны пад Польшчай, у школу пайшлі пад нямецкай акупацыяй. А тут прыходзіць савецкая ўлада і судзіць за здраду Радзіме, натуральна, сваёй, савецкай. А яны ні сном, ні духам. Ані пра дзедушку Леніна, ані пра сьцены дрэўняга Крамля, ані пра “гражданінам быць абязан”.

Гэтак бацьку і двух сыноў Юркевічаў зь вёскі Завугольле Крывіцкага раёну Маладачанскай вобласьці ў 1946-м за здраду Радзіме судзілі на восем гадоў папраўча-працоўных лягераў. Праз два гады гэты прысуд перагледзелі і адмянілі. Але гэтыя сяляне ў сваім Завугольлі і бачылі тую савецкую ўладу хіба што год альбо паўтара – перад самай вайною. Дапусьцім, яны гэтай уладзе нейкім чынам здрадзілі. Але здрадзілі ўладзе – гэткай самай чужой для іх, прышлай і рэпрэсіўнай, як нямецкая ці там даваенная польская. Падмена панятку ўлады паняткам Радзімы – яшчэ адна сталінская прыдумка, якая мусіла ўсіх людзей уцягнуць у карпаратыўнае поле гэтай канкрэтнай улады і зрабіць іх перад ёй вінаватымі.

“ПАМЁР У ППЛ”

Вайсковы-ваенны... А чаму ўвогуле гэтымі архівамі, дзе амаль сто адсоткаў ахвяраў – цывільнае насельніцтва, якое напраўду нікому не зрабіла шкоды – чаму імі займаецца КГБ -- структура нацыянальнай бясьпекі? Яшчэ можна фармальна неяк прывязваць белымі ніткамі справы, дзе фігуруе шпіянаж, а што да антысавецкай агітацыі... -- якое дачыненьне маюць гэтыя тысячы справаў да сёньняшняй РБ і яе бясьпекі?

Падмена паняткаў на тое й робіцца, каб губляўся ўсялякі сэнс. Вось яшчэ адна надзвычай пашыраная ў картатэцы фраза: “Памёр у ППЛ”. На канцылярыце катаргу называлі папраўча-працоўным лягерам. Асуджаныя – галоўным чынам, працоўныя людзі – нібыта працаю мусілі выпраўляць сваё непрыманьне калектывізацыі і савецкага беззаконьня. Карнікі й самі разумелі, што нікога яны не “паправяць”, але гучала, напэўна, больш гуманна. Дакладней, больш бессэнсоўна.

Аднак вернемся да фразы “Памёр у ППЛ”. Тут у канцылярыце мы маем справу ўжо не з падменаю словаў, а з падманам справай. ППЛ па сутнасьці – хіба гэта ня тое самае, што ВМП? Калі вам “тройка” дае не расстрэл, а катаргу ў Сібіры з тым самым, толькі расьцягнутым у часе вынікам.

Самы гібельны год для асуджаных на катаргу беларусаў у савецкай пэнітэнцыярнай сыстэме – 1942. Ясна, што ў лягерах было поўна садыстаў і што людзі не адыходзілі з жыцьця на разьвітальнай пасьцелі. Паміралі, галоўным чынам, ад пабояў і катаваньняў. Часам і ў справы гэта трапляла словам – ад крывазьліцьця.

1942 год. Гэта не пачатак вайны, але й пералом у вайне яшчэ не настаў. Ніхто ня ведае, у які бок хісьнецца ківач гісторыі. Уся Краіна саветаў у адзіным напружаньні робіць неверагодныя высілкі, каб пераламіць пераможны наступ войскаў гітлераўскага рэйху. Гэтай мэце аддаецца ўсё – і жыцьцё салдата на перадавой, і талент генэрала, і ўся энэргія заводаў тыла. А тым часам што адбываецца зь мільёнамі зьняволеных ГУЛАГу? Дакладней, што адбываецца ў мазгах вертухаяў, якія ня ўключаныя ў працэс ваеннага супрацьстаяньня? Яны па-вертухайску прыкідваюць – а што, калі? А што калі пералому не наступіць?.. На далейшыя развагі не стае розуму і адукацыі. Тут самае галоўнае, падымаецца аднекуль з-пад страўніка тая глыбока схаваная ў чалавечай душы муць – уседазволенасьць і асалода забойства іншага чалавека і беспакаранасьць. Кантроль зьверху фактычна адсутнічае, бо перакінуты кудысьці на фронт. І ГУЛАГ ператвараецца ў сапраўднае пекла. Вось адкуль гэты 1942 год, калі лёсы нашых рэпрэсаваных суайчыньнікаў найчасьцей сканчаліся радком “Памёр у ППЛ”.

Нехта скажа, што людзі часам і самі паміраюць. Старасьць, хваробы... Сярэдні ўзрост “памерлых у ППЛ” мужчын – 40-50 гадоў. Для жанчын гэты тэрмін наступаў на дзесяць гадоў раней. Але пра жанчын я скажу потым.

... Баярын Алімпі Архіпавіч, 1865 году нараджэньня, беларус, селянін зь вёскі Баркі Халопеніцкага раёну. 20 кастрычніка 1937 году асуджаны “тройкай” за антысавецкую агітацыю на 10 гадоў ППЛ у Цемлаг НКВД. 13 траўня 1942 году памёр у ППЛ.

Гэты Алімпі Баярын ужо на момант прысуду меў 72 гады, а яму ўляпілі 10 гадоў катаргі. Цемнікаўскі лягер знаходзіўся ў Мардовіі і займаліся там лесапавалам. Дзіва, што наш дзед дацягнуў яшчэ да сямідзесяці сямі. Калі яго туды адпраўлялі, напэўна ж і ён сам і опэры разумелі, што гэта фактычнае ВМП. Але працягнулі пакуты. Дзядоў шкада, толькі тут у нас няма такіх яскравых падставаў назваць іх сьмерць заўчаснай, як у выпадках з маладымі.

... Юшкевіч Ігнат Паўлавіч, 1916 году нараджэньня, сьлесар-токар кавальскай арцелі ў горадзе Беразіно. У 1937-м асуджаны за антысавецкую агітацыю на 10 гадоў ППЛ у Магадан. 26 лютага 1942 году памёр у ППЛ.

Гэты маладзён з кавальскай арцелі напэўна ж ня скардзіўся на здароўе. Але вось памёр, маючы ўсяго 26 гадоў. І такія выпадкі зусім ня рэдкасьць. Станіслава Буйку, селяніна з Плешчаніцкага раёну асудзілі за сувязь з польскім агентам, калі яму было ўсяго 19. А праз год, на катарзе ў Архангельскай вобласьці хлопца ня стала. Лявонцію Буланчыкаву, 36-ці гадоў, вэтэрынарнаму лекару зь Сіроцінскага раёну Віцебскай вобласьці, якога судзілі за антысавецкую агітацыю, не ўдалося нават да катаргі даехаць. “Памёр пад вартай”.

... Люльковіч Антон Сяргеевіч, 1914 году нараджэньня, селянін зь вёскі Дзівін Кобрынскага раёну. Асуджаны ў 1940 годзе за сувязь з польскай паліцыяй на 5 гадоў ППЛ у Комі АССР. 2 лістапада 1942 году памёр у ППЛ.

Выходзіць, Антону Люльковічу было 28 гадоў. Таксама ня век для натуральнага сыходу.

Цяпер пра жанчын. Зь імі зусім бяда. Іх, праўда, і рэпрэсавалі крыху меней, чым мужчын. Але і прынцып натуральнае сьмерці ад старасьці тут статыстычна не праглядаецца. Нават наадварот, маладзейшыя паміралі ў лягерах першымі.

... Шыдлоўская Ганна Пятроўна зь вёскі Слабада Узьдзенскага раёну, беларуска. 12 гадоў. У 1935 годзе як член кулацкай сям’і выслана ў г. Котлас Архангельскай вобласьці. Праз год, у 1936-м, памерла ад голаду.

... Яічка Яніна Язэпаўна, 20 гадоў, беларуска, памочнік фармацэўта аптэкі пры цэнтральнай паліклініцы г. Менска. У 1944 годзе за здраду Радзіме асуджаная на 10 гадоў ППЛ, Севураллаг, Сьвярдлоўская вобласьць. 3 лістапада 1947 году памерла ў ППЛ.

... Сурымта-Мілашэўская Браніслава Станіславаўна, 27 гадоў, полька, калгасьніца зь вёскі Шэпелі Заслаўскага раёну Менскай вобласьці. У 1938 годзе асуджаная як агент польскай разьведкі на 10 гадоў катаргі ў Карлаг, Архангельская вобласьць. 24 лістапада 1938 году памерла ў ППЛ.

... Змачынская Вера Ўладзімераўна, 19 гадоў, навучэнка Курсаў бухгалтараў, г. Менск. У 1945-м асуджаная як член СБМ на 5 гадоў ППЛ. 12 траўня 1950 году памерла ў ППЛ.

... Кунцэвіч Валянціна Іпалітаўна, 20 гадоў, беларуска, сялянка зь вёскі Новы Пагост Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. 18 чэрвеня 1941 году асуджаная за контррэвалюцыйную дзейнасьць на 8 гадоў ППЛ. Памерла ў ППЛ.

... Ласоўская Антаніна Мікалаеўна, 26 гадоў, студэнтка Менскага політэхнічнага інстытуту. У 1937-м асуджаная “асобай нарадай” як жонка ворага народа на 8 гадоў катаргі ў Крлаг, г. Акмолінск. Праз паўгода памерла ў ППЛ.

... Малецкая Алена Іванаўна, 16 гадоў, беларуска, сялянка ў вёсцы Альхоўка Ветрынскага раёну Полацкай акругі. У 1930-м асуджаная за антысавецкую агітацыю на тры гады высылкі ў Томскую акругу. 3 траўня 1930 году памерла ў ссылцы.

* * *

Сталінскі канцылярыт, як мова Элачкі Людаедкі, складаецца зь дзясятка фармулёвак, дзясятка назваў падразьдзяленьняў ГУЛАГу і дзясятка абрэвіятур – ВМП, ППЛ, НКВД... На гіганцкім канвэеры абсурду гэтага дастаткова, каб апісаць жыцьцё і сьмерць соцень тысяч людзей. Калі б яшчэ й самі людзі называліся нумарамі ці абрэвіятурамі, архівы КГБ дасягнулі б поўнае дасканаласьці – поўнай абстракцыі, перасталі б увогуле што-небудзь значыць. Напэўна, самі выканаўцы гэтага злачынства і ймкнуліся да такога абстрагаваньня, за якім сутнасьць злачынства прападае. Яно б так і было. І толькі жывыя імёны і прозьвішчы людзей разбураюць гэтую сьмяротную пустату і абстракцыю. Яны ўсе непадобныя і адзінкавыя, яны – адзіны прыстанак гуманізму ў гэтай касьмічнай кагэбэшнай бясконцасьці. І толькі ў іх утрымліваецца праўда таго, што насамрэч адбылося з народам і з краінай. Яны нават праз гэтыя самыя імёны і назвы шлюць нам пасланьне са сваёй невараці. Як, да прыкладу, асуджаны на ссылку за антысавецкую агітацыю старэнькі селянін Кірыла Трахімавіч Баравік зь вёскі Вечнасьць Круглянскага раёну. Так і пайшоў з адной вечнасьці ў іншую вечнасьць...

Падступныя сталінскія падмены нікуды ня зьніклі і з нашага сёньняшняга жыцьця. Па-ранейшаму ўсё вайсковае называецца ў нас ваенным, канцылярыт служыць другой, а насамрэч першай дзяржаўнай мовай, і вялікі суседні народ так і ня склаў свайго вершаванага адказу на пытаньне “Кім ты естэсь?” Уся дзяржаўная ідэалёгія па-ранейшаму слова Радзіма трактуе як Савецкі Саюз – зьніклую атлянтыду бальшавіцкай імпэрыі, ад якой зноў засталося адно толькі “основанье” той самай расейскай імпэрыі. І таму “здрада Радзіме” ў нас па-ранейшаму ёсьць здрадаю ўладзе, рэжыму і яго кіраўніку. “Брыдкаслоўе”, за якое садзяць на суткі іншадумцаў, нічым не адрозьніваецца ад “антысавецкай агітацыі”, а “хуліганства”, за якое садзяць у турмы на гады, -- ад “шпіянажу на карысьць Польшчы”. Пры гэтым даказваць віну няма ніякай патрэбы, бо судзяць не суды, а тыя самыя, па сутнасьці, “двойкі”, “тройкі” і “асобыя нарады”, дзе сьведкамі выступаюць тыя самыя опэрупаўнаважаныя НКВД. І людзі нашы ў масе сваёй ставяцца да ўсяго гэтага гэтаксама абыякава, як тады, калі здавалася, што абы мяне гэта ўсё не закранула, а закране, дык абы далі гады тры і лепш высылкі, чым дзесяць і катаргі, а калі дзесяць, дык лепш бы ў Комі, чым на Калыму, а не, дык няхай бы і ў Калыму, абы не ВМП.

Так і жывем, і ніяк не дачакаемся абуджэньня нацыянальнае памяці і нацыянальнае волі. Так і будзем жыць, пакуль будзем звычайным тлумам, насельніцтвам, запаўняльнікамі прасторы, пакуль ня станем народам і нацыяй.

XS
SM
MD
LG