Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пажары пад Кіевам загінулі 5 чалавек. «Сытуацыя ўзята пад кантроль» — Турчынаў


Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў паведаміў, што ратавальнікі здолелі лякалізаваць пажар і прадухіліць небясьпеку яго пашырэньня.

«Пажарнікі трымаюць сытуацыю пад поўным кантролем», — заявіў Турчынаў.

Міністар унутраных справаў Арсен Авакаў зазначыў у тэлеінтэрвію, што «крызіс будзе цалкам вырашаны на працягу наступных 12 гадзін».

Авакаў паведаміў, што целы трох пажарнікаў, якія не выходзілі на сувязь, былі знойдзеныя. Ратаўнічыя службы паведамілі яшчэ пра двух загінулых.

У МУС паведамлялі, што паводле стану на 17:00 9 чэрвеня вядома пра двух загінулых. Дванаццаць з траўмамі знаходзяцца ў шпіталі, зь якіх сем працаўнікоў Дзяржслужбы надзвычайных сытуацыяў (ДСНС) Украіны, і яшчэ двое лічацца зьніклымі бязь вестак.

Па факце гібелі людзей падчас пажару на нафтабазе міліцыя распачала крымінальную справу па артыкуле «парушэньне правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечных прадпрыемствах або выбухованебясьпечных цэхах» Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.

Ліквідацыя пажару працягваецца. Паводле ДСНС, працягваюць гарэць толькі тры рэзэрвуары, астатнія рэзэрвуары зруйнаваныя, ратавальнікі зайшлі на тэрыторыю нафтабазы і ліквідуюць нязначныя ачагі пажару.

Пажар пачаўся 8 чэрвеня ў другой палове дня. Спачатку ратавальнікі паведамлялі пра чатыры ахопленыя полымем рэзэрвуары (агулам на нафтабазе 17 рэзэрвуараў).

Паводле дарадцы кіраўніка МУС Зорана Шкірака, сьледзтва разглядае некалькі вэрсіяў прычын маштабнага пажару на нафтабазе «БРСМ-Нафта». Ён адзначыў, што адной з асноўных прычын могуць быць грубыя парушэньні правілаў захоўваньня нафтапрадуктаў, таксама разглядаюцца тэхнічны складнік і наўмысны падпал. У кампаніі «БРСМ-Нафта» асноўнай вэрсіяй пажару на нафтабазе называюць наўмысны падпал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG