Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На беларуска-украінскай мяжы — вучэбная мабілізацыя. Рэзэрвістам прыходзяць позвы


На Гомельшчыне беларускія сілавікі паводле распараджэньня кіраўніка дзяржавы адпрацоўваюць сыстэму ўзмацненьня аховы дзяржаўнай мяжы на паўднёвым напрамку.

У бок Украіны ўжо накіраваны вайскоўцы мабільнай роты 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады ў суправаджэньні гелікоптэраў Мі-8. Пасьля маршу яны перайшлі ў апэратыўнае падпарадкаваньне камандаваньня Мазырскага памежнага атраду, сфармаванага тут летась пасьля аналягічнай праверкі.

Міністэрства абароны паведамляе і пра марш падразьдзяленьня 103-й асобнай мабільнай брыгады сіл спэцапэрацый узброеных у раён Касьцюкоўкі Гомельскай вобласьці. Асабовы склад спэцпадразьдзяленьня падчас перамяшчэньня вучыўся адбіваць напад ўмоўнага праціўніка.

Тым часам у Ельску распачата фармаваньне штабу раёну тэрытарыяльнай абароны і асобнай стралковай роты тэрытарыяльных войскаў.

Першыя прызваныя з запасу рэзэрвісты, ці, як іх называлі ў савецкія часы — «партызаны», ужо разьмяшчаюцца ў раённым цэнтры. Ім належыць вывучыць службовыя абавязкі, атрымаць зброю і боезапас са складаў беларускіх узброеных сілаў.

Мясцовы жыхар апавядае: «Пакуль іх разьмясьцілі ў школе-інтэрнаце — тых, хто служыць будзе. Сабралі, падаецца, сёньняшнім днём. Усіх запар — там афіцэры, сяржанты, радавыя».

Позвы на зборы атрымалі многія вяскоўцы, хто раней служыў у войску і мае статус ваеннаабавязанага.


Маладая кабета Сьвятлана зь вёскі Падгальле, што месьціцца непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы, распавяла:

«Забіраюць мужыкоў з нашага Падгальля, з Засінцаў — багата каго забіраюць. На вучэньні забіраюць. Заўтра раніцай іх і павязуць».

Нейкай асаблівай трывогі наконт вучэньняў, якімі прадугледжваецца фармаваньне памежных заставаў, атрадаў тэрытарыяльнай абароны, а ў Мазыры яшчэ й падразьдзялення ўнутраных войскаў для аховы важнага аб’екту, вяскоўцы ня маюць.

У Ельскім раёне, дарэчы, стала жыве шмат ўкраінцаў. Каля трох з паловай сотняў зь іх пераехалі сюды пасьля разьвязанай пры падтрымцы Расеі сэпаратысцкай вайны на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Таму найбольшы неспакой у тутэйшых жыхароў менавіта пра сваякоў, што засталіся на працілеглым баку мяжы, і асабліва пра тых, каго могуць прызваць на вайну.


Беларуская ўкраінка зь вёскі Засінцы:


«Тут ціхенька ў нас і спакойна ўсё. А дзеткі мае ў Оўручы, у Кіеве. І ўнучаты там. Плачу кожны дзень, Бога малю, каб не забралі на тую вайну. Унукі ўжо вялікія — па 27-29 гадоў. Такія ўжо хлопцы. Ой-ой, позвы ж прыходзяць. Паедзь туды, дык ці калека, ці яшчэ што. Нармальнымі ўжо ў не вяртаюцца».


Грамадзкі актывіст, афіцэр запасу і ўраджэнец Ельску Васіль Сіліверст, які, як і многія іншыя тутэйшы жыхары езьдзіць у недалёкі ўкраінскі Оўруч на закупы, лічыць, што казаць пра нейкую пагрозу Беларусі з боку Ўкраіны не выпадае:


«Мы як езьдзілі ва Ўкраіну за таварамі, за харчамі, дзе яны таньней, так і езьдзім. Ніхто тут нікому не перашкаджае і не пагражае».


Адзінае, на думку Сіліверста, чаго могуць апасацца беларускія ўлады, разгортваючы камандна-штабныя вучэньні, — гэта кантрабанднага перамяшчэньня тавараў і, ня дай Бог, зброі. Нездарма ж на сайце беларускага памежнага камітэту днямі зьявілася паведамленьне пад загалоўкам: «Рэха вайны ва Ўкраіне гучыць каля мяжы Беларусі» . У ім распавядалася аб тым, што ўкраінскія калегі затрымалі ў Ровенскай вобласьці паблізу мяжы з Беларусьсю сямёх мужчын, якія прапаноўвалі мясцоваму люду купіць боезапасы.

Аднак хутчэй за ўсё памежныя вучэньні на паўдзённым напрамку — гэта своеасаблівая рэпетыцыя абароны мяжы ад гібрыднай вайны — такой, якая прыйшла ва Ўкраіну з усходу. Такую думку, у прыватнасьці, выказаў у медыях вядомы вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. На поўдні ідзе адпрацоўка дзеяньняў па ўсім пэрымэтры беларускай мяжы, у тым ліку і на тысячакілямэтровым участку з усходу.

XS
SM
MD
LG