Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Поруч з крадзяжамі, рабункамі і незаконным абаротам наркотыкаў наўмысныя забойствы — адзін з найбольш распаўсюджаных відаў злачынстваў, за якія адбываюць пакараньні ў беларускіх папраўчых установах.

Сёньня мы будзем гаварыць пра тое, што штурхае чалавека на такі крок — забіць сабе падобнага.

Комплекс Мэдэі

Як адзначаюць псыхааналітыкі, агрэсія ды жорсткасьць заўсёды былі ў прыродзе чалавека. Не дазваляюць гэтым якасьцям праяўляцца ў поўную сілу цывілізацыя, законы, розныя сацыяльныя табу, маральныя нормы ды самакантроль. Хоць у крытычны момант стрымліваецца далёка ня кожны і не заўсёды. Асабліва гэта апошнім часам тычыцца жанчын. Лічыцца, што іхняя жорсткасьць не ідзе з мужчынскаю ні ў якае параўнаньне.

Заходнія крымінолягі занепакоеныя такой тэндэнцыяй, як комплекс Мэдэі, калі жанчына насуперак усім сваім матчыным інстынктам, як гераіня старажытнагрэцкай міталёгіі, ідзе на забойства ўласнага дзіцяці. Дзетазабойства, якое яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму заставалася, вобразна кажучы, на задворках юрыспрудэнцыі, сёньня ў шмат якіх краінах сьвету перарасло ў вострую сацыяльную праблему.

Калі ўзяць Беларусь, то з кожным годам тут усё больш дзяцей, чый першы дзень жыцьця гвалтоўна становіцца апошнім. На паліцах моргаў усё больш безыменных трупаў немаўлятак. Толькі афіцыйна раскрытых злачынстваў, калі маці выкідаюць сваіх малых у сьметніцу і ў акно, топяць, падпальваюць, закопваюць у сумёт — штогод зь дзясятак.

На гэтым тыдні вялікі рэзананс у СМІ выклікаў судовы працэс над 34-гадовай мянчанкай, якая сёлета ў студзені спачатку напаіла свайго трохгадовага сына віном, а потым выкінула яго з 12-га паверху. Псыхалягічна-псыхіятрычная экспэртыза тым часам прызнала абвінавачаную цалкам адэкватнай. Жанчыне прысудзілі 23 гады калёніі.

25-гадовая Наста К. каля двух гадоў адседзела ў Гомельскай жаночай калёніі № 4 за наркотыкі. У гэтай ўстанове будзе адбываць пакараньне і асуджаная маці-забойца. Наста кажа, што такіх жанчын за кратамі бачыла нямала. Агульнае стаўленьне да іх з боку астатніх зэчак нашмат мякчэйшае, чым яшчэ гадоў 10 таму. Такія асуджаныя, якія забіваюць, нявечаць, прадаюць сваіх дзяцей, сталі ў месцах пазбаўленьня волі даволі звыклай зьявай, бо жыцьцё чалавека абясцэнена роўна настолькі, наколькі ўзрасла штодзённасьць жорсткасьці.

Раней жанчын-дзетазабойцаў на зоне дзеля бясьпекі трымалі асобна.

Наста: «Ад старых зэчак я чула, што раней жанчын-дзетазабойцаў на зоне дзеля бясьпекі трымалі асобна. Бо іх вельмі моцна зьбівалі і нават маглі наогул забіць. Такім не было ні дараваньня, ні літасьці. Цяпер іншы час... Дзетазабойцы сёньня ў атрадах разам з усімі, а адміністрацыя нават дае ім нейкія пасады кшталту розных старшыняў, каб іншыя не спрабавалі зь імі неяк распраўляцца... Увогуле за кратамі шмат іншых ня менш жорсткіх злачынак — жанчын, якія забівалі мужоў, бацькоў, маці. За кратамі ўбачыш шмат жаночай агрэсіі. Кожнае слова ўспрымаецца ў штыкі, кожнай здаецца, што яе хочуць неяк зьняважыць, абразіць. Слова за слова — сварка. Калі даходзіць да бойкі, то адміністрацыя за гэта карае. Таму адносіны высьвятляюць у капцёрках, на закрытых тэрыторыях».

Наста перакананая, што пры пэўных абставінах забойцам можа стаць кожны. Сама яна аднойчы, калі ў яе была ломка, нават замахнулася нажом на маці, патрабуючы ад яе грошы на дозу. Добра, што побач былі суседзі. Дзяўчына кажа, што не аднойчы каялася ў царкве за гэты ўчынак. А ў той момант уся яе агрэсія, пра якую яна раней нават не падазравала, вырвалася вонкі, і спыніць гэта яна ніяк не магла.

Забойцы на вайне і забойцы ў зоне

Ці сапраўды забойца, як лічыць Наста, жыве ў кожным з нас? І ці трэба нам у такім выпадку баяцца саміх сабе? Заснавальнік псыхааналізу Зыгмунд Фройд у сваіх працах адказвае на такое пытаньне станоўча. А тлумачыць гэта прыроджанымі інстынктамі чалавека. Паводле ягоных дасьледаваньняў, фантазіі некаторых псыхічна хворых дзіўным чынам супадаюць зь міталягічнымі касмагоніямі старажытных народаў, а пра такія рэчы ягоныя неадукаваныя пацыенты не маглі мець ніякага ўяўленьня.

Тым часам сярод тых, хто аспрэчвае тэорыю аўстрыйскага псыхіятра, — і ваенныя гісторыкі, і самі былыя жаўнеры. Аказваецца, на вайне, дзе мужчынам больш кіруе прыроджаны інстынкт ваяра ды паляўнічага, страляць у ворага гатовыя далёка ня ўсе. Паводле апытаньняў салдат амэрыканскага войска ў канцы Другой сусьветнай вайны, толькі 15% пяхотнікаў ЗША пускалі ў ход агнястрэльную зброю, астатнія пазьбягалі страляць у ворага.

Былы палітвязень, воін-аўганец Мікалай Аўтуховіч узгадвае, што ў Аўганістане ён бачыў нямала людзей, якія адкрыта казалі: я не магу забіваць, я не пайду на вайну... І не ішлі.

Мікалай Аўтуховіч пасьля вызваленьня з турмы

Мікалай Аўтуховіч пасьля вызваленьня з турмы

Аўтуховіч: «Я ведаў людзей, якія нават адкрыта казалі, што я лепш буду ўсе нарады цягнуць у палку, але «не паеду на вайну», бо вельмі баюся. Былі такія афіцэры, вось намесьнік начальніка штабу батальёну. Ніколі не хадзіў і адкрыта казаў: " хлопцы, я баюся — і рабіце што хочаце". І да яго добра ставіліся. Так. Ён быў у баявым палку. Але на вайну не хадзіў. На вайну ж хадзілі няшмат людзей, якія былі ў Аўгане. Многія ніколі не сутыкаліся з душманамі.

Вайна, яна заўсёды штосьці мяняе ў чалавеку ўнутры. На другі дзень, як я трапіў на заставу, дзе потым служыў, гэта недалёка ад Кандагару, у нас было шэсьць трупаў, нават сем — шэсьць салдат і прапаршчык. Прапаршчык на тыдзень раней за мяне прыйшоў, беларус быў. Ніякавата было адразу столькі сьмерцяў пабачыць».

На вайне ўвесь час ходзіш побач са сьмерцю, сваёй ці чужой. Могуць забіць цябе, але і ты можаш забіць праціўніка. Ці даводзілася Аўтуховічу самому забіваць душманаў? Мікалай адказвае сьцісла, але шчыра: «Чаму ж не даводзілася? Быў у такіх перапалках, што й забіваў. Але я нікому ніколі пра гэта не расказваў. Навошта?»

У Аўганістане Аўтуховіч праслужыў два гады і тры месяцы, бо «пад вывад трапіў і замены не было». Ён успамінае, што калі савецкія часьці выходзілі на буйную апэрацыю, душманы заўсёды былі папярэджаныя і чакалі. І тады бывала адразу нямала, як кажуць у войску, «двухсотых» і «трохсотых», то бок забітых і параненых.

Калі салдаты, якія забівалі праціўнікаў на вайне, трымаюць, як правіла, гэтыя выпадкі ўнутры сябе, то сэрыйныя забойцы, з тых, каго даводзілася сустракаць за кратамі, нярэдка пазыцыянавалі сябе ледзь не героямі, кажа Мікола Аўтуховіч:

Мікалай Аўтуховіч пасьля вайны ў Аўганістане

Мікалай Аўтуховіч пасьля вайны ў Аўганістане

Аўтуховіч: «Я бачыў такіх, якія лічылі сябе героямі і ганарыліся, што могуць гэта зрабіць. Некаторыя казалі: мне й цяпер забіць чалавека лёгка. Былі і тыя, хто, апусьціўшы галаву, казаў, што не хацеў, так атрымалася, не кантраляваў сябе. Па-рознаму розныя людзі ставяцца да забойства. У калёніі, у турме вельмі шмат такіх людзей, крымінальнікаў, якія ходзяць у царкву, моляцца, чытаюць Біблію. Такія набожныя. Яны амаль усе набожныя, злачынцы-крымінальнікі, забойцы тым больш».

Нармальны чалавек не заб’е нават пад наркотыкамі ці алькаголем

Турэмны псыхоляг Віталь працуе ў адной зь беларускіх папраўчых устаноў строгага рэжыму. У гэтай калёніі ўтрымліваюцца тыя, хто ўчыніў вельмі жорсткія забойствы і мае вырак да 25 гадоў. Паводле Крымінальнага кодэксу, максымальны тэрмін па сукупнасьці злачынстваў, калі ўчынена не адно, а некалькі забойстваў, можа дасягаць 30 гадоў. Максымальны тэрмін па сукупнасьці прысудаў, калі асуджаны за забойства забіў кагосьці яшчэ і за кратамі, яшчэ большы — 35 гадоў. Віталь кажа, што на практыцы яму асуджаных з такімі тэрмінамі сустракаць не давялося. Такім, як правіла, прызначаюць пажыцьцёвае, а то і ўвогуле расстрэл. На падставе свайго досьведу працы з падобным кантынгентам турэмны псыхоляг мяркуе, што забойцам можа стаць асоба з пэўнай псыхічнай арганізацыяй, найчасьцей той, хто атрымаў маральную траўму ў дзіцячыя гады.

Віталь: «Нармальны чалавек зьдзейсьніць жорсткае забойства ня можа нават пад узьдзеяньнем наркотыкаў ці алькаголю. Мы маем справу ў такіх выпадках з пэўнымі псыхічнымі адхіленьнямі. Бывае і так званае нарастаньне рэцыдыву. Спачатку хуліганства, потым нанясеньне цялесных пашкоджаньняў, потым забойства. Забіваюць жорстка і гвалтоўна на так званай бытавой глебе, прычым вельмі шмат, і зноў жа гэта элемэнт досыць крымінальны. Тыповы выпадак: двое, прычым не забойцы, разам п’юць. Адзін схапіўся за нож, другі таксама. Але, зразумела, адзін ударыў першым. У прынцыпе, ахвяра тут таксама патэнцыйны забойца».

Ці паходзіць ад такіх сядзельцаў нейкая небясьпека для іншых вязьняў?

Ва ўмовах калёніі строгага рэжыму такія людзі паводзяць сябе прыстойна. Гэта ня значыць, што яны зьмяніліся і сталі нармальнымі. Сапраўдная прычына — у жорсткай турэмнай ізаляцыі.

Як кажа Віталь, ва ўмовах калёніі строгага рэжыму такія людзі паводзяць сябе прыстойна. Гэта ня значыць, што яны зьмяніліся і сталі нармальнымі. Сапраўдная прычына — у жорсткай турэмнай ізаляцыі. За агароджу чалавек ня выскачыць. Пры кепскіх паводзінах яго чакае немінучае пакараньне. Такія звычайна, наадварот, паводзяць сябе вельмі добра, імкнуцца ўцерціся ў давер адміністрацыі, нават ідуць на цяжкую працу. Яны рэальна ўсьведамляюць, што калі будуць сябе кепска паводзіць, то і ставіцца да іх будуць адпаведна, прычым ня месяц, ня год, а вельмі і вельмі працяглы час.

Ці могуць гэтыя людзі выправіцца? Напрыклад, праз каханьне ды міласэрнасьць?

«Праз каханьне ды міласэрнасьць? — перапытвае турэмны псыхоляг. — Напэўна, гэта можа кожнага выправіць. Ці, наадварот, «выкрывіць». У калёніі, напрыклад, ёсьць такі напрамак турэмнай дзейнасьці, як устанаўленьне ды ўмацаваньне сацыяльных сувязяў, каб асуджаныя кантактавалі з бацькамі, жонкамі, дзецьмі, а таксама, калі ў іх ёсьць такое жаданьне, стваралі і сем’і. І сем’і ствараюцца. Паводле статыстыкі, кожны чацьвёрты шлюб распадаецца яшчэ ў турме. Колькі захоўваецца такіх шлюбаў пасьля вызваленьня — такой статыстыкі мы ня маем. Агульная думка, што такія саюзы заключаюцца дзеля карысьлівых мэтаў. Жонка прыяжджае на спатканьні, заўсёды нешта з сабой прывозіць».

Калі табу не закладзеныя ў дзяцінстве, злачынства здарыцца

Да таго як прыйсьці ў грамадзкае аб'яднаньне «Плятформа» Алёна Красоўская-Касьпяровіч працавала медсястрой у турэмным шпіталі на тэрыторыі менскай калёніі №1 на Кальварыйскай. Там жа сустрэла свайго будучага мужа Андрэя Касьпяровіча. У канцы 1990-х ён належаў да арганізаванай злачыннай групоўкі. Тэрмін ягонай апошняй судзімасьці складаў 18 гадоў. Зь іх асуджаны пасьпеў адседзець толькі палову. Тры гады таму Андрэй памёр у папраўчай установе ў Навасадах. Пра тое, як яна, Алёна, даволі пасьпяховая на той час жанчына, наважылася на шлюб з забойцам, мая суразмоўца кажа:

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«Нам, супрацоўнікам, пэрыядычна паказвалі справы асуджаных, зь якімі мы мусілі сутыкацца штодня і папярэджвалі: вось з гэтымі ніколі... Справа Андрэя была першай справай, якую мне паказалі ў выхаваўчых мэтах. Калі азнаёмілася, адчула сябе кепска. Потым я ўбачыла гэтага чалавека і пачула ад яго нечаканае: за тое, што ён нарабіў, яго пакаралі занадта мякка. Гэта было вельмі дзіўна чуць на тле расповедаў астатніх, якія сьцьвярджалі, што яны не вінаватыя і ледзь не сапраўдныя анёлы. Мяне неяк зацікавіў гэты чалавек, які ўсьведамляў сваё мярзоцьце. Потым я зразумела, што зь ім мне лепш, чым безь яго. Паўстала пытаньне: а ўсё, што ён зьдзейсьніў — гэта як? Калі я ўпускаю яго ў сваё жыцьцё, то як з гэтым жыць мне? Я паставіла Андрэю ўмову расказаць мне ўсё. Я не была ўпэўненая, што застануся зь ім пасьля таго, як буду ведаць усё. Гэтая размова цягнулася не адну гадзіну і не адзін дзень... Я не зышла. Пра гэты свой крок не шкадую».

Алёна ўпэўненая: тое, што здарылася вясной 2012-га ў камэры ШЫЗА зь яе мужам, калі яго знайшлі павешаным, — гэта мусіла адбыцца. Адплата за ўчыненае прыйшла да яго празь дзевяць гадоў вось у такім выглядзе. Кажа, што як жонцы ёй цяжка, балюча, жахліва. Але... гэта справядліва.

«Як і любы звычайны чалавек, — распавядае жанчына, — я не магла ўявіць сабе, як гэта можна пазбавіць некага жыцьця. Размоваў на гэтую тэму было шмат, прычым вельмі цяжкіх. Аднойчы на пытаньне — чаму? — ён адказаў: бываюць пэўныя сытуацыі, калі забіць можа кожны... Ёсьць тыя, хто забівае, баронячы каханую жанчыну або дзіця, ёсьць забойства дзеля самаабароны, ёсьць — дзеля помсты або каб завалодаць чужой маёмасьцю. Тут вельмі шырокі спэктар пабуджальных матываў. Яшчэ — існаваньне ці адсутнасьць пэўных табу. Калі гэтыя табу не закладзеныя ў дзяцінстве і для чалавека тыя ж грошы важнейшыя за чалавечае жыцьцё, злачынства абавязкова здарыцца».

Андрэй Касьпяровіч на час знаёмства з будучай жонкай, Менск, ПК № 1, 2006 год

Андрэй Касьпяровіч на час знаёмства з будучай жонкай, Менск, ПК № 1, 2006 год

Пыталася Алёна і пра тое, ці ня мучаць мужа кашмары, ці ня сьніць ён тых людзей? Ён адказваў: сьніцца першае. Гэта вельмі моцны ўдар па нэрвах. Аднак з часам гэта праходзіць. Гаварылі і пра тое, ці не шкада было тых людзей? Чула наступнае: «Шкада, але ня ўсіх. Хутчэй было сорамна за тое, што раблю. Таму я заўсёды быў у цёмных акулярах».

«На спатканьнях з мужам, а таксама падчас працы ў ПК-1, — працягвае Алёна Красоўская-Касьпяровіч, — мне даводзілася шмат сутыкацца і зь іншымі асуджанымі за забойствы ды назіраць за іхнімі паводзінамі. У мяне такое адчуваньне, што гэта тыя, хто носіць маску, як кажуць, два ў адным. Калі на кароткі момант нечакана даводзілася бачыць такога чалавека без маскі, прыходзіла разуменьне: гэты можа...

Мой муж гаварыў: «Пасьля таго як ты забіў, ты ўжо іншы чалавек».

Стрэс, які цяжка з чым параўнаць

Былы начальнік «Валадаркі» і расстрэльнай каманды Алег Алкаеў ад 2001 жыве ў Бэрліне. Апошнім часам мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Працэдурай выкананьня сьмяротнага выраку ў Беларусі палкоўнік міліцыі кіраваў пяць гадоў. Паводле ягоных словаў, той стрэс, які перажываеш, расстрэльваючы чалавека, нават цяжка з чым параўнаць. Безумоўна, гэта ня можа не адбіцца на псыхічным стане любога выканаўца. У многіх пры самым першым расстрэле ўзьнікаюць так званы эфэкт запаволенага часу ды іншыя прыкметы посттраўматычнага сындрому.

«Напачатку мне гэта давалася вельмі цяжка, — узгадвае Алкаеў. — Усё адбываецца на тваіх вачах, а ты ў гэтым працэсе — галоўны. Усе чакаюць тваёй каманды, а аддаць яе, каб чалавека зьнішчылі, вельмі і вельмі цяжка. Першы час адчуваў вялікі ўнутраны надлом. Аднак хутка ён прайшоў. Зразумеў, што гэта — мая праца. Калі не я, то нехта іншы зробіць. Ніхто ня можа адмяніць судовы вырак».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG