Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Шапран: «Дзёньнікі Генадзя Бураўкіна яшчэ чакаюць свайго часу»


Генадзь Бураўкін, Вольга Някляева, Уладзімер Някляеў, Сяргей Шапран

Генадзь Бураўкін, Вольга Някляева, Уладзімер Някляеў, Сяргей Шапран

30 траўня спаўняецца год з дня сьмерці паэта, грамадзкага, культурнага і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна. Журналіст і дасьледчык беларускай літаратуры Сяргей Шапран стаў чалавекам, якому Генадзь Мікалаевіч даверыў занатаваць свае ўспаміны ў апошнія дні жыцьця.

Успаміны Генадзя Бураўкіна часткова будуць надрукаваныя ў газэце «Новы час» і цалкам — у часопісе «Дзеяслоў».

Сяргей Шапран распавёў Свабодзе, як гэта было:

— Генадзь Мікалаевіч патэлефанаваў мне літаральна за два тыдні да свайго сыходу і папрасіў прыйсьці неадкладна. На той момант ён быў ужо ў цяжкім стане. У яго было некалькі просьбаў да мяне.

Па-першае, ён папрасіў як мага хутчэй падрыхтаваць і выдаць кнігу ягоных вершаў апошніх гадоў. Ён і назву даў ёй — «Нагаварыцца з зоркамі», і прасіў выдаць кнігу праз два тыдні. На той момант мне здавалася, што гэта зрабіць немагчыма, але дзякуючы той камандзе, якая працавала над выданьнем — перадусім фундатару Паўлу Бераговічу, рэдактару Ўладзімеру Някляеву, вярстальніку Кастусю Лісецкаму, мастаку Змітру Гупянцу і выдаўцу Генадзю Вінярскаму, — кніга пасьпела зьявіцца яшчэ пры жыцьці Генадзя Мікалаевіча: ён трымаў сыгнальны экзэмпляр у руках за тры дні да свайго сыходу. Так мяркую, ён нарадзіўся паэтам, праз усё жыцьцё перадусім быў паэтам і паэтам захацеў пакінуць гэты сьвет. Вядома, што гэты сыгнальны асобнік «Нагаварыцца з зоркамі» родныя пасьля паклалі ў труну да Генадзя Мікалаевіча. Між іншым, шмат хто мяркуе, што чаканьне гэтай кнігі і пратрымала Генадзя Мікалаевіча апошнія два тыдні, бо за сем дзён да сыходу ён ужо ня мог есьці, а апошнія тры дні нават і піць — такі ў яго цяжкі стан быў...

Другая просьба Генадзя Мікалаевіча тычылася ягоных дзёньнікаў. Ён папрасіў падрыхтаваць іх празь пяць гадоў пасьля таго, як... — гэтую фразу ён ня скончыў. Але было зразумела, пра што вялася гаворка.

Трэцяя просьба тычылася гутарак. Генадзь Мікалаевіч папрасіў прыходзіць штодня і каб мы размаўлялі пад запіс. Я не перапытваў чаму, але здагадваўся: ён не пасьпеў напісаць успаміны, адкладаючы на пасьля, хоць ягоныя бліжэйшыя сябры — і Рыгор Барадулін, і Ўладзімер Някляеў, і многія іншыя — прасілі яго гэта зрабіць. І вось цяпер мы размаўлялі па гадзіне-паўтары на дзень.

Перадусім я быў у вялікай разгубленасьці — як штосьці запытваць у чалавека, які сыходзіць? Але гэтыя ўмоўнасьці зьняў сам Генадзь Мікалаевіч, які адразу, яшчэ падчас першай сустрэчы, сказаў, што адчувае, што хутка пойдзе, і добра гэта разумее. Гаварыў яшчэ: «Можаш задаваць любыя пытаньні, я даю табе такое права». І я пытаўся пра шмат што: пра той час, у якім жыў Генадзь Мікалаевіч, пра вядомых людзей, зь якімі зьвёў яго лёс.

Перадусім, напрыклад, запытаўся пра Рыгора Барадуліна, бо спадзяюся некалі ўсё ж завяршыць працу над кнігай успамінаў пра дзядзьку Рыгора. Генадзь Мікалаевіч ад пачатку ўхваліў гэтую ідэю і папрасіў рыхтаваць кнігу як найхутчэй, бо, паводле ягоных словаў, пасьля гэтага ніхто ня зробіць. Дадаў: «І я не ўяўляю гэтую кнігу безь мяне».

Пра іншага ягонага блізкага сябра — Васіля Быкава — я практычна не запытваў, проста каб не марнаваць час. Справа ў тым, што пра Васіля Быкава мы шмат размаўлялі ў тыя гады, калі я рыхтаваў двухтомнік пра Васіля Ўладзімеравіча. Спадзяюся некалі ўкласьці ўсё гэта разам у адну кнігу, якая будзе прысьвечаная ўжо Генадзю Мікалаевічу.

У нашай гаворцы шмат было згадак і пра іншых вядомых людзей: Алеся Адамовіча, Пятруся Броўку, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Уладзімера Някляева, Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазьняка, Пятра Машэрава...

Вядома, я запытаўся ў Генадзя Мікалаевіча, пра што ён сам хацеў бы расказаць. Ён адказаў: «Запытвай сам, што цябе цікавіць, бо пра ўсё запытацца ўсё роўна не пасьпееш». Сам ён казаў, што калі жывеш, то пра жыцьцё мяркуеш інакш, чым калі яно пражытае. Пэўна, ён шмат пра гэта разважаў апошнімі днямі: што так было зроблена, а што не. І пагадзіўся са мной, што вельмі вялікіх памылак у ягоным жыцьці ўсё-ткі не было. Аднак найперш жаль у яго выклікала тое, што калі ён узначальваў Дзяржтэлерадыё, то менш увагі аддаваў паэзіі. Як сказаў Генадзь Мікалаевіч, гэтая пасада скрала ў яго як мінімум тры кнігі паэзіі.

Адначасна сярод сваіх заслугаў ён назваў стварэньне Нацыянальнага беларускага тэлебачаньня. Таксама прыгадаў і абарону Васіля Быкава — гаворка ішла пра ліст ад 1966 году, калі Быкава пачалі шальмаваць у друку за аповесьць «Мёртвым не баліць». Тады малады Генадзь Бураўкін разам з таксама маладым Анатолем Вярцінскім напісалі ліст у ЦК КПБ і пры дапамозе Ніла Гілевіча сабралі пад ім больш за 50 подпісаў. Гэта быў учынак, на які больш ніхто тады не наважыўся. Між іншым, гэты ліст фігураваў пасьля ў справаздачах КДБ, прычым усесаюзнага.

Трэцяй станоўчай падзеяй у сваім жыцьці ён назваў зьезд «За незалежнасьць», калі разам з Радзімам Гарэцкім, Анатолем Грыцкевічам, Рыгорам Барадуліным быў сустаршынём гэтага зьезду. Між іншым, калі мы разам зь Міхасём Скоблам, які таксама аднойчы наведаў Бураўкіна, казалі Генадзю Мікалаевічу, што ён жыцьцё пражыў ня толькі не дарэмна, але вельмі плённа, Бураўкін пагадзіўся з намі. І, дарэчы, у ягоныя заслугі мы «дадалі» вядомую ўсім «Калыханку», а таксама назвалі адной з заслуг і яго вялікую сям’ю. Генадзь Мікалаевіч расьсьмяяўся і заўважыў, што сям’я магла б быць і большая, але, казаў, сям’я выдатная.

Часткова гэтыя гутаркі будуць зьмешчаныя ў газэце «Новы час» і цалкам — у часопісе «Дзеяслоў». Спадзяюся, што некалі яны трапяць і на старонкі кнігі. Бо калі прыгадаць апошнюю кнігу паэзіі «Нагаварыцца з зоркамі», то Генадзь Мікалаевіч казаў: «Рабі гэтую кнігу як звычайную, а пасьмяротныя будуць пасьля». Вельмі спадзяюся, што гэтыя пасьмяротныя кнігі сапраўды некалі будуць. Што ж тычыцца дзёньнікаў, то паводле просьбы Генадзя Мікалаевіча яны павінны быць выдадзеныя толькі празь пяць гадоў пасьля сьмерці. Таму на іх выданьне яшчэ дзейнічае забарона аўтара, і гаварыць пра гэта пакуль не выпадае.

Але чаму Генадзь Мікалаевіч даверыў мне гэтую працу? Пра гэта варта было запытацца ў яго самога... Магу толькі сказаць, што меў гонар быць знаёмым з Генадзем Мікалаевічам даволі даўно. І перадусім, мабыць, варта прыгадаць працу над кнігай пра Васіля Быкава, калі мяне падтрымалі найперш два чалавекі: Генадзь Мікалаевіч Бураўкін і Рыгор Іванавіч Барадулін. Яны ўвесь час былі мне дарадцамі, і менавіта яны першымі прачыталі гэтую кнігу яшчэ ў працоўным варыянце. На той час я нават жартаваў, што маю двух такіх карэктараў — Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна, бо паводле тых правак, якія яны пакідалі на старонках працоўнага экзэмпляру кнігі, было бачна, што яны ня проста прагледзелі кнігу — яны прачыталі кожную старонку, бо нават коскі ставілі там, дзе гэта было патрэбна. На тым машынапісе засталіся і іхнія заўвагі. Напрыклад, калі вялася гаворка пра чалавека, які шальмаваў Васіля Быкава, то на палях Генадзь Мікалаевіч напісаў: «Ці трэба даваць слова гэтаму мярзотніку?»

Увогуле, абодва яны — Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін — шмат гадоў былі мне вялікай падтрымкай.

Абодвух іх я маю гонар называць сваімі старэйшымі сябрамі. І калі аднойчы сказаў пра тое Генадзю Мікалаевічу, ён, пагадзіўшыся са мной, дадаў: «Так, мы з Рыгорам стараліся цябе падтрымліваць». І, вядома, іх сыход — гэта для мяне страта ня толькі літаратурная і агульнанацыянальная, але страта перадусім усё-ткі асабістая. Бязь іх Менск і Беларусь для мяне значна абязьлюдзелі.

XS
SM
MD
LG