Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады будуць заганяць людзей у прафсаюзы, — Ярашук


Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Аляксандар Лукашэнка, які загадаў да сярэдзіны 2016 году стварыць ва ўсіх працоўных калектывах прафсаюзныя арганізацыі, дыскрэдытуе і ўладу, і прафсаюзны рух.

Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды заявіў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

«Наўрад ці можна дадумацца да лепшага, каб дыскрэдытаваць і беларускую ўладу, і прафсаюзны рух, калі ФПБ можна яшчэ называць прафсаюзным рухам. Шчыры дзякуй беларускаму прэзыдэнту. Гэтае даручэньне — адказ на тыя нямногія пытаньні, якія яшчэ заставаліся, адносна палітычнай сыстэмы, сыстэмы кіраваньня і статусу ФПБ. Усе кропкі цяпер расстаўленыя. У краіне жорсткая аўтарытарная палітычная сыстэма набывае ўсё больш якасьцяў таталітарнай сыстэмы. Людзей, якія яшчэ неяк умудрыліся заставацца па-за прафсаюзамі, будуць туды заганяць. Ужо няма сумневу, што ФПБ — гэта не грамадзкая добраахвотная арганізацыя. Такім жа чынам можна загадваць прэм’ер-міністру ўсіх прымусова зрабіць аматарамі катоў. Цяпер ідзе размова пра прымусовае сяброўства», — адзначыў Аляксандар Ярашук.

Ён мяркуе, што такая заява Лукашэнкі выклікана пачаткам вострага сацыяльна-эканамічнага крызісу ў краіне.

«Такое адчуваньне, што ўлады ня толькі селі на парахавую бочку, але і запалілі агонь. І гэта дадае рызыкі для нашай унутранай сытуацыі. Ствараюць дзяржаўныя прафсаюзы ва ўсіх без выключэньня арганізацыях, перакрываюць усе кляпаны, усе сацыяльныя ліфты, каб не дапусьціць пратэстаў і цалкам кантраляваць рабочых. Гэта вельмі рызыкоўны крок, які можа прывесьці да непрадказальных наступстваў. Але гэта выбар улады. Няхай жа яна займаецца абсалютна непатрэбнай справай стварэньня прафсаюзаў».

Падчас выступу 22 траўня на сёмым зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў да сярэдзіны 2016 году стварыць ва ўсіх працоўных калектывах прафсаюзныя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG