Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Някляеў: Лукашэнка хоча прымусам загнаць беларусаў у свой «стабільны рай»


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Аляксандар Лукашэнка загадаў да сярэдзіны 2016 году стварыць ва ўсіх працоўных калектывах прафсаюзныя арганізацыі. Пра гэта ён заявіў, выступаючы 22 траўня на сёмым зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Камэнтуючы для Свабоды гэтае выказваньне кіраўніка дзяржавы, грамадзкі дзеяч, кандыдат на прэзыдэнта Беларусі падчас выбараў 2010 году Ўладзімер Някляеў адзначыў:

«Ягоны загад стварыць прафсаюзныя арганізацыі ва ўсіх калектывах — дзяржаўных і недзяржаўных, гэта значыць прыватных, — супярэчыць ня толькі нормам закону, паперам зь пячаткамі, але і нават статуту тых жа прафсаюзаў, дзе чорным па белым запісана, што гэта добраахвотная арганізацыя. Вось так „добраахвотна“ Лукашэнка заганяе народ Беларусі ў свой „стабільны рай“.

І калі прафсаюзы, цяперашнія прафсаюзы, якія яны ні ёсьць, пагодзяцца зь дзяржаўным дыктатам, парушэньнем іх правоў, іх законаў, то тады гэта будзе выглядаць паразаю ня толькі прафсаюзаў, ня толькі грамадзянскай супольнасьці, але і ўсёй Беларусі цалкам.

Дзеля таго каб не дапусьціць гэтай паразы, каб стварыць хоць нейкі супраціў гэтаму гвалту, я і намагаюся цяпер стварыць на нацыянальным грунце народны рух супраціву, супраціву зьнішчэньня Беларусі. Таму што ўсё, што робіцца цяпер вонкава і ўнутрана, на жаль, якраз скіравана на гэта. Прымусам змусіць людзей любіць краіну, абараняць яе, захоўваць яе культуру, традыцыі, гісторыю, — нельга. Трэба людзям сказаць, што ёсьць гэтая гісторыя, гэтая культура, Беларусь, за якую трэба стаяць. Не прафсаюзамі, а ўсім народам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG