Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы францускі актор зьняўся ў фільме, які змагаецца за галоўную ўзнагароду Канскага фэстывалю.

Францускі актор Жэрар Дэпардзьё з нагоды прэзэнтацыі на Канскім фэстывалі фільму «Даліна каханьня» (Valley of Love) удзельнічаў у прэсавай канфэрэнцыі разам са здымачнай групай.

З прысутнымі журналістамі Дэпардзьё павітаўся па-француску, а таксама па-расейску словамі «Добрый день».

Францускі актор, які атрымаў расейскі пашпарт асабіста з рук Уладзіміра Пуціна, неаднаразова заяўляў, што з расейскім прэзыдэнтам у яго шмат агульнага.

Летась у Рызе Дэпардзьё заявіў, што «Ўкраіна зьяўляецца часткай Расеі». Пазьней многія мэдыі пісалі, што актор зьехаў з Расеі. У Канах Радыё Свабода запыталася ў актора, ці не зьмяніліся яго погляды наконт Пуціна і Ўкраіны.

«Я, як і ўсе, лічу, што канфлікты — жахлівая рэч. Я ведаю спадара Пуціна добра і вельмі яго люблю. Я дагэтуль прыяжджаю ў СССР... [выпраўляецца — Г.Л.] у Расею», — адказаў Жэрар Дэпардзьё.

Калі вядучы даў слова наступнаму журналісту, Дэпардзьё ў мікрафон шапнуў: «Слава Ўкраіне».

Пазьней Жэрар Дэпардзьё дадаў, што «ніхто не разумее таго, што адбываецца ва Ўкраіне»:

«Я люблю Ўкраіну, люблю ўкраінцаў. Я ведаю асабіста Віктара Юшчанку, мы дагэтуль сустракаемся. Гэта чалавек, які ніколі не хацеў быць ва ўладзе. Я не люблю вайны, я не люблю тых, хто ўцягнуты ў канфлікт. Я не магу сказаць, што не разумею таго, што адбываецца ва Ўкраіне. Але я ведаю, што калі б Крым быў амэрыканскі, гэта была б зусім іншая справа», — сказаў Жэрар Дэпардзьё.

Адмысловы прэсавы паказ фільму «Даліна каханьня» (Valley of Love) з Жэрарам Дэпардзьё і Ізабэль Юпер у галоўных ролях прайшоў напярэдадні. Фільм распавядае гісторыю былога мужа і жонкі, якія разам паехалі на тыдзень у Даліну сьмерці ў ЗША. Гэта было апошняе жаданьне іх агульнага сына, які скончыў жыцьцё самагубствам. Нягледзячы на гучныя імёны францускіх актораў, фільм атрымаў мноства нэгатыўных рэцэнзіяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG