Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцаў непакоіць прыніжэньне ролі СССР у Другой сусьветнай вайне


Паводле апытаньня, якое на пачатку траўня правёў Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ), 83% расейцаў лічаць патрэбным весьці барацьбу з фальсыфікацыямі гісторыі.

Перш за ўсё апытаных непакоіць прыніжэньне ролі СССР у Другой сусьветнай вайне. Іншыя прыклады «наўмыснага скажэньня гісторыі» рэспандэнты прыгадвалі радзей, і нават спрэчкі вакол асобы Іосіфа Сталіна турбуюць толькі 1%. Пра гэта паведамляе «Коммерсант».

Змагацца з фальсыфікацыяй гісторыі апытаныя прапануюць у першую чаргу з дапамогай данясеньня «праўды» праз СМІ (11%), падвышэньня якасьці выкладаньня гісторыі, дыялёгу (па 8%). Але ёсьць і тыя, хто хацеў бы «караць» фальсыфікатараў (8%). Былі і такія прапановы па барацьбе за гістарычную праўду, як увядзеньне сьмяротнага пакараньня за «наўмыснае скажэньне гісторыі Расеі» (2%) або дэпартацыя фальсыфікатараў (1%).

Аднак 43% рэспандэнтаў ВЦИОМ не змаглі адказаць на пытаньне, «у чым можа праяўляцца наўмыснае скажэньне гісторыі Расеі». Больш за ўсё — 19% — казалі аб такім шырокім паняцьці, як «скажэньне фактаў Другой сусьветнай вайны», 14% — аб прымяншэньні ролі Расеі ў ёй. 6% турбуе трактоўка «ўкраінскіх гісторыкаў, палітыкаў». Паводле супрацоўніка Інстытуту сацыялёгіі Расейскай акадэміі навук Лявонція Бызава, гэта тлумачыцца «інфармацыйнай палітыкай, калі людзі фармуюць сваё меркаваньне па нядаўна прагледжаных перадачах», а канкрэтныя факты ім ня вельмі цікавыя. У выніку за дарэвалюцыйную гісторыю турбуюцца 4%, за гісторыю Крыму — 2%. Па 1% прыгадалі пра спрэчкі вакол «асобы Леніна», «рэвалюцыі 1917 году, грамадзянскай вайны», «акупацыі Украіны савецкімі войскамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG