Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80% праграмнага забесьпячэньня ў Беларусі — пірацкія копіі


Упершыню беларускі суд прызначыў пакараньне за карыстаньне пірацкай копіяй апэрацыйнай сыстэмы Microsoft Windows і праграмнага пакету Microsoft Office.

Рашэньнем суду Менскага раёну аштрафаваная група кампаніяў «Родная сторона» і яе сыстэмны адміністратар.

Наколькі пашыраныя ў дзяржаўных і прыватных беларускіх установах пірацкія праграмы?

Як паведамілі ў канцылярыі суду Менскага раёну, «праграмную кантрабанду» выявілі ў часе інспэкцыі шэрагу офісаў кампаніі «Родная сторона». Карпарацыя Microsoft на падставе факту парушэньня аўтарскіх правоў запатрабавала кампэнсацыі шкоды, супраць парушальнікаў завялі адміністрацыйную справу. Па выніках разгляду фірма мусіць выплаціць штраф у памеры 40 базавых велічынь (7 мільёнаў 200 тысяч рублёў), а супрацоўнік, адказны за ўнутраную ІТ-інфраструктуру, — 22 базавыя велічыні (блізу 4 мільёнаў рублёў).

Юрыдычны прадстаўнік Microsoft у Беларусі Сьвятлана Валуева ўдакладняе, што аб’ём ценевага рынку праграмнага забесьпячэньня ў Беларусі вылічваецца дзясяткамі мільёнаў даляраў, але судовы прэцэдэнт прымусіць задумацца, ці варта надалей рызыкаваць грашыма і іміджам:

«Паводле дасьледаваньня Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў праграмнага забесьпячэньня (Business Software Alliance), праведзенага ў 2013 годзе, абарот неліцэнзійнага праграмнага забесьпячэньня ў Беларусі роўны 173 мільёнам даляраў. Гэта кажа пра вялізныя аб’ёмы недаатрыманых падаткаў. Пры гэтым мясцовыя законапаслухмяныя кампаніі церпяць ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку нячыстых на руку гандляроў кампутарамі зь неліцэнзійным праграмным забесьпячэньнем, а таксама кампаніяў, якія яго выкарыстоўваюць. Спадзяёмся, што 2015 год стане ў гэтым пляне пераломным пунктам: кампаніі пачнуць ставіцца да праграмнага забесьпячэньня як да свайго вытворчага актыву, і карыстальнікі зробяць выбар на карысьць ліцэнзійных праграмаў».

Тацяна Ігнатоўская, калега Сьвятланы Валуевай у прадстаўніцтве Microsoft у Беларусі, удакладняе, што ў Беларусі не існуе крымінальнага перасьледу юрыдычных асобаў за парушэньні ў справе карыстаньня пірацкімі праграмамі. Але пры гэтым ёсьць крымінальная адказнасьць для фізычных асобаў, якія паўторна папаліся на выкарыстаньні кантрафактнага софту цягам году пасьля пачатку адміністрацыйнай справы.

Сыстэмны адміністратар Віталь Рачкоўскі мяркуе, што ў Беларусі дыспарытэт паміж ліцэнзійным і пірацкім прадуктам — сапраўдная бездань:

Віталь Рачкоўскі

Віталь Рачкоўскі

«Сапраўды, сёньня ў Беларусі каля 80% — гэта неліцэнзійнае выкарыстаньне апэрацыйных сыстэмаў. І толькі каля 20% прыпадае на банкі, на нейкія вялікія кампаніі, дзе выкарыстоўваецца афіцыйна набытае праграмнае забесьпячэньне».

Карэспандэнт: «Беларусь у гэтым пляне унікум ці такая практыка пашыраная ва ўсім сьвеце?»

«Наколькі я ведаю, на Захадзе гэты дыспарытэт значна меншы, там усё ж не такая колькасьць кампаніяў выкарыстоўвае неліцэнзійнае праграмнае забесьпячэньне. Ведаю, што, напрыклад, у Польшчы прасьцей закрыць фірму, чым разьлічыцца па штрафах за выкарыстаньне неліцэнзійнага софту, караюць вельмі жорстка. Пры гэтым прыватныя карыстальнікі на хатніх кампутарах, безумоўна, маюць зьмененае ці пірацкае праграмнае забесьпячэньне».

У беларускіх сілавых ведамствах запэўніваюць, што правапарушальнікаў чакаюць змрочныя часы. Намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Аляксандар Еўсюкоў папярэджвае:

«Што тычыцца абароны інтэлектуальнай уласнасьці, то цяпер у Беларусі сытуацыя зьмяняецца ў лепшы бок. У дзяржавы ёсьць разуменьне таго, наколькі важна для іміджу і эканомікі краіны выкарыстаньне легальнага праграмнага забесьпячэньня. Рашэньне суду Менскага раёну пра накладаньне штрафу ў 40 базавых велічынь на групу кампаній „Родная сторона“ і штрафу ў 22 базавыя велічыні на супрацоўніка, які адказвае за ІТ-інфраструктуру прадпрыемства, беспрэцэдэнтнае. Ёсьць мноства прыкладаў, якія дэманструюць, што выкарыстаньне неліцэнзійнага праграмнага забесьпячэньня цягне за сабой вялікія рызыкі пры ажыцьцяўленьні разьлікаў праз інтэрнэт і апрацоўцы дадзеных. Такім чынам, МУС зьвяртае на гэта ўвагу: праблема выкарыстаньня пірацкіх копіяў палягае ня толькі ў парушэньні правоў праваўладальнікаў, але і ў тым, што ў карыстальнікаў такога софту нашмат больш шанцаў стаць ахвярамі кібэр-злачынцаў».

У беларускім прадстаўніцтве Microsoft кажуць, што праводзіцца праца, каб падвысіць абазнанасьць карыстальнікаў наконт рызыкаў, якія нясе выкарыстаньне неліцэнзійнага праграмнага забесьпячэньня. У красавіку правялі чарговую кампанію інфармаваньня кіраўнікоў пра неабходнасьць выконваць заканадаўства ў галіне абароны аўтарскіх правоў, заклікаўшы правесьці інвэнтарызацыю праграмнага забесьпячэньня, каб зьнізіць рызыкі, зьвязаныя з набыцьцём пірацкіх копіяў.

Дадзеныя дасьледаваньня, праведзенага International Data Corporation сумесна з унівэрсытэтам Сынгапуру ў сакавіку 2014 году, сьведчаць, што 30% нованабытых кампутараў заражаныя шкоднымі праграмамі ўжо на момант продажу. Праведзены Group IB аналіз расейскага рынку, адкуль у Беларусь трапляе асноўная маса кампутарнай тэхнікі, паказаў, што амаль 80% копіяў Windows, даступных у інтэрнэце, альбо мадыфікаваныя, альбо ўтрымлівалі мэтанакіравана ўсталяваныя шкодныя кампанэнты, праца якіх можа прывесьці да страты камэрцыйнай і пэрсанальнай інфармацыі, ідэнтыфікацыйных дадзеных і пароляў, або дазволіць доступ звонку да кампутара і сеткі карыстальніка.

XS
SM
MD
LG