Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі — першы прысуд за выкарыстаньне «пірацкага» Windows


У калідоры цэнтру па змаганьні з кібэрзлачыннасьцю, які стварыла кампанія Microsoft.

У калідоры цэнтру па змаганьні з кібэрзлачыннасьцю, які стварыла кампанія Microsoft.

За выкарыстаньне неліцэнзійных вэрсій Windows аштрафаваная група кампаній «Родная сторона».

Такое рашэньне прыняў суд Менскага раёну, паведамляе партал TUT.BY са спасылкай на прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі. Такі выпадак адбыўся ў Беларусі ўпершыню.

Падчас інспэкцыі праваахоўных органаў было ўстаноўлена, што на кампутарах кампаніі «Родная сторона» былі ўсталяваныя пірацкія копіі Microsoft Windows і Microsoft Office. Рашэньнем суду Менскага раёну на парушальніка аўтарскіх правоў Microsoft накладзены штраф у памеры 40 базавых велічынь. Таксама на 22 базавых велічыні быў аштрафаваны супрацоўнік, адказны за IT-інфраструктуру кампаніі.

Па словах прадстаўнікоў Microsoft, гэта «беспрэцэдэнтная адміністрацыйная справа наглядна дэманструе, што беларускае заканадаўства ў галіне абароны інтэлектуальнай уласнасьці працуе, суды гатовыя да разгляду падобных позваў, а праваахоўныя органы краіны ў стане расьсьледаваць і даводзіць да суду справы, зьвязаныя з парушэньнем правоў праваўладальнікаў».

«Што тычыцца абароны інтэлектуальнай уласнасьці, то цяпер у Беларусі сытуацыя мяняецца ў лепшы бок. У дзяржавы ёсьць разуменьне таго, наколькі важнае для іміджу і эканомікі краіны выкарыстаньне легальнага праграмнага забесьпячэньня» — заявіў палкоўнік Аляксандар Еўсюкоў, намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь.

«У Беларусі няма крымінальнага перасьледу юрыдычных асобаў за падобныя парушэньні, але існуе крымінальная адказнасьць для фізычных асобаў, за паўторны факт выкарыстаньня неліцэнзійнага праграмнага забесьпячэньня на працягу года, пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня» — сказала Тацьцяна Ігнатоўская, юрыдычны прадстаўнік Microsoft у Беларусі.

Паводле дасьледаваньняў кампаніі The Business Software Alliance, узровень пірацтва на рынку кампутарных праграмаў у Беларусі складае 87%. У іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы неліцэнзійнае праграмнае забесьпячэньне выкарыстоўваецца ў 66% выпадкаў, у Цэнтральнай Азіі і Афрыцы — у 59%, ў Эўразьвязе ў сярэднім — у 35%, у Паўночнай Амэрыцы — у 21%.

XS
SM
MD
LG