Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 000 даляраў за відэа зьбіцьця дэпутатаў


Публікацыя ў газэце "Свабода", 21красавіка 1991

Публікацыя ў газэце "Свабода", 21красавіка 1991

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра тое, чаму ня быў паказаны відэазапіс зьбіцьця дэпутатаў у Авальнай залі.

Дзе цяпер відэазапіс зьбіцьця ў Авальнай залі дэпутатаў Апазыцыі БНФ — напэўна, адна з найбольшых загадак найноўшай беларускай гісторыі. Гэты запіс, калі б ён быў паказаны па тэлебачаньні вясной 1995 году, мог бы зьмяніць і вынікі рэфэрэндуму, і вынікі выбараў у Вярхоўны Савет.

У часе свайго доўгага маналёгу на сэсіі Вярхоўнага Савету 12 красавіка, празь некалькі гадзінаў пасьля зьбіцьця дэпутатаў, Лукашэнка паабяцаў паказаць відэазапіс начных падзеяў:

«Да никто никого не бил, никто никого не ломал. Сейчас с бытовой кассеты, которая здесь была отснята, мы перегоняем на БТК. (Или какая там кассета.) (сыстэма прафэсійнага тэлевізійнага запісу „Бэтакам“ — С. Н.) и мы покажем не только депутатам. Как только эта перегонка будет закончена, мы покажем это не только депутатам, мы покажем это всему народу... Мы покажем народу эту плёнку».

Але запіс так і ня быў паказаны. Ня ўбачылі яго ні дэпутаты, ні народ, ні сьледчыя Генэральнай пракуратуры.

У інтэрвію Аляксандру Фядуту тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі (і адзін з арганізатараў начной «апэрацыі») Леанід Сініцын прызнаўся:

«Мне раніцай (12 красавіка — С. Н.) прынесьлі гэтую касэту, я паглядзеў яе. Паклікаў Міхаіла Чыгіра (у той час — прэм’ер-міністар — С. Н.): „Паглядзі, што там адбывалася“. Мы паглядзелі касэту, і потым яна апынулася ў Замяталіна. Я перадаў яе Замяталіну». (Аляксандар Фядута, «Лукашенко. Политическая биография», Масква, «Референдум», 2005, с.245.).

Свае ўражаньні ад убачанай на запісе «апэрацыі» Сініцын ацаніў Фядуту адным словам: «Жахліва».

(Тут у дужках заўважу, што Міхаіл Чыгір нідзе публічна ня выказаў абурэньня ўбачаным. Празь некалькі месяцаў, у жніўні 1995-га, ён асудзіў страйк супрацоўнікаў Менскага мэтрапалітэну і паабяцаў яго спыніць^; лідэраў страйкаму паклалі на асфальт аўтаматчыкі, а дэпутат Сяргей Антончык быў інтэрнаваны. Увосень 1996-га Чыгір сышоў з пасады прэм’ера і перайшоў у апазыцыю).

Уладзімер Замяталін, якому Сініцын перадаў касэту, узначальваў упраўленьне інфармацыі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі і быў вядомы як арганізатар прапагандысцкіх правакацый супраць актывістаў нацыянальнага руху. Празь некалькі гадоў ён прызнаецца Уладзімеру Някляеву, што лічыць існаваньне Беларусі як незалежнай краіны непатрэбным.

Дні ішлі, а відэастужку па тэлебачаньні не паказвалі.

18 красавіка мы (Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Ігар Гермянчук, Алег Трусаў і аўтар гэтых радкоў) правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой запатрабавалі даць відэазапіс у эфір.

«Прэзыдэнт заявіў на сэсіі, што відэазапіс будзе паказаны па тэлебачаньні, і мы настойваем, каб ён выканаў свае абяцаньні. Гэта ня зойме шмат тэлевізійнага часу, будзе дастаткова паказаць тыя хвіліны (ад 2.45 ночы), калі адбываўся гвалтоўны захоп дэпутатаў».

Перад прэсавай канфэрэнцыяй сьледчы па асабліва важных справах пры генэральным пракуроры Язэп Бролішс, які вёў справу па зьбіцьці дэпутатаў, паведаміў нам, што ў адміністрацыі прэзыдэнта адмовіліся перадаваць відэазапіс зьбіцьця (пракуратура атрымала толькі запіс падзеяў, якія адбыліся да моманту ўварваньня спэцгрупы «Альфа» у залю).

Ігар Гермянчук заўважыў на прэсавай канфэрэнцыі, што ні пра якую законнасьць у Беларусі казаць ужо даводзіцца, калі ігнаруюцца запыты нават Генэральнай пракуратуры.

«Тое, што адбылося ў ноч на 12 красавіка — гэта пракамуністычны путч, — канстатаваў Зянон Пазьняк. — Сілаю зброі была адхіленая з парлямэнту апазыцыйная частка дэпутатаў. Кіраваў гэтай акцыяй асабіста прэзыдэнт Лукашэнка разам зь Ціцянковым і Сініцыным (пра гэта адкрыта паведаміў Цесавец). Былі зьбітыя і выкінутыя з залі якраз тыя дэпутаты, якія адкрыта крытыкавалі палітыку прэзыдэнта. Гэтым самым была настрашаная частка іншых дэпутатаў, якія яшчэ вагаліся, і з парушэньнем працэдуры прэзыдэнт працягнуў праз парлямэнт усе свае авантуры, якія пазбаўляюць нашу краіну сувэрэнітэту... Нават Мусаліні, які пагражаў увесь час разагнаць парлямэнт, пабаяўся ўвесьці войскі, бо выдатна разумеў, што нават у той сытуацыі гэта будзе адпаведным чынам расцэнена грамадзкасьцю... Цяпер, калі прэзыдэнт Лукашэнка пераступіў цераз кроў, то ён пойдзе і далей».

Ні намаганьні сьледчага Бролішса здабыць відэазапіс зьбіцьця, ні нашы, дэпутацкія патрабаваньні паказаць касэту па тэлебачаньні — не далі ніякіх станоўчых вынікаў. Яшчэ ў красавіку 1995-га газэта «Свабода» надрукавала паведамленьне пра расповед аднаго з супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі, якому ўдалося пабачыць запіс у часе таго самага перагону з бытавой касэты на прафэсійную, пра якую казаў Лукашэнка.

Навошта рабілася гэтая перагонка — невядома. Эпізод зьбіцьця, канешне, Лукашэнка дэманстраваць па тэлебачаньні не зьбіраўся, а вось скарыстаць нейкія фрагмэнты з Авальнай залі (напрыклад, сьпячых дэпутатаў), якія потым можна было пад нешта падмантажаваць, — такая задума ў арганізатараў начных падзеяў, напэўна была. Але і ад яе давялося адмовіцца — бо нішто з той ночы не магло скампрамэтаваць дэпутатаў Апазыцыі БНФ. А паставіць пад сумнеў словы Лукашэнкі, наадварот, магло — у гледачоў адразу б узьнікла пытаньне: а дзе запіс таго, як дэпутатаў акуратна выносяць на руках (альбо яны самі добраахвотна выходзяць)? У час, калі я пішу гэты радкі, такое можна стварыць з дапамогай кампутарных тэхналёгіяў (штучнасьць можа распазнаць толькі экспэртыза) — але тады, у 1995-ым, гэта было надзвычай складана. «Відэазапіс гвалтоўнага захопу дэпутатаў у зале Вярхоўнага Савету ніколі ня будзе паказаны па тэлебачаньні» — сказаў «Свабодзе» «адзін з супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі (ён не пажадаў, каб называлася ягонае імя), якому выпадкова ўдалося паглядзець стужку».

«Тое, што я бачыў, — кажа ён, — вельмі жахліва: баевікі ў чорных масках з разгону, як ваўкі, накінуліся на дэпутатаў, якія сядзелі адзін каля аднаго, узяўшыся за рукі. Запіс вельмі якасны. Бачна, як дэпутатаў зьбіваюць, круцяць ім галовы, выцягваюць за рукі і ногі, чуваць жахлівыя крыкі...»

Далей «Свабода» паведамляе, што «першымі і , напэўна, апошнімі гледачамі гэтых кадраў былі некаторыя тэлежурналісты і многія тэхнічныя супрацоўнікі апаратна-студыйнага комплексу БТ, што па вуліцы Камуністычнай. Менавіта сюды на другі дзень пасьля той жахлівай ночы прыехалі людзі прэзыдэнта, каб перагнаць відэазапіс з бытавой касэты на прафэсійную. Увесь гэты відэаматэрыял яны забралі з сабой. Паводле зьвестак газэты „Свабода“, відэазапіс гэтых драматычных падзеяў спрабавалі купіць за вялікія грошы расейскія, а таксама заходнія тэлекампаніі». («Свабода», 21 красавіка 1995 г.)

Сапраўды, такія зьвесткі былі і ў мяне. Распавядалі, што прадстаўнікі амэрыканскай тэлекампаніі дамовіліся з адным з супрацоўнікаў тэлецэнтру, якому нібыта ўдалося скапіяваць кадры зьбіцьця дэпутатаў, што ён прадасьць стужку. Называлася і сума — 100 тысяч даляраў, грошы вялікія і цяпер, а па тых часах у Беларусі гэта была гіганцкая сума, чатырохпакаёвая кватэра ў цэнтры Менску каштавала 10 тысяч. Аднак у апошні момант супрацоўнік тэлецэнтру адмовіўся ад гешэфту: ён справядліва палічыў, што жыцьцё даражэйшае за якія заўгодна грошы.

Атрымаць відэазапіс хацелі і беларускія кінэматаграфісты. Вось што праз 20 гадоў, у красавіку 2015-га, расказаў мне рэжысэр Юры Хашчавацкі:

«Мы даведаліся пра тое, што перакрываецца для чагосьці тэлебачаньне на Камуністычнай, зразумелі, што яны будуць спрабаваць пераганяць гэты запіс для таго, каб змантаваць нешта для іх прымальнае. Мы рванулі туды ў надзеі дабрацца да любога рэдакцыйнага пакоя — тады па тракце з цэнтральнай можна было перапісаць усё, што гоніцца, але нас туды не пусьцілі! Але гэта была наша здагадка. Хоць было відавочна, што менавіта ў гэтыя пару дзён яны паспрабуюць выканаць абяцаньне Лукашэнкі „паказаць усё прыгожа“. „Прыгожа“ не атрымалася, і яны не паказалі нічога».

Мне казал, што касэты з запісам той ночы 12 красавіка 1995 году некаторыя былыя паплечнікі Лукашэнкі памясьцілі ў сэйфы нейкіх заходніх адвакацкіх кантораў — як гарантыю іх, паплечнікаў, уласнай бясьпекі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG