Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«За добрыя адносіны з Расеяй — праз добрую мяжу»


Ілюстрацыйнае фота: У Дзяржаўнай Думе Расеі абмяркоўваюць новы законапраект пра чарнобыльскія льготы, 2000 г.

Ілюстрацыйнае фота: У Дзяржаўнай Думе Расеі абмяркоўваюць новы законапраект пра чарнобыльскія льготы, 2000 г.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі «Дзевяноста пяты» Сяргея Навумчыка. У гэтым разьдзеле — пра наведваньне Дзяржаўнай думы.

Лічыцца: чым больш удалы выступ — тым гучней аплядысмэнты. Ісьціна банальная, пацьвердзіць гэтае правіла магу ўласным досьведам 25 сакавіка 1992 году, у Дзень Волі. Гаварыў пра Беларускую Народную Рэспубліку — але аплядысмэнты гучалі нават ад камуністаў-вэтэранаў.
І ўсё ж адна з самых удалых маіх прамоў мела ў выніку поўнае маўчаньне аўдыторыі. Гэта — выступ у Дзяржаўнай Думе Расеі ў канцы студзеня 1995 году.

Мы прыляцелі ў Маскву позна ўначы ў складзе дэпутацкай групы, куды уваходзілі члены ўсіх фракцыяў; я прадстаўляў Апазыцыю БНФ. З намі быў начальнік аналітычнага аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта Пятро Капітула, які меў імідж «галоўнага эканаміста» пры Лукашэнку. Статусу афіцыйнай дэлегацыі ў нас не было, узначальваў групу першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савета Вячаслаў Кузьняцоў. Пазьней да нашай групы далучылася Натальля Машэрава, якая тады ўваходзіла ў розныя камітэты «славянскага адзінства».

У маскоўскім аэрапорце мы выпадкова сутыкнуліся з міністрам замежных спраў Уладзімерам Сянько, які вяртаўся ў Менск; ён адвёў мяне ўбок і сказаў, што трэба неяк сустрэцца і пагутарыць, бо «сытуацыя неадназначная». Я добра ведаў Сянько. Калі ён быў амбасадарам у Варшаве, мы з жонкай у яго гасьцявалі (а перад гэтым разам выступалі ў Беластоку на ўрачыстасьцях з нагоды 75-ых угодкаў БНР), перад сваім прызначэньнем на пасаду міністра ў ліпені 94-га (тады яго тэрмінова выклікалі з Лёндану) раіўся з Пазьняком і са мной. Але ў пачатку 95-га ён ужо працаваў на ідэю інтэграцыі Беларусі і Расеі — магчыма, і без асаблівай ахвоты, але гэтая неахвота выяўлялася хіба што намёкамі ў такіх вось прыватных гутарках.

Пераначавалі ў гатэлі пры беларускай амбасадзе, і раніцай паехалі ў Дзярждуму, якая месьцілася ва ўзьведзеным яшчэ для сталінскага саўнаркаму будынку насупраць гатэлю «Масква», ня Манэжнай плошчы. У залі сабраліся ня толькі дэпутаты, але і вайскоўцы з генэральскімі пагонамі, журналісты, экспэрты, сярод якіх вылучаўся жвавы, як іртуць, Агранік Мігранян, дарадца расейскага прэзыдэнта і апантаны выкрывальнік беларускага нацыяналізму.

Ужо па вяртаньні ў Менск, начальнік аналітычнага аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта Пятро Капітула, які ўваходзіў у склад нашай групы, заявіў журналістам, што «прадстаўнікі расейскага ўраду якія выступалі ў Думе, амаль не знаёмыя з праблемамі беларуска-расейскіх адносінаў».

Сапраўды, яны слаба арыентаваліся ў шмат якіх элемэнтарных пытаньнях, і гэта навяло мяне на думку, што цэнтар інтэграцыйнай ініцыятывы — не расейскі ўрад, але і не адміністрацыя прэзыдэнта і ня Дума, што чыноўнікі толькі выконваюць чыюсьці волю. Няцяжка было здагадацца, чыю: Лубянка у той час набывала ўсё большы ўплыў на расейскі істэблішмэнт, хаця да ўвацарэньня падпалкоўніка Пуціна заставалася яшчэ пяць гадоў.

Я тады занатаваў некаторыя выказваньні расейскіх дзеячаў, зь якімі па вяртаньні падзяліўся з чытачамі газэты «Свабода».

«Расея не павінна аплачваць незалежнасьць Беларусі, бо гэтая незалежнасьць можа абярнуцца супраць нас. Інтарэсы Расеі патрабуюць дзяржаўнага адзінства з Беларусьсю. Каўказ палае, і дарэмна беларусы спадзяюцца адседзецца» (дэпутат Яўген Міхайлаў).

«Адзіная мытная прастора — гэта і адзіны парадак зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, і ў гэтым сэнсе мы як бы злучаемся ў адну дзяржаву» (Георгій Габуня, намесьнік міністра зьнешнеэканамічных сувязяў РФ).

«Канешне, з пункту гледжаньня абароназдольнасьці Расеі найбольш аптымальны варыянт — мець адзіныя Ўзброеныя Сілы» (намесьнік начальніка Генэральнага штабу Мінабароны РФ, генэрал-палкоўнік).
Прадстаўнік камандаваньня памежных войскаў РФ сказаў, што Расея мае намер узяць на сябе палову выдаткаў пры абсталяваньні мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй — але пры гэтым хоча, каб два намесьнікі камандуючага памежнымі войскамі Беларусі былі расейскім генэраламі. Натуральна, гэта б азначала толькі фармальнае іх падпарадкаваньне свайму «беларускаму» начальніку — яны б выконвалі каманды свайго маскоўскага начальства. І, адпаведна, аддавалі б маскоўскія загады беларускім памежнікам.

«Дэпутаты Думы распачнуць палітычны перасьлед тых дзеячаў выканаўчай улады Фэдэрацыі, якія перашкаджаюць інтэграцыі з Беларусяй» — паабяцаў Канстанцін Затулін, старшыня Камітэту па пытаньнях СНД і сувязяў з суайчыньнікамі. Акрамя таго, Затулін наўпрост заявіў, што будучыя выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі зьяўляюцца вызначальнымі ў расейска-беларускіх адносінах і паабяцаў фінансавую падтрымку тых палітычных сілаў, якія імкнуцца да інтэграцыі (я тут жа заявіў, што гэта — умяшаньне ва ўнутраныя справы.

Выступілі і прадстаўнікі Беларусі.

Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савета Вячаслаў Кузьняцоў заклікаў да стварэньня наднацыянальнага органу, які б «каардынаваў інтэграцыю», што расейскія дэпутаты ўспрынялі з задавальненьнем. «Каардынацыйны орган», зразумела, месьціўся б ня ў Менску, а ў Маскве, а гэта — новая магчымасьць сінэкуры.

Але сапраўдны энтузіязм аўдыторыі выклікала прамова Натальлі Машэравай. Яна сказала, што большасьць СМІ ў Беларусі — пад уплывам «этнарадыкалаў». Наступае «каталіцызм», — папярэджвала Натальля Пятроўна, — «нацыянал-шавіністы» насаджаюць непрыманьне ўсяго расейскага. І таму, сказала Машэрава, «Лукашэнку трэба падтрымаць як адзінага легітымнага гаранта беларуска-расейскіх дачыненьняў».

Сыходзіў я з трыбуны без аплядысмэнтаў, пры поўным маўчаньні залі — і ў той аўдыторыі ўспрыняў гэта як найвышэйшую ацэнку.

На гэтым фоне на цёплы прыём у расейскіх палітыкаў мне разьлічваць не даводзілася. Праўда, і ня ставіў перад сабой такой мэты. Увогуле, выступаць мне было вельмі проста: фактычна, я агучыў стаўленьне БНФ да тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі. Выказаў рэзка нэгатыўныя адносіны Народнага Фронту і да мытнага пагадненьня, і да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх ваенных базаў. Такія словы ў сьценах расейскага парлямэнту гучалі ўпершыню. Свой выступ я закончыў фразай, што Беларускі Народны Фронт — за добрыя адносіны з Расеяй — праз добрую мяжу.

Сыходзіў я з трыбуны без аплядысмэнтаў, пры поўным маўчаньні залі — і ў той аўдыторыі ўспрыняў гэта як найвышэйшую ацэнку.

Потым беларускую дэлегацыю запрасілі да сябе расейскія дэпутаты-інтэгратары. Быў накрыты стол. Я ня стаў слухаць тосты пра «славянскае адзінства», а папрасіў супрацоўніцу апарату паказаць мне, дзе месьцяцца фракцыя «Выбар Расеі», якую ўзначальваў Ягор Гайдар.

У кабінэце Гайдара ішла нарада, і Гайдар папрасіў пагутарыць ўа мной Аркадзя Мурашова (які незадоўга да гэтага ўзначальваў маскоўскую міліцыю). Я падрабязна пераказаў яму пазыцыю Народнага Фронту ў дачыненьні да вайны ў Чачні, якая ў асноўным супадала з ацэнкамі «Выбару Расеі»^; у сьнежні 1994-га, у першы ж дзень, калі Рада бясьпекі Расеі прыняла рашэньне пра пачатак ваенных дзеяньняў, Гайдар накіраваў ліст Ельцыну, ў якім папярэдзіў, што «штурм і бамбаваньне Грознага прывядуць да вялізных ахвяраў, да зацягваньня канфлікту, да абвастрэньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі. Гэта будзе ўдар па цэласнасьці Расеі, па нашых дэмакратычных заваёвах, па ўсім, што зроблена Вам ў апошнія гады». Гэта былі прароцкія словы — менавіта вайна ў Чачні была пераломным пунктам у палітычнай біяграфіі Ельцына, калі ён трапіў у залежнасьць да сілавых структураў, цесна зьвязаных з алігархамі — і ўжо ніколі ня здолеў пазбавіцца уплыву, выбраўшы пераемнікам падпалкоўніка КГБ.

Праўда, у падыходах БНФ і партыі Гайдара была і розьніца. У заяве, якую дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі ў першыя дні 1995 году, гаварылася, што «расейскія імпэрскія палітыкі даўно адмовіліся ад дэмакратыі», і «імпэрскія сілы даўно кіруюць Расеяй». Ілюзіі адносна дэмакратызму Ельцына на мяжы 1994-95 гадоў у расейскіх дэмакратаў яшчэ заставаліся — у нас жа іх не было ніколі.

А потым я пайшоў да Сяргея Юшанкова, які ў той час быў старшынём Камітэту Дзярждумы па абароне. Для мяне было дзіўна, як яму ўдаецца захоўваць гэтую пасаду пры ягоных дэмакратычных перакананьнях. Зь Сяргеем у нас усталяваліся прыязныя асабістыя адносіны. І што было для мяне вельмі важна — Сяргей быў цалкам пазбаўлены якога б ні было імпэрскага мысьленьня, ён вельмі прыязна ставіўся да незалежнасьці Беларусі (жонка ягоная паходзіла зь Беларусі).

Юшанкоў сказаў, што ўсімі даступнымі яму спосабамі імкнецца супрацьстаяць націску «партыі генэралаў», якая і справакавала агрэсію ў Чачню, але рабіць гэта ўсё цяжэй, бо шмат хто зацікаўленыя ў вайне і робіць на гэтым грошы.

Тое была нашая апошняя размова зь Сяргеем. Далей я ўжо толькі назіраў за ягонымі дзеяньнямі і заявамі, якія ніколі ня супярэчылі ягоным перакананьням дэмакрата. Юшанкоў першым з палітыкаў расейскага дэмакратычнага лягеру у выступіў супраць Пуціна (і нават на гэтай на гэтай глебе выйшаў з «Саюзу правых сілаў», які ў Расеі ў канцы 90-ых — пачатку 2000-ых аб’ядноўваў прадстаўнікоў розных дэмакратычных рухаў Расеі. Шмат хто зь лідэраў гэтых арганізацый ўсё яшчэ падтрымліваў Пуціна. Адзін зь іх, Барыс Нямцоў, пазьней прызнае гэтую падтрымку вялікай памылкай).

У красавіку 2003 Сяргея застрэлілі каля ягонага дома. Вэрсіі былі розныя. Ацэнкі — таксама. Я прывяду дзьве станоўчыя ацэнкі асобы Юшанкова:

«Глыбока ўзрушаны трагічнай весткай пра гібель Сяргея Мікалаевіча Юшанкова. Сышоў з жыцьця яскравы палітык нашага часу. Забіты чалавек, які лічыў сваім абавязкам абарону дэмакратычных свабодаў і ідэалаў» (Уладзімер Пуцін).

«Загад аб забойстве Юшанкова прыйшоў з Крамля. Сяргей ня мог выйграць выбары, у яго і грошай не было. Але ён раздражняў уладу. Гэта расправа зусім зьвярыная, нематываваная, паколькі ён ня быў рэальнай канкурэнцыяй усемагутнаму Крамлю. Гэта забойства сьведчыць пра тое, што мы ў руках зьвяроў». (Валерыя Навадворская).

Праз дваццаць гадоў, калі я пішу гэтыя радкі, няма ў жывых ні Гайдара, ні Юшанкова, ні Навадворскай, ні Нямцова. Але колькасьць тых расейскіх палітыкаў, якія прыязна ставяцца да беларускай незалежнасьці — як і тады, сёньня можна пералічыць на пальцах адной рукі.

Тады, у студзені 1995-га, я вярнуўся ў Менск з разуменьнем, што ў Маскве зусім няшмат палітыкаў, якія б спагадліва ставіліся да беларускай незалежнасьці. Іх можна (літаральна) пералічыць па пальцах.

«Думаю, што БНФ, усе дэмакратычныя сілы павінны выйсьці на прынцыпова новы ўзровень дачыненьняў з дэмакратычнымі партыямі Расеі, — казаў я ў інтэрвію газэце „Свабода“ па вяртаньні з Масквы. — Можна, канешне, абвінавачваць іх у імпэрскіх амбіцыях — і заявы асобных лідэраў, на жаль, даюць падставы для гэтага. А можна інакш — распачаць двухбаковыя кансультацыі, аргумэнтаваць уласную пазыцыю. Вы ўявіце сабе рэакцыю таго ж Гайдара, калі ён чуе ад начальніка СС „Белая Русь“ пра тое, што дзецям забараняюць вучыць расейскую мову, што расейцу на Беларусі цяжка знайсьці інфармацыю на яго роднай мове — гэта, натуральна, будзе адмоўная рэакцыя. Але расейскія дэпутаты ня ведалі, што яшчэ сем гадоў таму ў Менску не было ніводнай беларускай школы, як невядома ім і тое, што агульны наклад расейскамоўнай прэсы нашмат перавышае наклад беларускамоўнай. Магчыма, дэфіцыт аб’ектыўнай інфармацыі зь Беларусі — гэта вынік і нашага нежаданьня ісьці на кантакт з дэмакратычнымі лідэрамі Расеі. І таму — пры ўсіх акалічнасьцях — найбольш плённым уяўляецца якраз шлях узаемных кантактаў і кансультацыяў. Не паедуць у Маскву Голубеў, Баршчэўскі, Хадыка — паедзе Гайдукевіч і К. Таму давайце выбіраць. Да таго ж палітыкі Беларусі павінны бачыць і пэрспэктыву разьвіцьця ўнутрыпалітычнай сытуацыі на ўсходзе. Рэйтынг расейскага прэзыдэнта як ніколі нізкі, да таго ж я пераканаўся, што на будучых выбарах яго не падтрымаюць дэмакратычныя рухі. Варта зьвярнуць увагу на такіх палітыкаў, як Ягор Гайдар і Георгій Яўлінскі. Я вылучыў бы і Сяргея Юшанкова, які вольны ад імпэрскага мысьленьня і рэальна бачыць пэрспэктыву разьвіцьця беларуска-расейскі дачыненьняў. У кожным разе, кантакт з такімі палітыкам быў бы на карысьць Беларусі... Калі ж казаць пра дачыненьні Беларусі і Расеі ў шырокім кантэксьце, то пазыцыя БНФ вядомая: Расея — у ліку нашых дзяржаўных прыярытэтаў, такая рэальнасьць. Але ўсё ж дачыненьні павінны будавацца на аснове парытэту, з улікам інтарэсаў абодвух бакоў». («Свабода», 1 лютага 1995).

Праз дваццаць гадоў, калі я пішу гэтыя радкі, няма ў жывых ні Гайдара, ні Юшанкова, ні Навадворскай, ні Нямцова. Але колькасьць тых расейскіх палітыкаў, якія прыязна ставяцца да беларускай незалежнасьці — як і тады, сёньня можна пералічыць на пальцах адной рукі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG