Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі запісалі відэазварот, каб мульцік пра сьвінку Пэпу выйшаў па-беларуску


Павал Харланчукоў і Ганна Южакова

Павал Харланчукоў і Ганна Южакова

«Мы чакаем беларускую „Сьвінку Пэпу“! Падтрымлівайце, каб нашы дзеці былі сапраўднымі беларусамі!» — заклікае ў відэароліку шматдзетная сям’я актораў Харланчукоў-Южаковых.

Такім чынам некалькі беларускіх сем’яў падтрымліваюць праект перакладу і агучваньня па-беларуску папулярнага мультсэрыялу для самых маленькіх.

Пра ініцыятыву распавядае кіраўнік адзінага прафэсійнага аб’яднаньня агучваньня на беларускую мову «КінаКонг» Андрэй Кім:

«Сама ідэя зьявілася, бо вялікая колькасьць маладых беларускамоўных бацькоў кажуць, што няма мульцікаў па-беларуску для самых маленькіх дзетак. Менавіта ў той час, калі фармуецца маўленьне, калі дзеткі вучаць словы, крытычна нестае бацькам матэрыялу, — кажа Кім. — Такіх бацькоўскіх просьбаў было шмат, і мы вырашылі агучыць нейкі мульцік. Зрабілі апытанку ў інтэрнэце, і бацькі абралі менавіта гэты сэрыял».

Грошы на тое, каб дзеткі пабачылі прыгоды любімай гераіні на роднай мове, зьбіраюць краўдфандынгам (прыватнымі ахвяраваньнямі) праз рэсурс talaka.by. На пераклад першага сэзону, а гэта 50 сэрыяў, трэба 37 з паловай мільёнаў рублёў. Цяпер сабрана каля 80% гэтай сумы. У краўдфандынгу паўдзельнічала 70 чалавек.

«Калі мы зьбяром больш грошай, то больш і агучым», — абяцае Андрэй Кім.

Дзьве пілётныя сэрыі пра беларускамоўную «Сьвінку Пэпу» можна ўжо паглядзець на youtube-канале «Кінаконг — кіно па-беларуску».

​Там жа можна будзе паглядзець і новыя сэрыі.

«Праваўладальнік дазваляе распаўсюджваць сэрыял праз youtube, пры ўмове, што грошы ад прагляду ідуць яму. Нас гэта цалкам задавальняе. Мы будзем выкладваць сэрыял на youtube у адкрыты доступ, каб усе маглі паглядзець», — тлумачыць Кім.

Агучваць мульцік будуць вядомыя і любімыя акторы Ганна Хітрык і Ўладзімер Глотаў:

«Яны самі маладыя бацькі і таксама хацелі, каб гэты сэрыял зьявіўся па-беларуску», — кажа Кім.

Андрэй Кім называе гэты праект сацыяльна значным і ўпэўнены, што ў яго ёсьць пэрспэктывы:

«Гэта прынцыповае пытаньне для ўсіх — на якой мове будуць размаўляць нашы дзеці, — кажа Андрэй Кім. — Дзеля гэтага Аляксей Шэін напісаў кнігу „Сем камянёў“, а Глеб Лабадзенка выпускае „Дзіцячыя заМовы“. Гэта ўнёсак у будучыню нашых дзяцей».

Сьвінка Пэпа (Peppa Pig) — брытанскі анімаваны сэрыял для самых маленькіх, які распавядае пра цікаўную сьвінку і яе прыгоды. Рэжысэр і прадусар — Эстлі Бэйкер Дэйвіс. Сэрыял пачаў выходзіць у 2004 годзе.

XS
SM
MD
LG