Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі трыбунал над сталінізмам: частка другая


У Менску працягваецца першы Беларускі грамадзкі трыбунал над сталінізмам. Яго праводзіць міжнародная праваабарончая грамадзкая арганізацыя «Мэмарыял» разам з ініцыятывай «За ўратаваньне Курапатаў».

14 красавіка на сядзібе Партыі БНФ адбудзецца другое паседжаньне трыбуналу. Яно прысьвечанае тэме дэпартацыі грамадзянаў Заходняй Беларусі, паведаміла Свабодзе адна з арганізатарак Ганна Шапуцька:

«Сёлетні год — гэта год 75-годзьзя пачатку тых жахлівых падзей, калі жыхароў заходніх абласьцей краіны ў адзін момант зрывалі зь месцаў, дзе яны жылі многімі пакаленьнямі, і кідалі на волю лёсу ў сібірскія лясы. Многія з гэтых людзей — у тым ліку старыя і малыя — гінулі па дарозе, паміралі на неабжытых месцах ад холаду і голаду, хваробаў і непасільнай працы.

Навуковае дасьледаваньне па гэтай тэме выкладзе гісторык Ігар Мельнікаў. Спадзяемся, што сёньняшняе паседжаньне трыбуналу стане новым яскравым сьведчаньнем злачынстваў сталінізму-камунізму на беларускай зямлі.

Асуджэньне гэтых злачынстваў вельмі важнае яшчэ і ў тым кантэксьце, што сёньня на Ўкраіне адбываецца працэс дэкамунізацыі, калі асуджаецца і забараняецца ўсё, што зьвязанае з камунізмам — як найвялікшым злом.

Спадзяемся, што і мы сваім грамадзкім трыбуналам набліжаем час, калі ў Беларусі адбудзецца сапраўды трыбунал над сталінізмам-камунізмам. І сапраўды гэтае зло, якое прынесла савецкая ўлада на нашу беларускую зямлю, будзе пакаранае. А злачынцы, многіх зь якіх ужо няма ў жывых, калі ня будуць пакараныя, то прынамсі будуць названыя пайменна».

Адным з дакладчыкаў на паседжаньні трыбуналу будзе намесьнік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў, які таксама дасьледуе тэмыу сталінскіх рэпрэсіяў.

Першае паседжаньне грамадзкага трыбуналу прайшло 5 сакавіка з нагоды 75-годзьдзя зьяўленьня загаду на расстрэлы ў Катыні. Менавіта 5 сакавіка 1940 году была выдадзеная пастанова ЦК ВКПБ пра рэпрэсіі грамадзянаў Польшчы, узятых у палон, сярод які былі і жыхары Заходняй Беларусі.

Чальцы грамадзкага трыбуналу — гісторыкі, культуролягі, дзеячы культуры, грамадзкія актывісты. Сярод іншых, гэта старшыня «Мэмарыялу» Ігар Кузьняцоў, гісторык Анатоль Валахановіч, культуроляг Якаў Басін, праваабаронца Гары Паганяйла, сьвятар Леанід Акаловіч ды іншыя. Ініцыятары суду над сталінізмам заклікаюць усіх неабыякавых людзей да ўдзелу ў працы трыбуналу, мэта якога — дэсталінізацыя грамадзтва.

Грамадзкі трыбунал будзе праходзіць у некалькі этапаў і завершыцца грамадзкім выракам да дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі 29 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG