Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася падрыхтоўка «Чорнай кнігі сталінізму ў Беларусі»


У Менску прайшло першае паседжаньне грамадзкага трыбуналу «Злачынствы сталінізму ў Беларусі».

Яно было прысьвечана злачынствам савецкай улады ў Заходняй Беларусі пасьля аб’яднаньня краіны ў 1939 годзе, а таксама гістарычнаму фэномэну «Беларускага катынскага сьпісу».

«Беларускі катынскі сьпіс» — гэта пералік асобаў, забітых бальшавікамі на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе на падставе пастановы Палітбюро аб зьнішчэньні польскіх грамадзян. Цалкам ён пакуль ня знойдзены. Дасьледчыкі лічаць, што ў ім ня менш за 3870 імёнаў.

Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў

Паводле слоў гісторыка Ігара Кузняцова, сёньня моладзь ня ведае, што такое Катынь і Курапаты:

«Цяпер не дастаткова даць прававую ацэнку дзеяньням сталінскіх катаў. Сёньняшняя ўлада таксама павінна несьці адказнасьць за замоўчваньне трагічных падзеяў нашай гісторыі, бо ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб злачынствы сталінізму былі забытыя ў народнай сьвядомасьці».

Ігар Кузьняцоў нагадаў, што пасьля 1994 году ўсе дасьледаваньні сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі былі згорнутыя. У 2000 годзе замянілі падручнікі. Сёньня Беларусь — адзіная краіна, дзе праблема цалкам замоўчваецца.

«Мы разумеем, што 20–30 чалавек ня зьменяць сытуацыю, але калі ня будзе нас, праз 10 год пра рэпрэсіі ўвогуле ніхто не ўзгадае», — адзначыў гісторык.

Мэта грамадзкага трыбуналу — трывала аднавіць у народзе памяць пра рэпрэсіі і паказаць маладому пакаленьню, што злачынствы не застануцца забытымі і беспакаранымі. Бо калі няма пагрозы пакараньня, улада становіцца больш нахабнай.

Як падкрэсьліў у сваёй прамове Ігар Кузьняцоў, «сталінізм не павінен сысьці ад адказнасьці за расстрэлы сьвятароў, ганеньні веруючых, злачынствы супраць сумленьня, зьнішчэньне ўсіх традыцыйных саслоўяў, практыку нечуваных фальшаваньняў, сфабрыкаваных прысудаў, расстрэлаў без суду і сьледзтва, за катаваньні, арганізацыю канцлягераў, за зьнішчэньне палітычных партыяў, за бяздарнае вядзеньне вайны, за шматлікія неапраўданыя ахвяры савецкіх жаўнераў, за лёсы ваеннапалонных, якіх перагналі ў савецкі ГУЛАГ, за цкаваньне навукоўцаў, літаратараў, пісьменьнікаў, мастакоў...»

Уладзімір Раманоўскі

Уладзімір Раманоўскі

Прадстаўнік міжнароднага мэмарыялу Ўладзімір Раманоўскі патлумачыў, чым абумоўлена стварэньне грамадзкага трыбуналу менавіта цяпер:

«Для мяне асабіста гэта вынікае зь лёсу маіх продкаў. Я нарадзіўся ў Магадане, у сям’і рэпрэсаваных бацькоў. Актуалізуюць неабходнасьць стварэньня грамадзкага трыбуналу цяперашнія падзеі ў Расеі. Сталінізм уздымае галаву. Сталін абяляецца. Улада Расеі ня можа дамовіцца ня толькі са сваім грамадзтвам, але і з усім сьветам. І гэта ўплывае на сытуацыю ў Беларусі».

Аб’яднаньне Беларусі ў 1939 годзе, на думку ўдзельнікаў паседжаньня, было палітае крывёй. Агульныя лічбы рэпрэсіяў пасьля аб’яднаньня — каля 300 тысяч чалавек (расстрэлы і дэпартацыя). Гэта сапраўдны кошт аб’яднаньня краіны.

Удзельнікі паседжаньня адзначылі, што злачынны рэжым спарадзіў злачынныя структуры. Усе супрацоўнікі НКУС і іншых карных структур нясуць адказнасьць за злачынствы па аналёгіі з прызнаньнем у Нюрнбэргу ваенізаваных фармаваньняў SS злачыннай арганізацыяй.

Красавік-травень 1940 году былі азнаменаваныя карнай апэрацыяй, якая мае прыкметы генацыду. Гэта расстрэл польскіх ваеннапалонных і арыштаваных прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі. Масавае забойства органамі НКУС каля 11 тысяч польскіх грамадзян можна клясыфікаваць як злачынства супраць чалавечнасьці.

У склад грамадзкага трыбуналу «Злачынствы сталінізму ў Беларусі» на сёньняшні дзень увайшлі гісторыкі, краязнаўцы, пісьменьнікі, прадстаўнікі міжнароднага Мэмарыялу. Сярод іх — Ларыса Андросік, Аляксандар Прушынскі, Валеры Вядун, Ільля Копыл, Уладзімер Куфцерын, Станіслаў Лісоўскі, Анатоль Валахановіч, Зінаіда Тарасевіч, Ігар Кузьняцоў, Сяргей Ханжанкоў, Леанід Акаловіч, Уладзімер Раманоўскі.

На паседжаньні была створаная рэдкалегія «Чорнай кнігі сталінізму ў Беларусі». Паводле ініцыятараў трыбуналу, злачынствы, зьдзейсьненыя падчас калектывізацыі (генацыд), ня маюць тэрміну даўнасьці.

У межах працы трыбуналу плянуюцца розныя фарматы пасяджэньняў, у тым ліку выязныя, прымеркаваная да знакавых гістарычных датаў, калі злачынствы камунізму дасягалі апагею. 29 кастрычніка 2015 году будуць падведзеныя вынікі трыбуналу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG