Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет на лесьвічнай пляцоўцы


Пікет на лесьвічнай пляцоўцы

Пікет на лесьвічнай пляцоўцы

Даведаўшыся пра магчымы пікет жыхароў дома, улады прыслалі АМАП і спэцтэхніку. У выніку пэнсіянэры мітынгавалі на лесьвіцы.

Жыхары дому № 109 на праспэкце Незалежнасьці патрабуюць для свайго дому капітальнага рамонту. Улады згодныя — пры ўмове, што надбудуюць тры дадатковыя паверхі.

Сёньня з раніцы ў пад’езьдзе трохпавярховага дому на галоўным праспэкце беларускай сталіцы адбыўся пікет з удзелам 20 жыхароў, якія сталі на лесьвіцы, трымаючы расьцяжку: «Дому 63 гады. Патрабуем капітальны рамонт. Капітальны рамонт без надбудовы».

Радыё Свабода пагутарыла зь Віктарам Янчурэвічам, кіраўніком грамадзянскай ініцыятывы «Эўрапэрспэктыва», якая дапамагае менчукам абараняць свае інтарэсы, кансультуе па пытаньнях звароту ў органы кіраваньня.

Пікет на лесьвічнай пляцоўцы

Пікет на лесьвічнай пляцоўцы

— Чым выкліканы пікет?

— Жыхары шмат гадоў змагаюцца зь мясцовай адміністрацыяй, якая адмаўляецца праводзіць капітальны рамонт дома без надбудовы мансардных паверхаў. Гэта трохпавярховы дом, і ўлады хочуць надбудаваць яшчэ тры. Жыхары выступаюць супраць, абышлі ўсе магчымыя інстанцыі, і, не знайшоўшы паразуменьня, цяпер гатовыя да больш рэзкіх рухаў, каб прыцягнуць да праблемы ўвагу грамадзкасьці.

— Чаму жыхары дому супраць мансардных паверхаў?

— Па-першае, шмат гадоў жыхары плацілі адлічэньні на капітальны рамонт дому. Паводле закону, рамонт мусіць быць праведзены без надбудоўваньня дадатковых паверхаў. Адміністрацыя лічыць рамонт без надбудоўваньня эканамічна немэтазгодным, бо дом малы, і рамонт пацягне за сабой шмат выдаткаў. Па-другое, надбудову паверхаў хочуць рабіць без адсяленьня жыхароў. Гэта значыць, што будуць зносіць дах, умацоўваць сьцены, усталёўваць скразныя сьцяжкі. Жыць там у гэты час будзе некамфортна, брудна і проста небясьпечна.

— Чаму пікет адбыўся ў пад’езьдзе, а не на вуліцы?

— Жыхары, вядома, плянавалі выйсьці на вуліцу, каб зрабіць публічны зварот да СМІ. Але пра гэта даведаліся мясцовыя ўлады і накіравалі ў дом міліцыю, супрацоўнікаў у цывільным, АМАП, які дзяжурыў у пераходзе мэтро побач з домам, а таксама супрацоўнікаў ЖЭСа з вышкай, каб тыя тэрмінова зьнялі расьцяжку, калі яна будзе вывешаная з даху. У выніку жыхары дому вырашылі не падстаўляцца і зрабіць пікет у пад’езьдзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG