Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне генэрала Яўсеева: Кіраваў «зачысткамі» ў сталіцы — узначаліў міліцыю Менскай вобласьці


Ігар Яўсееў падчас прэсавай канфэрэнцыі 23 сьнежня 2010 году

Ігар Яўсееў падчас прэсавай канфэрэнцыі 23 сьнежня 2010 году

Новым кіраўніком менскай абласной міліцыі прызначаны Ігар Яўсееў, які дагэтуль узначальваў міліцыю Віцебскай вобласьці, а ў 2010–2011 гадах «зачышчаў» сталіцу ад удзельнікаў Плошчы і «маўклівых акцыяў».

Генэрал-маёр міліцыі Ігар Яўсееў вяртаецца ў Менск зь Віцебску на пасаду кіраўніка Менскай абласной управы ўнутраных спраў. Рашэньне, якое Аляксандар Лукашэнка падпісаў 2 красавіка, шмат хто з апазыцыйных палітыкаў лічыць пэўнай прыкметай таго, што лідэр краіны рыхтуецца ня толькі да палітычных, а, магчыма, і да вулічных баталіяў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў мяркуе, што Лукашэнка арыентуецца як на будучыя прэзыдэнцкія выбары, гэтак і на агульнае пагаршэньне сытуацыі ў эканоміцы, з-за чаго на вуліцы гарадоў могуць выйсьці пратэстоўцы. «Досьвед „усьмірыцеля“ Менску, як Яўсеева называюць хто жартам, хто ўсур’ёз, можа вельмі прыдацца, і таму ён патрэбны тут, пад рукой», — кажа Ўладзімер Някляеў.

«Ёсьць фатаздымак з адной з акцыяў, дзе мы стаім зь Яўсеевым, як кажуць, „вочы ў вочы“. Але размоў зь ім я ня меў, і таму нічога казаць пра яго як асобу ня буду. Але ёсьць тое, што ёсьць — кашмар 19 сьнежня 2010 году, калі Яўсееў быў далёка не на апошніх ролях, а хутчэй на адной зь першых. Ня думаю, што ягоныя звычкі і мэтады барацьбы зь „пятай калёнай“ памяняліся. Таму ад гэтага прызначэньня, мяркую, нічога добрага чакаць не даводзіцца».

Палкоўнік Яўсееў слухае выступ Уладзімера Някляева пасьля вынясеньня прысуду 20 траўня 2011 году

Палкоўнік Яўсееў слухае выступ Уладзімера Някляева пасьля вынясеньня прысуду 20 траўня 2011 году

19 сьнежня 2010 году, калі некалькі дзясяткаў тысяч грамадзян выйшлі на вуліцы Менску пратэставаць супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў, Ігар Яўсееў узначальваў управу міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Менгарвыканкаму. Пра тое, як наводзіўся парадак на Плошчы, могуць распавесьці сотні пацярпелых. Людзей зьбівалі ня толькі амапаўцы са шчытамі і дубінкамі — найбольш жорстка дзейнічалі міліцыянты ў чорных спартовых строях без апазнавальных знакаў, якімі непасрэдна кіраваў Ігар Яўсееў. Паводле сьведак, ён ня толькі кіраваў, а паказваў і асабісты прыклад: ёсьць фатаздымак, як Ігар Яўсееў нагой б’е журналіста Ўладзімера Грыдзіна, які здымаў падзеі на Плошчы. Дзеяньні Ігара Яўсеева падчас «маўклівых акцыяў», якія адбываліся ўлетку 2011 году, таксама задакумэнтаваныя незалежнымі журналістамі — у тым ліку ёсьць аўдыёзапіс, на якім начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі публічна ўжывае мацюгі падчас разгону людзей, якія сабраліся на Прывакзальнай плошчы.

Ігар Яўсееў б’е фотакарэспандэнта Ўладзя Грыдзіна 20 сьнежня 2010 году

Ігар Яўсееў б’е фотакарэспандэнта Ўладзя Грыдзіна 20 сьнежня 2010 году

Зь біяграфіі новага начальніка менскай абласной міліцыі Ігара Яўсеева вядома, што тэрміновую вайсковую службу ён праходзіў у брыгадзе спэцназу галоўнага выведнага ўпраўленьня вайскова-паветраных сіл, якая дысьлякавалася ў ГДР. «Ён заўсёды быццам на вайне», — сказаў пра Ігара Яўсеева актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, які падчас затрыманьняў вымушана кантактаваў з высокапастаўленым міліцыянтам. Мікалай Дземідзенка дадае, што Ігар Яўсееў мог мець дачыненьне да вайны ў Аўганістане, бо ў размовах згадваў свой «аўганскі досьвед». Было гэта сапраўды ці міліцыянт проста хацеў дадаць сабе аўтарытэту, актывіст меркаваць не бярэцца. Але кажа, што Яўсееву ўласьціва паняцьце афіцэрскага гонару і звычка трымаць слова.

Мікалай Дземідзенка

Мікалай Дземідзенка

«Што датычылася мяне, ён ніколі нешляхетна не паступаў. Ён казаў: „Мікола, я цябе пасаджу, калі ты будзеш рабіць гэта і гэта“. Я на гэта яму адказваў, што мяне гэта ня спыніць. Добра. Потым падчас, прыкладам, Дня Волі ў 2010 ці 2011 годзе, дакладна ўжо ня памятаю, калі я выходжу з мэгафонам, ён падыходзіць і кажа: „Ну, што, Коля? Я ж папярэджваў. Забірайце яго“. Ніякіх крыўдаў. Калі яго параўноўваць зь іншымі вышэйшымі міліцыянтамі, то там ёсьць абсалютна неадэкватныя. Канечне, пра Яўсеева таксама можна згадаць асобныя неадэкватныя ўчынкі, як адносна Ўладзя Грыдзіна. Але. Прыкладам, вось ён прыходзіў на Акрэсьціна, выводзіў мяне з камэры і пытаўся пра ўмовы, ці няма вошай, на што скарджуся. Размаўляў, спрабаваў давесьці сваю пазыцыю адносна нашых дзеяньняў. То бок — так, ён ахоўнік рэжыму, выконвае свае абавязкі спраўна, але ў яго адчуваецца ўласная пазыцыя. Ён, здаецца, калі што зьменіцца, гатовы несьці адказнасьць за гэтую пазыцыю».

Ігар Яўсееў на Чарнобыльскім шляху — 2012

Ігар Яўсееў на Чарнобыльскім шляху — 2012

У чэрвені 2013 году Ігара Яўсеева адправілі кіраваць віцебскай абласной міліцыяй ды прысвоілі яму званьне генэрал-маёраі. Што адметнага зрабіў генэрал Яўсееў за амаль 2 гады працы ў Віцебску? Віцебская актывістка Тацяна Севярынец называе Ігара Яўсеева «ланцужным сабакам рэжыму» і кажа, што мэтады абыходжаньня міліцыянтаў з удзельнікамі грамадзкіх акцыяў адназначна сталі нагадваць сваёй брутальнасьцю Менск 2011 году.

Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец

«Для нас тое, што ён узначальваў разгон Плошчы, было вельмі дрэннай рэпутацыяй гэтага чалавека. І Яўсееў гэтую рэпутацыю тут пацьвердзіў. Ягоны почырк адчувалі літаральна ўсе. Узяць хаця б гэтую парадаксальную справу пра фатасэсію, калі актывісты і журналісты выказаліся праз фота за свабоду слова, а іх пакаралі вялікімі штрафамі як за недазволены пікет. Ці як зьбіралі подпісы за якасную мэдыцыну, дык тройчы нас затрымлівалі з подпісамі, прад’яўляючы ўсё што заўгодна. Нібыта мы махляры, нібыта нешта парушаем. Сяргея Каваленку затрымалі перад Новым годам, адседзеў чалавек у турме ўсе канікулы, як прыехаў з вучобы. Таксама пры Яўсееву зьявілася справа Міхаіла Жамчужнага, якая вельмі нагадвае палітычную справу».

Што вядома пра Ігара Яўсеева як пра чалавека? У Віцебску кажуць, што ў горадзе ён часта зьяўляўся як звычайны чалавек з жонкай і малой дачкой. А менскія журналісты згадалі такі выпадак.

Ігар Яўсееў падчас акцыі «Стоп-бэнзін» у 2011 годзе

Ігар Яўсееў падчас акцыі «Стоп-бэнзін» у 2011 годзе

У лютым 2011 году дзясяткі сваякоў затрыманых за Плошчу пацягнуліся ў прыёмную КДБ, каб перадаць перадачы тым, каго трымалі ў «Амэрыканцы». На выхадзе з КДБ сваякоў сустракалі журналісты, каб выведаць апошнія навіны пра затрыманых. Празь лічаныя дні на вуліцы Камсамольскай каля КДБ пачалі дзяжурыць і «людзі ў чорным», падначаленыя Ігара Яўсеева, у абавязак якіх уваходзіла сачыць, каб на ходніках не адбывалася прэсавых канфэрэнцыяў. Некалькі разоў туды прыходзіў і сам Яўсееў, а аднойчы журналісты ўбачылі, як ён зайшоў у кнігарню насупроць ды купіў там...валянцінку. «Нішто чалавечае нам не чужое», — жартавалі журналісты пра «ўсьмірыцеля» Менску.

Тацяна Севярынец згадала, як у 2011 годзе падчас аднаго з судоў за Плошчу міліцыянт хацеў сарваць у яе з вопраткі бел-чырвона-белую стужку, але менавіта Ігар Яўсееў спыніў свайго падначаленага. «Магчыма, проста каб не было шуму ў судзе, але ён сказаў — няхай», — кажа Тацяна Севярынец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG