Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыгір ацаніў 100 дзён Кабякова на пасадзе прэм’ера


Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір

Сёньня 100 дзён ад прызначэньня Андрэя Кабякова прэм’ерам замест Міхаіла Мясьніковіча. Адначасова ў складзе ўраду быў зроблены шэраг іншых зьменаў. Як ацэньваюць старт новага ўраду спэцыялісты.

Чыгір: Нічога новага не чуваць

Андрэй Кабякоў — ужо сёмы прэм’ер пры прэзыдэнце Аляксандру Лукашэнку. А першым кіраўніком ураду быў Міхаіл Чыгір. Сёньня спадар Чыгір ацаніў працу новага прэм’ера так:

«Мне падаецца, што ўсё як было, так і засталося. Нічога новага не чуваць, нічога новага я не чакаю, ні на што на новае не спадзяюся.

Яны ўсе сілы кінулі на тое, каб стрымаць курс беларускага рубля, каб ён далей ня падаў. Але ж так доўга цягнуцца ня можа.

А ў іншых сфэрах як было, так і застаецца. На скарачэньне бюджэтных выдаткаў урад не пайшоў. Можна адзначыць, што прытрымалі грашовую масу. Але ж гэта не зусім правільна, таму што пазьней будзе падзеньне».

Раманчук: Урад не зьбіраецца рэфармаваць эканоміку

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Урад пад кіраўніцтвам Кабякова прынцыпова нічым не адрозьніваецца ад ранейшых урадаў, лічыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Добра, што хоць урад прызнаў, што і з пункту гледжаньня цэнавага рэгуляваньня і валютнага фактару трэба было адмовіцца ад сьнежаньскіх рашэньняў.

Плян дзеяньняў на 2015 год паказвае, што ўрад не зьбіраецца рэфармаваць эканоміку. А дакумэнты, якія распрацоўваюць на 2016–2020 гады, паказваюць, што гэта спробы залатаць дзіркі ў сацыялістычнай, плянавай эканоміцы, але ніяк не збудаваць новыя рынкавыя інстытуты.

А вось рыторыкі ў гэтага ўраду значна болей. Кажуць і пра неабходнасьць жыць па сродках, і пра некаторыя рынкавыя рэчы. Але, я думаю, гэта зьвязана толькі з тым, што вельмі хочацца атрымаць крэдыты і ў Міжнароднага валютнага фонду, і ў Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Адсюль і такая быццам добрая рыторыка пры ня вельмі добрай гульні».

Дэпутат Барадзеня: Мая ацэнка — добра

На чацьвёрку па пяцібальнай шкале ацэньвае пачатак працы новага ўраду сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Валер Барадзеня:

«Вельмі цяжкая сытуацыя па мяжы нашай краіны. Па-ранейшаму працягваецца ўкраінскі канфлікт, сур’ёзнае падзеньне эканамічнай актыўнасьці ў Расейскай Фэдэрацыі, дый у Эўразьвязе ня бачна росту. Цэны на нафту ідуць уніз. Усё гэта адбіваецца. Таму ў такіх складаных умовах першыя 100 дзён працы новага ўраду можна ацаніць на „добра“.

Складана, складана адназначна. Але тое, што сытуацыяй кіруюць і няма панічных настрояў, гэта для ўраду плюс. Таму і мая ацэнка — добра».

Цярэшчанка: Урад толькі вывучае сытуацыю

«Калі назіраеш за працай ураду Кабякова, складаецца ўражаньне, што ён толькі вывучае сытуацыю, уваходзіць у яе», — лічыць былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Віктар Цярэшчанка:

«Канкрэтных дзеяньняў, ініцыятывы і прапаноў што да грашова-крэдытнай палітыкі, манэтарнай палітыкі, структуры экспарту, мадэрнізацыі прадпрыемстваў дый іншых галін з боку ўраду няма. І ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасьці. Ну вось МАЗ прыпыніў працу, скарачаюцца аб’ёмы вытворчасьці. Што ўрад зрабіў? Нічога.

І колькасьць трактароў скарачаецца. І іншай тэхнікі. І будзе скарачацца, калі ня будзе ініцыятывы з боку ўраду. Але ж трэба ведаць, што ініцыяваць, каб быў і вынік, і эфэкт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG