Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барада і татуіроўка? Шляхта? У гомельскі музэй нельга!


З-за бародаў і татуіровак музыкантаў гурту «Бодхі» не пусьцілі ў музэй гісторыі Гомеля, дзе яны павінны былі выступіць на адкрыцьці выставы «Фоталябараторыя».

Як паведаміў агенцтву БелаПАН гітарыст гурту Іван Марозька, на выставе фотапрыладаў з музэйных фондаў другой паловы ХХ стагодзьдзя дэманструюцца таксама фотаработы Кацярыны Дзям’янцавай, якая і запрасіла музыкантаў на адкрыцьцё выставы.

«Выстава рыхтавалася даўно. Нас запрасілі — мы прыехалі. Але высьветлілася, што ў адміністрацыі музэя іншы сцэнарый, у які мы не ўпісваемся. Папрасілі паглядзець нашы тэксты песень. Затым папрасілі выступіць пазьней, каб мы сваім выглядам не псавалі карціну тэлебачаньню, а апрача таго, музэй наведваюць запрошаныя з таварыства інвалідаў», — сказаў Марозька.

Гурт «Бодхі» і частка наведвальнікаў, якія таксама не прайшлі «дрэс-код», то бок былі, паводле слоў музыканта, «непрыстойна апранутыя, татуіраваныя, з бародамі», гадзіну чакалі на ганку музэя «асаблівага распараджэньня». Потым музыкантам дазволілі ўвайсьці, але ня ў залю, дзе былі выстаўлены фотаработы, а ў іншае памяшканьне. «У пустой залі нам прапанавалі пайграць і папрасілі, каб ніхто гэта не здымаў, каб не было ні фота, ні відэа. Мы вырашылі граць на сьвежым паветры», — заявіў музыкант.

Гэта не першы канфлікт у музэі. Нядаўна там забаранілі правесьці выставу «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны». Новапрызначанаму кіраўніку музэя гісторыі горада, якая раней працавала ў аддзеле ідэалёгіі Чыгуначнага раёну, не спадабалася слова «шляхта», і яна папрасіла не ўжываць яго. Выстава «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны» — плён некалькіх гадоў працы калектыву гісторыкаў, архітэктараў, мастакоў і краязнаўцаў. Энтузіясты сваімі сіламі шукалі цікавую інфармацыю пра старадаўнія гомельскія шляхецкія роды, размаўлялі з нашчадкамі шляхты. Арганізатары выставы знайшлі іншае памяшканьне.

XS
SM
MD
LG