Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідацыя Магілёўскага праваабарончага цэнтру пакуль адкладзеная


17 сакавіка ў Магілёўскім абласным судзе адбылося другое паседжаньне па разглядзе пазову абласнога ўпраўленьня юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Магілёўскі праваабарончы цэнтар». Фармальная прычына — адсутнасьць юрыдычнага адрасу. Як сьцьвярджаецца ў пазове ўпраўленьня юстыцыі, з 5 сьнежня 2014 году праваабарончы цэнтар не разьмяшчаецца па адрасе, які ўказаны ў ягоным Статуце, паколькі дамова арэнды была разарваная арандадаўцам «у аднабаковым парадку».

Раніцай старшыня праваабарончага цэнтру Ўладзімер Краўчанка прынёс у суд новую дамову аб арэндзе і гарантыйны ліст ад новага арандадаўцы пра згоду даць грамадзкай арганізацыі юрыдычны адрас. Па ўзаемнай згодзе бакоў судзьдзя Аляксандар Раманаў прыпыніў разгляд справы для азнаямленьня з дакумэнтамі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Сёньня зранку кіраўніцтва Магілёўскага праваабарончага цэнтру падало дакумэнты аб наяўнасьці юрыдычнага адрасу, бо прычынай гэтага пазову была якраз адсутнасьць юрыдычнага адрасу. Дарэчы, ранейшы арандадаўца скасаваў дамову з праваабарончым цэнтрам яўна пад ціскам. Дык вось, праваабарончы цэнтар знайшоў новае памяшканьне, падалі яны зранку дакумэнты, што дамову на арэнду маюць. І суд, разгледзеўшы гэтыя дакумэнты, прыпыніў справу на пэўны час, да разгляду гэтых дакумэнтаў у Магілёўскай абласной управе юстыцыі. Так што можна сказаць, што ўлады часова адступілі. Пакуль што ўзятая паўза».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG