Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады хочуць закрыць Магілёўскі праваабарончы цэнтар. Суд 17 сакавіка


10 сакавіка судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суду пачала разгляд пазову галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Магілёўскі праваабарончы цэнтар».

Паводле загадчыка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Аляксандра Маймусава, грамадзкае аб’яднаньне парушыла заканадаўства — не падало ва ўпраўленьне юстыцыі дакумэнты, неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі зьмены юрыдычнага адрасу.

Галоўны спэцыяліст па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў абласнога ўпраўленьня юстыцыі Аліна Хмяльніцкая на судовым паседжаньні настойвала, што арандатары адмовілі Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру і што фактычна з 5 сьнежня 2014 году ГА «МПЦ» ня мела памяшканьня для разьмяшчэньня свайго кіраўнічага органа.

Паводле кіраўніка Праваабарончага цэнтру Ўладзімера Краўчанкі, дамова на арэнду па адрасе Пажарны завулак, 5, офіснае памяшканьне 3, была заключана ў кастрычніку 2014 году тэрмінам на 1 год і можа быць скасаваная толькі па згодзе бакоў. Магілёўскі праваабарончы цэнтар дакумэнт аб скасаваньні дамовы арэнды не падпісваў.

Уладзімер Краўчанка на судовым паседжаньні заявіў хадайніцтва, каб прыцягнуць у якасьці сьведак арандадаўцу Дзьмітрыя Панамарэнку і капітана КДБ Юрыя Гаўрылава, які, паводле словаў Краўчанкі, цісьне на Панамарэнку.

Судзьдзя Аляксандар Раманаў хадайніцтва не задаволіў і перанёс судовыя слуханьні на 17 сакавіка.

ГА «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» — адзіная рэгіянальная праваабарончая арганізацыя ў Беларусі. МПЦ дзейнічае з 1998 году.

XS
SM
MD
LG