Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Менск? Чаму лідэры Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіны вырашылі сабрацца менавіта ў беларускай сталіцы, каб паспрабаваць разьвязаць данбаскі гордзіеў вузел?

Чаму ў Менску праводзіліся перамовы кантактнай групы АБСЭ, што было эўфэмізмам перамоваў прадстаўнікоў Кіеву з прадстаўнікамі сэпаратыстаў, больш-менш зразумела: у сьвеце мала месцаў, куды апошнія маглі б паехаць, не рызыкуючы адтуль не вярнуцца. Але цяпер у Менск едуць першыя асобы, Пуцін ня быў бы жаданым госьцем ні ў воднай эўрапейскай краіне, але, скрыгочучы зубамі, прынялі б, і ніякай асабістай небясьпекі яму не было б.

Да таго ж пры патрэбе і лідэры Эўропы могуць наведаць Маскву, што і адбылося на гэтым тыдні.

Да таго ж варта прыгадаць, што сустрэча менавіта ў такім, «нармандзкім» фармаце плянавалася пару тыдняў таму, да абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе, у Астане. Сустрэча тады не адбылася, але зараз, калі бакі сасьпелі да перамоваў, яна пераносіцца ў Менск. Чаму?

Выглядае, што акрамя прэстыжных меркаваньняў, дзейнічае магія слова, магія месца. Прэстыжныя меркаваньні зразумелыя. Пуцін ня хоча ехаць у Эўропу і тым больш ва Ўкраіну. Ён на полі бою пакуль не прайграў, ягоныя пратэжэ ў Данбасе наступаюць, а ня церпяць паразу.

Пуцін ня хоча ехаць у Эўропу і тым больш ва Ўкраіну. Ён на полі бою пакуль не прайграў, ягоныя пратэжэ ў Данбасе наступаюць, а ня церпяць паразу.

Як для Парашэнкі, гэтак і для заходніх лідэраў непрымальная сустрэча на расейскай тэрыторыі. Ужо бліц-візыт у Маскву для папярэдніх перамоваў выклікаў асацыяцыі з паездкай Чэмбэрлена ў Берхтэсгадэн да Гітлера. Перамовы ў Расеі, на якіх будуць зробленыя істотныя саступкі Маскве, будуць ужо надта нагадваць Мюнхэн 1938 году. А Менск... ну не Расея ўсё ж такі.

Ну а чаму Менск, а не, скажам, Астана? Таму што верасьнёўскія пагадненьні, якія ва ўсім сьвеце вядомыя, як менскія, сталі самым істотным крокам да міру за ўвесь час канфлікту. Так, яны ня надта выконваліся, так, пасьля студзеньскага наступу сэпаратыстаў яны нібыта аказаліся перакрэсьленымі. Але менавіта яны задалі рамкі магчымага, дасягальнага ў цяперашняй сытуацыі і, напэўна, у агляднай пэрспэктыве. І можна спрагназаваць, што перамовы Алянда, Мэркэль, Парашэнкі і Пуціна, як у найлепшым, гэтак і ў найгоршым варыянце будуць адно карэкцыяй тых менскіх пагадненьняў.

Зразумела, Украіна аддала б перавагу таму, каб «ветлівыя людзі» Пуціна прыбраліся з Данбасу. Гэтак жа, як Маскве больш спадабалася б, калі б сэпаратысты разам з «адпускнікамі» з Расеі дайшлі да межаў Данбасу, а яшчэ лепш — да заходніх межаў Днепрапятроўскай, Харкаўскай і Адэскай абласьцей. Але гэтыя мэты дасягальныя толькі адным шляхам — вайной. Мір дасягальны больш менш у рэчышчы менскіх пагадненьняў.

Ну а тады Менск — аптымальнае месца для перамоваў, зарука таго, што як у верасьні, будзе зроблены рэальны крок да міру. Ужо які будзе той мір, ці ня будзе ён нагадваць той самы сумнаславуты мюнхэнскі мір — гэта пытаньне. Але ў Менск едуць лідэры Эўропы (а не ЗША), якія аддаюць перавагу міру (хай і кепскаму) перад справядлівай вайной, у якой яны ня хочуць удзельнічаць, і шанцы на перамогу ў якой невялікія. Таму дарога ім — менавіта ў Менск.

Што на гэтым выйграе Аляксандар Лукашэнка? Ды шмат выйграе. Ізноў акажацца ў цэнтры ўвагі ўсяго сьвету, прычым акажацца ў ролі аб’ектыўна абсалютна станоўчай. Калі новы менскі мір акажацца зьдзелкай з д’яблам, дык тое будзе на сумленьні Ангелы Мэркэль і Франсуа Алянда. А Лукашэнка што — спрыяў міру. Атрымаецца нешта кепскае — ну дык а ён прычым? А атрымаецца добрае — ну дык міратворац.

Што на гэтым выйграе Аляксандар Лукашэнка? Ды шмат выйграе. Ізноў акажацца ў цэнтры ўвагі ўсяго сьвету, прычым акажацца ў ролі аб’ектыўна абсалютна станоўчай.

Акрамя таго, нельга выключаць і доўгатэрміновыя бонусы. Ня раз даводзілася адзначаць, што ўмовы паляпшэньня стасункаў зь Менскам, сфармуляваныя Захадам, Эўропай — гэта іх умовы, іх палітычны, а ня толькі і ня столькі маральны выбар. Мараль не перашкаджае мець справу з такімі «волатамі дэмакратыі», як Аліеў і той жа Назарбаеў. Палічаць, што нейкія іншыя інтарэсы Захаду, Эўропы важнейшыя за прыгаданыя ўмовы — скасуюць ці забудуць умовы. У пэўным сэнсе ўжо забылі. Санкцыі адносна беларускіх урадоўцаў, «чорны сьпіс» неўязных прадугледжваў і тое, што высокія прадстаўнікі Захаду не наведваюць Менск. Прэзыдэнт Францыі і канцлер Нямеччыны — куды ўжо вышэй? Хіба прэзыдэнт ЗША.

Але асаблівасьць сытуацыі ў тым, што Эўропа ў асобе сваіх «грандаў» павяла ўласную гульню, да якой стаўленьне Вашынгтона ў лепшым выпадку стрыманае. І прыезд у Менск Алянда і Мэркэль — хоць і другасная, але таксама частка гэтай асобнай гульні.

Зразумела, пры вялікім жаданьні можа быць паўтораная формула, якая гучала з вуснаў эўрапейскіх дыпляматаў і пасьля сустрэчы ў Менску Парашэнкі і Пуціна, і пасьля заключэньня менскіх пагадненьняў: за пляцоўку і гасьціннасьць Лукашэнку дзякуй, а ўмовы застаюцца ўмовамі. Фармальна ніхто не абавязаны ў адказ ані скасоўваць візавыя забароны, ані рабіць іншыя крокі насустрач.

Іншая справа, што не рабіць іх робіцца ўсё больш складаным псыхалягічна. Ды і палітычна. Хацелі б лідэры Францыі і Нямеччыны захаваць палітычную цнатлівасьць, дык паехалі б не ў Беларусь, лідэра якой яна самі ў сябе не прымаюць, а ў Казахстан, як плянавалі раней, балазе з Назарбаевым яны рэгулярна і плённа кантактуюць. Ну а калі ўжо пагадзіліся на Менск...

Хацелі б лідэры Францыі і Нямеччыны захаваць палітычную цнатлівасьць, дык паехалі б не ў Беларусь, лідэра якой яна самі ў сябе не прымаюць, а ў Казахстан

Магчымыя варыянты, зразумела, але варыянт хуткай нармалізацыі адносінаў выглядае найбольш верагодным.

Ня выключана, што і з вызваленьнем палітвязьняў, прынамсі, Міколы Статкевіча. Колішняе вызваленьне Аляксандра Казуліна паказвае, што справа не ў пэрсаналіях. Лукашэнка можа вызваліць усіх палітвязьняў, але калі гэта будзе адзіная і канчатковая ўмова, у сытуацыі, калі вызваленьне дасьць максымальную карысьць. Неабавязкова грашовую. Калі Маркэль і Алянд асабіста папросяць — дык вызваліць.

Ну а чым саміт усё ж скончыцца? Можа, наагул нічым.

Прычым, бонусы чакаюць кіраўніка Беларусі незалежна ад вынікаў будучага менскага саміту. Скончыцца ён няўдачай — ну што ж, шкада. Але Лукашэнка аказаўся надзвычай карысным і патрэбным і Ўсходу, і Захаду. За гэта трэба нечым плаціць.

Ну а чым саміт усё ж скончыцца? Можа, наагул нічым. Колькі было дамоўленасьцяў па Данбасе, якія менавіта гэтым і сканчваліся. Але канцэптуальна, прагноз, сапраўды, паміж Мюнхэнам і Ялтай — банальнай капітуляцыяй, мірам любой цаной, які ўсё роўна вядзе да вайны, ці сілавым балянсам, захаваньнем таго, што можна захаваць, саступкай таго, што ўжо ўзятае ці будзе ўзятае сілай.

У пэўным сэнсе адрозьненьні невялікія. У рэшце рэшт, Судэты, якія ў 1938 годзе аддалі Гітлеру, былі меншыя, чым уся Ўсходняя Эўропа, аддадзеная ў 1945 годзе Сталіну. Аднак Ялта не прывяла да «гарачай» вайны, а ў 1989 годзе яе вынікі былі перагледжаныя.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG