Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

14.4.1961, Менск — 9.4.2012, Вільня. Пахаваная на могілках у в. Міханавічы, Менскі раён.

У беларускай мове слова «рыцар» ня мае жаночага роду. Але ёсьць прынамсі дзьве нашы суайчыньніцы, якіх я без ваганьняў назваў бы рыцаркамі.

Першая — паўстанка 1831 году Эмілія Плятэр, якая стварыла і ўзначаліла аддзел зь некалькіх сотняў ваяроў.

Другая — Арына Вячорка.

І рэч ня толькі ў тым, што Арына была заснавальніцай сучаснага рыцарскага руху ў Беларусі і кіраўніцаю (!) рыцарскага клюбу «Вялікае Княства», арганізатаркаю дзіцячага летніку «Грунвальд», першага рыцарскага турніру ў Лошыцкім парку, першых выправаў на турніры ў Польшчу і Чэхію.

Рыцаркаю я ўспрымаў яе з тых даўніх часоў, калі, прыяжджаючы з Полацку ў Менск, начаваў у Арыны і Вінцука Вячорак і гаспадыня частавала мяне на дэсэрт нязьменнаю, але заўсёды зь нейкімі новымі нюансамі шарлёткаю.

Арыну ўжо тады ведалі, відаць, усе, чые сэрцы біліся па-беларуску. І дзякуючы ёй гэтых сэрцаў рабілася ўсё больш.

Матэматык паводле адукацыі, яна разам з купкаю сяброў і аднадумцаў стварала першае нацыянальнае незалежнае згуртаваньне новага часу —"Беларускую сьпеўна-драматычную майстроўню«, а затым яе спадкаеміцу — «Талаку», ладзіла дзясяткі імпрэзаў, адраджала беларускае школьніцтва...

У ХХІ стагодзьдзі Арына мужна й натхнёна ўзялася за справу, якая, здавалася, па сілах адно магутным мужчынскім плячам — за адраджэньне нашай даўняй музычнай культуры. Безь Вячоркі не зьявіліся б пэрлінкі маёй (ды хіба толькі маёй!) фанатэкі — альбомы «Легенды Вялікага Княства», «Старажытная зямля», «Музыка Вялікага Княства Літоўскага».

Яна стала прадусарам знакамітага сёньня гурту «Стары Ольса» і музычнага праекту «Вір», кансультантам фільму «Старадаўнія музычныя інструмэнты Беларусі» і праекту «Гістарычны эпас», арганізоўвала ў Менску і Наваградку нацыянальныя конкурсы маладых выканаўцаў «У гонар каралевы Боны». Удумаемся ў гэтую лічбу: 100 зладжаных ёю канцэртаў старадаўняй і фальклёрнай музыкі!

А былі ж яшчэ клопаты пра дзяцей — Радаславу, Францішка і Ружану. Імя сына Вячоркаў ведае цяпер усё незалежнае беларускае грамадзтва, а фільм «Жыве Беларусь!», адзін з аўтараў якога — Франак, заваяваў ужо зь дзясятак узнагародаў на міжнародных кінафэстывалях.

...Мне бачыцца зусім не выпадковым, што зямны шлях Арыны, род якой паходзіць зь Вяліжу, зь беларускай Смаленшчыны, завяршыўся ў нашай рыцарскай і адраджэнскай сталіцы — Вільні.

Яе душа адлятала ў нябёсы пад ціхую музыку Вялікага Княства.

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG