Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусь зачасьцілі расейскія музыкі. Іхныя канцэрты праходзяць у прэстыжных ды вялікіх залях беларускіх гарадоў.

Экспэрты зьвязваюць бум канцэртнай актыўнасьці расейцаў з крызісам у іх на радзіме ды стратай магчымасьцяў гастраляваць ва Ўкраіне. Тым часам беларускія музыкі такой канцэртнай актыўнасьцю ў сябе на радзіме пахваліцца ня могуць.

Інфармацыйныя тумбы ў Магілёве стракацяць абвесткамі пра канцэрты расейскіх музыкаў. На абвестках кошты квіткоў — ад 200 тысяч рублёў. Вязуць на гастролі расейцаў прыватныя прадпрымальнікі, прадаваць квіткі дапамагае магілёўская філярмонія. У ёй сьцьвярджаюць, што магілёўцы хадзілі б на канцэрты расейцаў, калі б не расьлі цэны. У мінулым годзе на некаторых сьпевакоў, паведаміла супрацоўніца філярмоніі, прыходзіла багата народу. Сёлета ж, з пачатку году, сытуацыя зьмянілася.

«На Валерыя Лявоньцева дужа вялікі попыт, аднак білета дарагія. Калі да новага году цана квітка была ад 300 да 500 тысяч, тады як пасьля сьвятаў арганізатары канцэрту паднялі цэны ад 500 да 650 тысяч. Многія прыходзяць запытваюць, але не купляюць праз дарагоўлю».

Некаторыя зь мінакоў, зь якімі ўдалося пагутарыць на вуліцах гораду, не хавалі, што схадзілі б на канцэрты расейскіх музыкаў, каб адпачыць ад клопатаў будзённасьці, аднак выкласьці паўмільёна за квіток не гатовыя. Кажуць: задорага. Магілёўцы адзначаюць, што і раней ўвага расейскіх сьпевакоў да Беларусі была, а цяпер яна і значна ўзрасла.

«У Расеі цяпер не зусім добрыя адносіны з Эўрапейскімі краінамі, Украінай ды Амэрыкай», выказвае меркаваньне пра прычыны зацікаўленьня Беларусьсю расейцамі маладая жанчына.

Думку суразмоўніцы падтрымлівае мужчына таго ж веку. Акцэнт ён робіць на Ўкраіне, якая для расейскіх сьпевакоў, на ягонае меркаваньне, стала закрытай. Дадае суразмоўца і эканамічны фактар:

«У Расеі цяпер крызіс. Абвал рубля. Дык, вось, у іхных актораў пачаўся „чос“. Як, яны кажуць, паехалі „пачасацца“. Наўрад ці яны палюбілі Беларусь стыхійна».

Як прычыну частых візытаў расейскіх музыкаў мінакі на магілёўскіх вуліцах называлі беларускую гасьціннасьць. Іх добра тут прымаюць — вось і прыяжджаюць. Згадалі і інтэграцыйныя працэсы Беларусі з Расеяй — агульную мытную прастору.

Некаторыя суразмоўцы заяўляюць, што ў Беларусі бракуе сваіх зорак, таму іхняе месца на мясцовай сцэне займаюць расейцы. Такога меркаваньня трымаецца пераважна моладзь:

«У Беларусі ня так шмат зорак, якія могуць у нас выступаюць на ўзроўні расейскіх. Таму расейскія прыяжджаюць сюды. Робяць туры. Беларусь жа недалёка ад Расеі. Яны прыехалі, сабралі людзей. Правялі канцэрт. Расейскія зоркі ў нас неяк больш вядомыя, чым беларускія, таму імі ўсё завешана», выказваецца прадстаўнік маладога пакаленьня беларусаў.

Што да канцэртаў беларускіх музыкаў, то фінансавыя цяжкасьці не дазваляюць праводзіць іх рэгулярна, прызналася супрацоўніца магілёўскай філярмоніі.

«Для таго, каб акупіць расходы, арэнду залі і каб цана на білет была прыймальная для насельніцтва, — трэба каб была падтрымка зь бюджэту — выдзяляліся грошы на правядзеньне тура. Цяпер жа дужа складана зь фінансаваньнем. На гэты год як такіх тураў не заплянавана. Адзінае, што на выступ запрашаем».

Назваць адразу імёны беларускіх сьпевакоў апытаныя магілёўцы не маглі. Доўга прыгадвалі. Сярод названых была Ларыса Грыбалёва і Алег Хаменка.

Ларыса Грыбалёва кажа, што была з канцэртам летась у Магілёве. Зазначае, што ў яе ёсьць каманда, якая займаецца продажам квіткоў на яе выступленьні. Прызнаецца, аднак, што ў абласных гарадах працаваць складаней, бо даводзіцца канкураваць з расейскімі музыкамі:

«Цяпер складаная сытуацыя ў Расеі, таму і паболела ў нас расейскіх зорак», выказвае сваё меркаваньне беларуская сьпявачка.

«Яны скідаюць цэны. Ім прасьцей сплаціць арэнду за глядацкую залю, чым беларускай зорцы. На беларускую зорку па такім цэнам як на расейскую ніхто ня будзе купляць білеты. У іх сапраўды паболей канцэртаў, то бок расейскіх зорак. Таму канкураваць складана».

Паводле суразмоўніцы, на беларускім тэлебачаньні амаль зьніклі пляцоўкі, дзе мясцовыя музыкі маглі б сябе паказаць, што адбіваецца на папулярнасьці і канкурэнтаздольнасьці. Акрамя таго, кажа спадарыня Грыбалёва стаўленьне беларусаў да беларускага своеасаблівае. Спачатку трэба засьвяціцца ў замежжы, каб цябе прызналі за зорку на радзіме:

«У Расеі, ці дзесьці на постсавецкай прасторы — тады беларусы думаюць, і варта схадзіць. Тады ўжо думаюць пра цябе ні як пра суседку па лесьвічнай пляцоўцы, а кшталту: «нешта яна зь сябе значыць».

Лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка кажа: правесьці канцэрт у Беларусі беларускім музыкам цяжка праз складанасьці ў мясцовым падаткаабкладаньні. Што да прычынаў наплыву расейскіх музыкаў, то суразмоўца заўважае, што не адсочвае, болей іх стала, ці не. Тым ня менш сваё меркаваньне выказвае. На ягоную думку, гэта зьвязана з крызісам у Расеі:

Алег Хаменка

Алег Хаменка

«Расейскі рубель патаньнеў адносна даляра і эўра. Небагатыя расейскія рэгіёны ўжо ня могуць купляць гэтых артыстаў. І ўсе свае намаганьні яны скіравалі ў Беларусь, разважаючы, што гэта самы багаты рэгіён Расеі. Яны ж лічаць, напэўна, што мы з адзін з народаў іхняй фэдэрацыі».

Алег Хаменка дадае, што частыя наезды расейскіх музыкаў у Беларусь маюць і ідэалягічны падмурак. На ягоную думку, расейскае кіраўніцтва робіць націск на максымальна магчымую прапаганду расейскай поп-культуры па-за межамі Расеі:

«Якая ў пэўным сэнсе ўкладаецца ў мысьленьне „Русского мира“. Якімі заўгодна сродкамі захаваць ідэалягічны ўплыў на ўсе краіны, дзе расейская мова так, ці іначай ужываецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG