Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 студзеня: гадавіна сьмерці Міхаіла Жызьнеўскага


Пахаваньне Міхаіла Жызьнеўскага
Пахаваньне Міхаіла Жызьнеўскага

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Ушанаваньне памяці Міхаіла Жызьнеўскага адбудзецца на могілках у вёсцы Сьцяг Працы ў Гомельскім раёне. Як паведамляе ў фэйсбуку грамадзкі актывіст Андрэй Стрыжак, каля месца ягонага пахаваньня ўсе ахвотныя змогуць сабрацца а 12.30.

Ушануюць памяць першых герояў Нябеснай сотні і ў Менску каля помніка Тарасу Шаўчэнку. Пачатак а 20-й гадзіне.

Акцыя памяці пройдзе ў Кіеве. Тут плянуецца веча на Майдане Незалежнасьці і шэсьце на вуліцу Грушэўскага да помнікаў Сяргею Нігаяну і Міхаілу Жызьнеўскаму. Акцыю ладзяць рух салідарнасьці «Разам» (Беларусь), Інтэрнацыянальная ліга «Майдан» і іншыя арганізацыі. Пачатак а 18-й гадзіне.

Ушанаваньне памяці першых ахвяраў Майдану пройдзе гэтаксама каля Амбасады Ўкраіны ў Варшаве. Пачатак а 18-й гадзіне.

У менскай галерэі «Ракурс» у Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца выстава тэкстыльнай скульптуры «Сьнежнае лета». Пачатак а 17-й гадзіне.

У менскай бібліятэцы імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16) адкрыецца выстава «Актыўна. Экалягічна. Фатаграфічна». Пачатак а 19-й гадзіне.

У гісторыі:

1558 — у гэты дзень пачалася Лівонская вайна, якая доўжылася 25 гадоў. Вайну вяла Маскоўская дзяржава супраць Лівонскага ордэну, ВКЛ (потым Рэчы Паспалітай), Швэцыі за кантроль над Лівоніяй, то бок выйсьцем да Балтыйскага мора.

1863 — пачатак паўстаньня 1863-1864 гадоў супраць расійскіх уладаў. Адным з кіраўніком паўстаньня быў Кастусь Каліноўскі.

1980 — затрыманы і адпраўлены ў высылку акадэмік Андрэй Сахараў, расейскі і савецкі фізік, праваабаронца і палітычны дзяяч.

У гэты дзень нарадзіліся:

1561 — Фрэнсіс Бэкан, ангельскі філёзаф, навукоўца і грамадзкі дзяяч.

1890 — Ільдэфонс Бобіч, каталіцкі сьвятар, прыхільнік беларусізацыі касьцёлу.

1898 — Сяргей Эйзенштэйн, савецкі рэжысёр, сцэнарыст, тэарэтык кіно і пэдагог.

1935 — Віктар Ракаў, беларускі паэт. Ягоная паэзія прысьвечана вёсцы, бацькоўскай зямлі, сялянскай працы, а таксама Магілёўшчыне, зь якой паходзіў паэт.

1935 — Аляксандр Мень, праваслаўны сьвятар, багаслоў, аўтар кніг па багаслоўі, гісторыі хрысьціянства і іншых рэлігій.

У гэты дзень памерлі:

1901 — Вікторыя, каралева Вялікабрытаніі, Вікторыя прабыла на троне больш 63 гадоў — больш, чым любы іншы брытанскі манарх. Яе звалі «Бабуляй Эўропы» празь вялікую колькасьць дынастычных шлюбаў, якія заключылі яе дзеці і ўнукі, што ўзмацніла ўплыў Вялікабрытаніі на кантынэнце.

1978 — Алесь Салавей, беларускі паэт.

2012 — Яўген Шатохін, беларускі мастак.

2014 — Міхаіл Жызьнеўскі, актывіст Майдану, герой Нябеснай сотні. Ён загінуў падчас сутыкненьняў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, калі атрымаў агнястрэльнае раненьне ў сэрца (Нарадзіўся 26 студзеня 1988 года).

Цытата:

«Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. /.../ Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе.
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні»

Зь «Лістоў з-пад шыбеніцы», якія даслаў Кастусь Каліноўскі перад павешаньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG