Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігарня «Логвінаў» судзіцца зь Міністэрствам інфармацыі


Кнігарня «Логвінаў»

Кнігарня «Логвінаў»

У Вярхоўным судзе пачаўся разгляд пазову кнігарні «Логвінаў» да Міністэрства інфармацыі з-за адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі прадпрыемства як распаўсюдніка друкаванай прадукцыі.

19 студзеня для кнігарні «Логвінаў» пачаўся новы суд. Гэтым разам у Вярхоўным судзе Беларусі разглядаецца пазоў прадпрыемства да Міністэрства інфармацыі. Разглядае справу судзьдзя Аляксандар Паўтаў, якому давядзецца вызначыць, ці мелі рацыю чыноўнікі міністэрства, калі ў лістападзе 2014 году адмовілі кнігарні ў дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасьці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі.

На той момант гэты была шостая за год спроба кнігарні атрымаць рэгістрацыю. Ранейшыя заўвагі прадпрыемства не аспрэчвала, бо яны былі дробныя і хутка выпраўляліся. Вось што згадаў дырэктар кнігарні Ігар Логвінаў:

Там былі недакладнасьці. Прыкладам, мы пазначалі як адрас крамы 37а, нам зрабілі заўвагу, што патрэбны нумар памяшканьня

«Там былі недакладнасьці. Прыкладам, мы пазначалі як адрас крамы 37а, нам зрабілі заўвагу, што патрэбны нумар памяшканьня. А ў нас не было нумару памяшканьня, давялося гэта неяк узгадняць, атрымліваць нумар памяшканьня. Потым зьмяніўся памер пошліны, гэта было летам, сказалі нам скарэктаваць. Вось такія былі дробныя недакладнасьці».

Той факт, што Мініфарм не адразу пасьля падачы заявы кнігарні на рэгістрацыю адзначыў усе недакладнасьці, а дзейнічаў паводле прынцыпу «адразаць хвост па кавалку», прадстаўнік кнігарні на працэсе назваў парушэньнем Закону аб адміністрацыйных працэдурах. Паводле гэтага закону, дзяржаўная ўстанова не павінна ствараць штучныя перашкоды для працы прыватнага прадпрыемства, нагадаў юрыст. Прадстаўнік Мінінфарма ў судзе з гэтай прэтэнзіяй ня пагадзіўся. Паводле чыноўніка, падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала яўная памылка — маецца на ўвазе, што ў індэксе хатняга адрасу заяўніка, уладальніка кнігарні Ігара Логвінава, былі пазначаныя недакладныя лічбы.

Што памылка ў індэксе была, Ігар Логвінаў не адмаўляе. Аднак, паводле выдаўца, індэкс не абавязковы для пазначэньня хатняга адрасу, паводле закону яго можна было і не пазначаць, таму памылка не павінна ўвогуле брацца пад увагу: «Сутнасьць гэты індэкс не мяняе. Галоўнае — пазначыць месца жыхарства. А месца жыхарства пазначана дакладна, таму незразумела, як гэта магло ўплываць на заяўку».

Пэрыядычныя цягам году адмовы ў рэгістрацыі Ігар Логвінаў назваў «адмысловымі»:

Відавочна, што калі за год шэсьць разоў не давалі рэгістрацыі, гэта было штучнае зацягваньне, стваралі штучныя перашкоды.

«Відавочна, што калі за год шэсьць разоў не давалі рэгістрацыі, гэта было штучнае зацягваньне, стваралі штучныя перашкоды. Гэтыя іх прычэпкі супярэчаць закону, паводле якога чыноўнікі мусяць садзейнічаць разьвіцьцю бізнэсу».

Суд па справе адновіцца 30 студзеня. Да таго часу прадстаўнік кнігарні «Логвінаў» паабяцаў сабраць патрэбныя копіі дакумэнтаў.

Нагадаю, леташняя адмова ў рэгістрацыі як распаўсюдніка друкаванай прадукцыі для кнігарні «Логвінаў» прывяла да штрафу з боку падатковай інспэкцыі і судовага рашэньня аб спагнаньні з прадпрыемства амаль мільярда рублёў прыбытку. Гэтае рашэньне эканамічнага суду Менску, якое было прынятае 9 студзеня, паставіла кнігарню, паводле Ігара Логвінава, на мяжу банкруцтва.

20 студзеня а 14-й гадзіне Ігар Логвінаў мае намер правесьці прэс-канферэнцыю ў сваёй кнігарні па адрасе Менск, пр.Незалежнасьці 37А. Чакаецца важная заява.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG