Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Je suis Charlie» ў Віцебску


 Павал Левінаў

Павал Левінаў

Акцыя салідарнасьці з ахвярамі тэракту 7 студзеня прайшла ў Віцебску на фоне знакамітага графіці «з птушкамі і клеткамі».

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што цяпер у Віцебску гэта знакавае месца, якое сымбалізуе салідарнасьць журналістаў і свабоду слова. Таму ён сфатаграфаваўся тут з плякатам «Je suis Charlie» — на знак ушанаваньня памяці ахвяр тэракту ў рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo.

«З такімі плякатам сфатаграфаваліся і яшчэ некалькі віцебскіх журналістаў і праваабаронцаў. А я вырашыў, што фонам для майго фатаздымка павінен быць менавіта гэты вядомы малюнак-графіці, на якім намаляваныя тры жалезныя клеткі і птушкі з газэты, якія вырываюцца на волю. Гэта як увасабленьне свабоды слова, свабоды выказваць сваю пазыцыю. Са свайго боку гэта пацьвердзілі сваімі дзеяньнямі віцебская міліцыя і суд — калі аштрафавалі журналістаў за фатасэсію каля будынку з графіці. Мы з калегамі вырашылі працягнуць ідэю невядомага мастака — сфатаграфаваліся тут з папяровымі клеткамі і птушкамі-арыгамі. Фатаздымкі зьявіліся ў інтэрнэце 5 лістапада, у дзень сусьветнай кампаніі салідарнасьці „Станем за журналістыку“. За гэта ўдзельнікаў фатасэсіі аштрафавалі, абвінаваціўшы ў правядзеньні несанкцыянаванага пікетаваньня», — сказаў Свабодзе віцебскі праваабаронца.

За ўдзел у лістападаўскай фатасэсіі Паўла Левінава аштрафавалі на 25 базавых велічынь, штрафы атрымалі і яшчэ пяцёра мясцовых журналістаў і актывістаў. Праваабаронца ўпэўнены: цяпер у Віцебску зьявілася яшчэ адзін сымбаль свабоды слова — малюнак, зьмест якога сілавыя структуры лічаць небясьпечным...

Да будынку з графіці Павал Левінаў прыйшоў з чырвонымі гвазьдзікамі, перавязанымі чорнай жалобнай стужкай. Фатаздымкі, у тым ліку з плякатам «Je suis Charlie» ён выклаў на сваёй старонцы.

XS
SM
MD
LG