Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго датчане не баяцца, а беларусы ня ўмеюць


Хенрык Нордбрандт, дацкі пісьменьнік і паэт

Хенрык Нордбрандт, дацкі пісьменьнік і паэт

Сёньня будзе шмат пра паэзію. Каму паэзія не даспадобы, таго загадзя папярэджваю — гэты тэкст яму/ёй лепш абмінуць. Бо тут будуць цытавацца жыўцом ажно чатыры вершы. Дадаткова пяць іншых я працытую мерляком, то бок па кавалачку. І гэта яшчэ ня самае страшнае.



«Зь цьвіком у азадку»


Хто ня ведае анэкдоту пра рэакцыі расейца, ўкраінца і беларуса, якім давялося сесьці на цьвік у купэ цягніка? У нечым анэкдот праўдзівы, у нечым не, але ён — безумоўна вясёлы. Беларусы тут кпяць з свайго нацыянальнага мазахізму, паказваючы здаровы падыход да жыцьця. Можна сказаць, народ тут выказвае раблезіянскую самакрытыку, адначасова кранаючыся глыбінных нацыянальных архетыпаў і, прабачце, гештальтаў.

Такая іранічна-вясёлая самарэфлексія ў беларускай прасторы зьяўляецца нечым выключна рэдкім. Бо з самага пачатку асэнсаваньня беларускай нацыянальнай долі быў зададзены іншы гештальт: што б ні здарылася зь беларусамі — трэба ныць. Напісаў жа ж найпершы нацыянальны клясык як у ваду глядзеўшы:

Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа ж не памыліўся:
Зьдзекавалісь Бог і людзе.


Потым два наступныя клясыкі дапоўнілі гэты гештальт-устаноўку на ўсеагульнае ныцьцё сваімі моцнымі мазкамі.

Першы:

а)
Мая доля, дык вось доля,
Каб ты лопнула была!
Каб у чыстае дзе поле
Ад мяне ты уцякла!


б)
Што я мужык, усе тут знаюць,
І, як ёсьць гэты сьвет вялік,
Зь мяне сьмяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык.


Другі:

а)
Я б сьмяяўся, жартаваў бы,
Каб вас чуць разьвесяліць,
Ды на жыцьцё як паглядзіш,
Сэрца болем зашчыміць.


б)
Край наш родны, бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата,
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цемната.


Ныцьцё — наш спосаб на асэнсаванае жыцьцё. Ужо паўтара стагодзьдзя мы так асэнсавана жывем-ныем. І ў культуры, і ў штодзённым побыце.

Чалавек, які ные, ня ў змозе глянуць на сябе самакрытычна. Крыўда праўдзе засьціць вочы. Таму мы ніколі не зразумеем тых, якія сьмяюцца зь сябе і гэтым спосабам спрабуюць лячыць сваю крыўду ды шукаць сваю праўду. Не зразумеем, напрыклад, датчанаў:


ДАТЧЫНА

Датчына — прыгожая рэч

і такая вясёлая!

Гэта такое характэрна дацкае ў датчыне
што яна такая вясёлая.

Не гаварыць пра дацкае ўсур’ёз.
Гэта такое сур’ёзнае
у характэрна дацкі спосаб
што можна сказаць — гэта характэрна сур’ёзнае.

Агульна кажучы датчына — характэрная рэч.
Найбольш характэрнае ў датчыне
што яна такая характэрная

такая характэрна дацкая.

Сур’ёзнасьць і весялосьць
характэрныя кожная па-свойму

але ня так характэрныя як датчына.

Датчына
найбольш характэрная з усяго.

Таму датчына — прыгожая рэч.


Вось паспрабуйце замест словаў «датчына» і «дацкі» ў гэтым вершы паставіць «беларушчына» і «беларускі» ды паглядзець, што атрымаецца. Ні храна не атрымаецца. Паэта, які б напісаў верш пра «характэрна вясёлую беларушчыну», паслалі б у псыхушку, паставілі б да сьценкі і наогул зьелі б як мачанку... Дарэчы, пра ежу будзе неўзабаве.

Гэты вясёлы дацкі верш напісаў характэрна дацкі паэт Хенрык Нордбрандт (нар. 1945). У сёлетні сумнасьвяточны пэрыяд я ўзяў паэтаў сатырычны зборнік «Мы датчане» (Vi danskere) з 2000 году і пераклаў чатыры зь ягоных характэрна вясёлых вершаў. Удзячнасьці не чакаю. І весялосьці таксама не. Бо ўсе мы, як той казаў, дзеці Аліндаркі.

Вокладка зборніка «Мы датчане» (Vi danskere, 2000).

Вокладка зборніка «Мы датчане» (Vi danskere, 2000).



«Крупені, закалоты і мачанкі»


Пад канец 1980-х або на пачатку 1990-х гадоў у Польшчы выйшла кніжка пад назвай «Kuchnia białoruska». Мая жонка любіць гатаваць, а я люблю есьці прыгатаванае ёю. Таму зь вялікім задавальненьнем і трымценьнем я закупіў тую «Кухню» і прынёс дахаты — вось цяпер, кажу жонцы, будзем нацыяналізаваць ня толькі сьвядомасьць, але і страўнік. Але мы здолелі прачытаць з таго падручніка старажытналітоўскага кухарскага ўмельства ўсяго чатыры з паловай старонкі — пасярэдзіне пятай старонкі наш халестэрын зашкаліў, і мы адключыліся назаўжды ад усіх тых печаных і смажаных мясна-бульбяна-мучных прысмакаў са скваркамі, сьвінскім, авечым і цялячым тукам, каўбасамі, кіндзюкамі ды падліўкамі і закалотамі з грыбамі і цыбуляй. (Калі б тую кухарскую кнігу даць пачытаць амэрыканцу, ён бы страціў прытомнасьць ужо на другой старонцы...) Мы з жонкай неяк выжылі, дый так і жывем па сёньняшні дзень на падляскай нішчымніцы. Халестэрын утаймоўваем.

Няма ў мяне той «Кухні» пад рукою, каб і ваш халестэрын разгойдаць. Але я знайшоў характэрна беларускую рэцэптуру ў Вікіпэдыі:

Мачанка

Мачанку вяндлічную гатуюць зазвычай з разнастайных мясных абрэзак (таго, што засталося пасьля прыгатаваньня іншых страваў): копчаных, салёных, сала, вяндліны, каўбасы, абрэзкі з касьцей і г. д. Таму мяса ў мачанку наразаюць вельмі дробнымі кавалкамі. Астатнія складнікі мачанкі — тук, мука ці цэжа, вада. З прысмакаў дадаюць цыбулю, грыбы, кроп, радзей перац і маяран. Калі мачанку гатуюць як самастойную страву, то можна дадаваць у яе закалоты: адвараныя і парэзаныя дробнымі кавалкамі бульбу, капусту, рэпу. Закалоту можна падаваць і асобна, тады гародніну пякуць і падаюць цэлымі ці буйнымі кавалкамі. Найчасьцей мачанку падаюць з блінамі. Найпростая мачанка — скваркавая, якая робіцца з туку са скваркамі, запраўленага мукой і разбаўленага вадой з цыбуляй і перцам.

Ой, блін... Няма на іх Хенрыка Нордбрандта. Які дацкай кухні — характэрнай па-дацку — прысьвяціў наступнае сямірадкоўе:

ДВА ГАРАДЫ

Цяпер я растлумачу табе розьніцу
паміж Капэнгагенам і Амстэрдамам.
Там, дзе ў Амстэрдаме вада
у Капэнгагене — лайно.
І жыхарам гэта падабаецца!
У Амстэрдаме маюць туалеты.
У Капэнгагене ўпраўляюцца з гэтым лыжкамі.


Як кажа адзін беларускі «аракул», за такую нацыянальную непавагу ў нармальных эўрапейскіх краінах расстрэльваюць. А Хенрык Нордбрандт жыве сабе і хлеб жуе. Ён выдаў больш за 30 зборнікаў паэзіі, некалькі кнігаў прозы і эсэ ды адну кухарскую кніжку, прысьвечаную турэцкай кухні. Датчане чакаюць, што праз два, максымум тры гады ён атрымае нобэля.

Такім чынам Данія — ненармальная эўрапейская краіна. Або і не эўрапейская краіна наогул?



«Кананізацыя Вільгельма Кубэ»

На гэтым мы ня спынімся.

Цяпер будзе пра раблезіянскую крытыку «сваёй царквы» як нацыянальнай панацэі і народнай асьветніцы.

На пачатак згадаем нежартоўныя жарсьці, якія разгуляліся ў беларускамоўнай шклянцы сярод расейскамоўнага мора, калі адзін малады і не пазбаўлены літаратурнай іскры аўтар дазволіў сабе пасьцябацца з такой ідэі. У дэбютнай кніжачцы гэты аўтар, які рэкамэндуе сябе камуністам (значыць, перакананым бязбожнікам) піша, што «наша греко-католическая церковь причислила убиенного гауляйтера к лику мучеников». Маецца на ўвазе генэральны камісар акругі Беларусь Вільгельм Кубэ.

Напісаў бы ён так пра рыма-каталіцкую царкву (ня кажучы ўжо пра праваслаўную ці лютэранскую), то ніхто, як думаецца, не зьвярнуў бы асаблівай увагі. Ключавым у гэтай, пагаджаюся, смаркатай вылазцы зьяўляецца слова «наша». Бо ўсе ж мы па-хрысьціянску лічым, што з царквы іншых можна сьцябацца дасыта, але з «нашай» — ні каліўца. За такі сьцёб жартаўніка трэба абдзерці са скуры, пачвартаваць і расстраляць на самы канец. Гэтага насамрэч і дамагаўся адзін сучасны лукаш бэндэ, які напісаў «рэцэнзію» на гэтую «антыбеларускую» кніжачку ў адной «нашай» газэце.

Няма «нашай» і «нянашай» царквы для хрысьціяніна, па вялікім рахунку. Ёсьць адна Царква, і зь яе, я пагаджаюся, сапраўднаму верніку нельга сьцябацца (пра перакананых бязбожнікаў не скажу — ім відней). З чаго ня грэх пасьцябацца ні верніку, ні бязбожніку — дык гэта з «нашых» і «нянашых» царкоўных кантораў, якія ўзялі на сябе права дэкрэтаваць, што меў на ўвазе Бог і як іншым трэба верыць у Бога. Вера ў Бога ў гэтым жыцьці часьцяком падмяняецца верай у царкоўную кантору, і тады мы наогул чуем заклікі да зьдзіраньня скуры зь вернікаў «нянашых» кантораў.

Наўрад ці ёсьць у Эўропе «болей свая» царква, чым дацкая. Яна называецца Царквой Дацкага Народу або Дацкай Народнай Царквой (Den danske Folkekirke). Намінальна царквой кіруе дацкі манарх, адміністрацыйна — міністар па царкоўных справах, тэалягічна — сынод дацкіх біскупаў. Да царквы добраахвотна прыналежаць амаль 80% датчанаў, і ўсе яны добраахвотна плацяць падатак, каб утрымаць сваю царкоўную кантору (эвангельска-лютэранскую, калі ўжыць тэхнічны тэрмін). Ну чаго ўжо, бляха-муха, чапляцца да такой супэрсваёй царквы? Але ў Нордбрандта ёсьць прэтэнзіі:

ЦАРКВА ДАЦКАГА НАРОДУ

Царква Дацкага Народу вельмі цярпімая.
Яна шануе ўсе магчымыя іншыя хрысьціянскія цэрквы.
Яна насамрэч шануе
усе магчымыя іншыя веравызнаньні болей
чым тое хрысьціянскае
да якога ў сьціплым разуменьні
сваёй уласнай цярпімасьці
яна прыналежыць, бо яна вельмі цярпімая
і да нецярпімых старонак
хрысьціянскіх веравызнаньняў.


Царква Дацкага Народу болей цярпімая чым Бог
чыя цярпімасьць паводле Сьвятога Пісаньня
даволі абмежаваная.
Яна таксама болей цярпімая чым Ісус.
Ісус ні ў якім разе не цярпеў вайны.
Царква Дацкага Народу цярпіць яе.
Яна пасылае сьвятароў на вайну:
іх завуць палявымі сьвятарамі —
гэты выраз стаў бы Ісусу папярок горла.
Царква Дацкага Народу багаслаўляе вайскоўцаў.
Многія сьвятары носяць
тыя самыя ордэны, што і генэралы.


Цалкам асабіста я думаю:
Калі б Ісус ня быў такі цярпімы
ён спусьціўся б са свайго неба
і плюнуў бы гэтым сьвятарам у пысу.
Усё ж Царква Дацкага Народу цярпіць Ісуса.
І гэта якраз даказвае
што Царква Дацкага Народу болей цярпімая чым Ісус.


Царква Дацкага Народу настолькі цярпімая
што яна павінна была б прэміяваць мяне за гэтыя словы.


Ну а мы?

Мы ўсё яшчэ спадзяемся на нашы царкоўныя канторы, што іх «айцы» або «бацюшкі» могуць замяніць нашым дзецям сапраўдных бацькоў, то бок нас, ды навучаць нашых дзяцей гаварыць па-беларуску і любіць беларушчыну, калі мы іх гэтаму не навучылі. І таму мы лічым (ды гатовыя здымаць скуру адзін з аднаго за гэта), што форма важнейшая за зьмест.

Вокладка зборніка «Марскі конік» (Pjaltefisk, 2004)

Вокладка зборніка «Марскі конік» (Pjaltefisk, 2004)



«Вясковая і нясьпелая»


На пачатак коратка пра адну гісторыю, якая, на жаль, ня гугліцца, і я не магу даць спасылкі на яе. Я прачытаў або пачуў яе гадоў 30 таму, і ўжо ня помню дэталяў і імёнаў, толькі агульны сэнс. Магчыма, гэта ўсяго апокрыф.

Вокладка зборніка «Масты сноў» (Drømmebroer, 1998)

Вокладка зборніка «Масты сноў» (Drømmebroer, 1998)

Адзін малады нямецкі паэт у эпосе Рамантызму паехаў у Парыж, дзе пагутарыў з маладымі францускімі паэтамі пра мову, народную душу і ўсё такое. А потым вярнуўся ў Ваймар і распавёў, скажам, манумэнтальна сівому Гётэ пра сваю паездку. — Французы пыталі мяне, Майстра Гётэ, пра нашу гаротную нямецкую мову, як нам на ёй пішацца. Ну дык я сказаў ім, як ёсьць — гэта грубы, вясковы і нясьпелы дыялект, і хрэн на ім што вялікае напішаш. І гучыць ён як гыркат сабакі, ад якога адбіраюць улюбёную костку. Ёсьць толькі дзьве мовы на сьвеце, на якіх ня сорамна пісаць і гаварыць: француская і ангельская. — Хлопча, а зь якога бадуна ты ім панёс такую хрэнь? — пытаецца Гётэ. — Як гэта, Майстра, я ж ім толькі паўтарыў слова ў слова тое, што вы нам гаварылі ў гасподзе Аўэрбаха ў Ляйпцыгу два гады таму. Вы ўжо забылі? — зьбянтэжыўся малады паэт. — Блін, хлапец! (Verdammt noch mal, Knabe!) У Ляйпцыгу я гэта гаварыў выключна перад немцамі! Там не было ніводнага з тых парфумаваных жабаедаў! — ускіпеў Гётэ.

Ну, вы ўжо зразумелі, да чаго я гэта. Трэба ведаць, дзе што казаць. Каму сказаць больш, а каму толькі трохі або і наогул прамаўчаць. Гэта апраўданая і, так сказаць, патрыятычная крывадушнасьць. Асабліва што тычыцца мовы нашай гаротнай. Але паміж сабою — чаго ж нам крывадушнічаць і не гаварыць пра ўсё — і пра вясковасьць, і пра нясьпеласьць?


Датчане пра сваю мову не баяцца гаварыць паміж сабою ў адкрытую. Яшчэ раз зьвернемся да згаданага намі Нордбрандта Хенрыка:

МАТЧЫНА МОВА

У дацкай мове я найбольш гіджуся гукамі.
Іх там зашмат. І іх
як падаецца
немагчыма аддзяліць адзін ад аднаго.
З характэрна дацкай вобразнасьцю можна сказаць
што дацкая мова нагадвае
аўсяную кашу.
Калі яна гатовая, ня ўгледзіш ні адной асобнай крупінкі.
Ці ж якраз ня так гавораць па-дацку?
Так напр. маюцца справы з многімі дацкімі вершамі
якія мне падабаюцца. Мне толькі не падабаюцца
іхныя гукі.
Гэта з прычыны галосных
якія даюцца засвоіць толькі карэнным датчанам.
Галосныя выкрываюць замежнікаў.
A e i o u y æ ø å даволі лёгкія. Гэта тыя д’ябальскія
няпісаныя
галосныя так ускладняюць вывучэньне дацкай мовы
i робяць многія дацкія вершы амаль такімі ж паганымі
як гэты, які акурат узьнікае.
Але існуе паратунак
для замежнікаў і для дацкіх
паэтаў: У тэлевізіі
і на гарадзкіх вуліцах
замяняюць усюды, дзе магчыма
дацкую мову ангельскай
і паніжаюць колькасьць галосных.
Ня кажуць болей kræft
толькі kraft.
Да таго ж kraft трапляецца вельмі рэдка.
Я за тое, каб выдаліць большасьць галосных
з дацкай мовы.
A, i, u болей чым дастаткова.
Ці сапраўды трэба нам, датчанам, дурыць галаву 49 галоснымі?
Ці мы ня можам прапанаваць замежнікам
мову, якую яны здолеюць вымавіць?
Абы толькі не ангельскую, бо гэта занадта
банальна.
Я прапаную фарсі.
Мы таксама маглі б прыдумаць
зусім новую мову.
Таму што на маю думку, як я ўжо казаў
дацкая нагадвае гаворку зь пекла родам.
Сам
я ніколі ня выбраў бы дацкую
як сваю матчыну мову, як яе некаторыя міла называюць
па-дацку:
Гэта дацкая мова выбрала мяне
м. інш. дзеля таго, каб напісаць гэтыя словы.
У дадатак да таго, што я напісаў іх па-дацку
я задаволены як чорт рагаты, што нарэшце іх выказаў.


Моцныя — тыя, каго выбірае мова — мацуюць мову і сваімі кепікамі зь яе. Слабакі — тыя, хто выбірае мову — ня ў змозе дапамагчы мове ні прызнаньнямі ў любові да яе, ні праклёнамі ў адрас яе ворагаў.

Вокладка зборніка «Час наведваньня» (Besøgstid, 2007)

Вокладка зборніка «Час наведваньня» (Besøgstid, 2007)


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG