Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць спосабаў трапіць на заблякаваныя сайты (акрамя выключаных сайтаў зоны.by)


Зь 19 сьнежня 2014 года ў Беларусі заблякавалі шэраг фармальна не забароненых інтэрнэт-сайтаў.

«Хартыя», «Беларускі партызан» спачатку, а пасьля дадаліся Prokopovi.ch і газэта «Салідарнасьць». Нарэшце, былі заблякаваныя сайты высокапрафэсійнага незалежнага агенцтва БелаПАН і Naviny.by.

Калі сайт у зоне .by, яго можна ня проста заблакаваць, а і адключыць дамэн (як тое здарылася з Onliner.by). Тады сайт ніяк не адкрыць, ён перастае існаваць.

А вось калі сайт у зоне .org,com і іншых, то да яго можна толькі закрыць доступ (праз афіцыйныя працэдуры альбо ў іх абыход).

Тады да сайту можна дабрацца рознымі шляхамі.

Эканомныя браўзэры

Некалі надзвычай папулярны ў Беларусі браўзер Opera мае чароўную функцыю сьцісканьня трафіка — Opera Turbo альбо Off-Road Mode. Яна дазваляе ня толькі эканоміць мэгабайты на лімітаваных тарыфах, але і праходзіць на забароненыя сайты. Падобную функцыю мае і расейскі Яндекс.Браузер на базе Chromium.

Абодва браўзэры маюць як вэрсіі для настольных кампутараў, так і вэрсіі для смартфонаў. Славутая Opera Mini ставіцца практычна на любую «званілку» з доступам у інтэрнэт.

Магія адбываецца так. Каб сайт грузіўся хутчэй ды спажываў меней трафіку, зьвесткі зь яго дастаўляюцца не наўпрост чытачу, а праз сэрвэр, на якім карцінкі канвэртуюцца ў трошкі ніжэйшую якасьць (але з заўважна ніжэйшай «вагой»). А той сэрвэр-та не заблякаваны на ўзроўні правайдэра!

Мінус — будуць праблемы з Flash-анімацыяй, ня сьцісьнецца (і можа не адлюстравацца) відэа.

Да таго ж, падобныя функцыі можна заблякаваць на ўзроўні правайдэра адным махам. Будзе скандальчык, але невялікі.

Іншыя браўзэры

Для тых, каму не падабаюцца Opera ды «Яндэкс», таксама ёсьць простыя спосабы. З дапамогай пашырэньня Hola можна навучыць абыходзіць блякаваньні і Firefox, i Chrome, і нават Internet Explorer. Яно ёсьць і для смартфонаў. Для першых двух браўзэраў таксама ёсьць пашырэнні ZenMate і friGate на выпадак, калі вам не спадабалася Hola.

Адно з пашырэньняў можа «палегчы» па незалежных ад нацыянальных блякіровак прычынах. Але калі памятаць пра ўсе тры, ніякая блякіроўка ня страшная.

Ананімайзэры

Часам няма магчымасьці ўсталяваць іншы браўзэр альбо дадатак на яго. У такім выпадку ўратуюць адмысловыя сайты (вэб-проксі), празь якія можна выходзіць на заблякаваныя рэсурсы. Фармальна вы на дазволеным сайце А, насамрэч у яго вакне вам паказваецца сайт В. Бездакорна працуе proxfree.com, сваю надзейнасьць даказаў cameleo.ru, лёгка запамінаецца назва hide.me.

Хуткасьці пры такіх шляхах не заўсёды цешаць, а зь відэа могуць быць праблемы, затое нічога ня трэба ўсталёўваць.

VPN

Віртуальныя прыватныя сеткі ня маюць такіх недахопаў, але абсалютная большасьць зь іх платная. Магія такая: вы просіце нейкую сетку загрузіць вашыя зьвесткі і самі падключаецеся да той, ня заблакаванай для вас сеткі.

Сярод бясплатных раім паспрабаваць FrootVPN, VPNBook ці OpenVPN, сярод недарагіх (1 даляр на месяц) параім prostovpn, з болей дарагіх (10 даляраў на месяц) — славуты HideMyAss. Многія VP маюць уласныя праграмы для смартфонаў.

Tor

Падчас маўклівых пратэстаў у 2011 годзе на рабочым стале аўтара красаваўся значык Tor, а пад ім подпіс: «Сёньня серада».

Для тых, каму патрэбны доступ на пэўныя сайты пры любых умовах, а таксама для экстрэмалаў, якім трэба ня толькі трапіць на заблякаваны рэсурс, але і застацца гарантавана ананімным, існуе «цыбулевы роўтэр» Tor. Сыгнал перадаецца мноства раз зашыфраваным і кожны перадатчык здымае толькі адну «скурку» цыбуліны шыфраваньня, каб даведацца, куды далей слаць сыгнал.

Мінусы такога падыходу — нізкія хуткасьці і нестабільнае падключэньне.

Браўзэр Tor ёсьць для Windows, Linux і MacOS, для iOS ёсьць Onion Browser, а для Android ёсць Orbot.

P.S. Не забывайце пра сацсеткі

У незалежнасьці ад таго, заблякаваны сайт ці проста «ляжыць» пад наплывам наведнікаў, навіны сайту можна даведацца ў сацсетках.​<...>

P.P.S. Перапісвайцеся бясьпечна

Калі закранаецца тэма блякіровак ў інтэрнэце, варта прыгадаць і пра тайну перапіскі. Зламысьнікі могуць узламаць пошту ці ваш акаўнт у сацсетцы. Таксама як у выпадку зьдзяйсьненьня вамі злачынства спэцслужбы могуць запытаць доступ да вашага Skype-акаўнту.

Але ёсьць мноства мэсэнджэраў, надзейна абароненых ад узломаў ды не скампрамэтаваўшых сябе неабгрунтаванымі «здачамі» сваіх кліентаў.

Напрыклад, яшчэ ніхто не атрымаў абяцаныя 300 тысяч даляраў за ўзлом мэсэнджэра грамадзяніна Сэнт-Кітс і Нэвіс Паўла Дурава Telegram. Проста ня выйшла зламаць.

А мэсэнджэру зь беларускімі каранямі Viber давяраюць настолькі, што нават прэзыдэнт краіны, што знаходзіцца ў стане антытэрарыстычнай апэрацыі, спакойна вядзе ў ім перамовы.

Аляксандр Арсёнаў, Наша Ніва

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG