Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьнь Арцём Пракапенка застаецца «злосьнікам»


Арцём Пракапенка

Арцём Пракапенка

Падчас кароткатэрміновага спатканьня з сынам маці палітвязьня Арцёма Пракапенкі даведалася, што той застаўся «злосьнікам». Гэта значыць — злосным парушальнікам рэжыму, з-за чаго ён ня можа разьлічваць на датэрміновае вызваленьне.

«У іх хлопцы вызваляюцца па ўмоўна-датэрміноваму, якія прыйшлі разам зь ім, а ён як злосьнік быў, гэтак і застаецца. А калі злосьнік, то на датэрміновае нельга. Я да намесьніка начальніка калёніі пайшла, спытала, як справы сына, той кажа, што з ім пакуль усё нармальна, але самі ведаеце, у яго ўсё ў галаве. І што там ў сына ў галаве, што ён меў на ўвазе? А ён меў на ўвазе, што яму казалі пісаць прашэньне і быў бы ўжо як Сырамалотаў даўно на волі, а ён ня хоча пісаць. Я пытаюся, а як з яго злосьніка зьняць? Кажа, што год трэба, каб мінула ад апошняга пакараньня. Дык атрымліваецца, з яго гэта маглі ў верасьні зьняць, а ў ліпені павесілі новае. А павесілі яму парушэньне за тое, што была сьпякота, быў у шлёпках, а не ў гэтых турэмных чаравіках. Другія ходзяць у чым заўгодна і на гэта заплюшчваюць вочы, а яго пакаралі.»

Таксама маці даведалася, што ў калёніі сын ужо не працуе.«Раней ў Арцёма была праца, ён працаваў з мэталям. Зараз кажуць, што няма заказаў, сядзяць без працы», — распавяла Віялета Пракапенка.

Паводле Віялеты Пракапенкі, пра страчаны заробак сын не шкадуе, бо яны за месяц зараблялі па 20-40 тысяч. «Гэта нявольніцкая была праца», — кажа маці палітвязьня.

Арцём Пракапенка асуджаны на 7 год зьняволеньня, як і Яўген Васьковіч, за хуліганскія дзеяньні адносна будынку КДБ у Бабруйску. Праваабаронцы лічаць, што актывісты атрымалі несувымернае ўчынку пакараньне.

XS
SM
MD
LG