Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Занусі: Расейцы сваёй краіны не разумеюць


Кшыштаф Занусі

Кшыштаф Занусі

Вядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі прадставіў на кінафэстывалі «Цёмныя ночы» у Таліне свой новы фільм «Іншароднае цела». У інтэрвію парталу Delfi Занусі падзяліўся сваімі поглядамі на канфлікт каштоўнасьцяў Захаду і Ўсходу, а таксама распавёў, чаму ня лічыць праблемай нішавае аўтарскае кіно.


Delfi: У сваіх інтэрвію вы кажаце пра тое, што Эўропа дзеліцца на Захад і Ўсход не па геаграфічных прыкметах, а па культурных прыкметах — па вытоках праваслаўя і каталіцызму, і такім чынам Расея, Ўкраіна, Грэцыя, Баўгарыя аказваюцца ўсходняй часткай, а краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку Эстонія — Заходняй Эўропай.

Занусі: Нават Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа — гэта няправільны тэрмін, інакш Швэцыя б таксама прылічалася да Ўсходу. Нарвэгія — яна на ўсход больш, чым вы ўсё, але, нягледзячы на гэта, мы яе заўсёды лічым заходняй, таму што там мышленьне фармавалася на падставе рымскага мышленьня, потым Рэфармацыі, потым Рэнэсансу, ўсяго таго, што Ўсход, Расея і праваслаўе не прайшлі, яны прайшлі свой іншы шлях, таму яна моцна адрозьніваюцца ў падыходзе да жыцьця.

Delfi: У тым, што зараз адбываецца на кантынэнце, у канфлікце, які часта называюць каштоўнасным, гэта сапраўды адыгрывае вялікую ролю?

Відаць, што Захад не разумее Ўсход, і Ўсход зусім не разумее Захад

Занусі: Велізарную ролю. Вядома, тое, што сядзіць глыбока ў галовах, і падыход да сьвету, і падыход да праўды, і падыход да дабра, моцна адрозьніваецца. Я адчуваю велізарную розьніцу. Відаць, што Захад не разумее Ўсход, і Ўсход зусім не разумее Захад. Я заўсёды заклікаю расейскамоўных чытачоў зьвяртаць увагу на тое, як людзі кажуць простую праўду, якая не зусім праўдзівая. Кажуць: тое, што ў нас ёсьць, ёсьць і на Захадзе таксама, і тут хлусяць, і там хлусяць, і тут крадуць, і там крадуць, і ў нас карупцыя, і ў іх карупцыя. Але людзі не ўмеюць думаць дакладна. І зьвярніце ўвагу на тое, што мы ў лёгіцы, матэматычнай лёгіцы называем квантарам. Гэта значыць — назваць лік, лічбу: там адзін на сто крадзе, а тут — 50 на сто крадуць. У гэтым розьніца. А крадуць заўсёды, ва ўсіх краінах, і ў Ватыкане. Але толькі калі мы дакладна вызначаем лік, мы пачынаем разумна ставіцца, інакш ідзе пошук алібі — што ў Амэрыцы таксама дрэнна. Але паглядзіце, наколькі там дрэнна, а наколькі дрэнна ў іншых краінах, і дзе бяда. Так што я б заўсёды спрабаваў зьвярнуць увагу на дакладныя колькасьці, на статыстыку, і паглядзець, колькі зла дзе.

Delfi: Ці можна вызначыць зло лічбамі?

жыць у грамадзтве ў часы, калі ні за што не варта паміраць — гэта няшчасная жыцьцё

Занусі: Вядома, можна. Вядома, гэта ненавукова, недакладна, але розьніцу мы адчуваем. Калі паедзеце нават на поўдзень Італіі і параўнайце з Нарвэгіяй, і скажаце, у Нарвэгіі таксама карупцыя, але ж на поўдні Італіі яе значна больш.

Delfi: Калі разважаюць пра каштоўнасны канфлікт, то часта гавораць пра заняпад менавіта маральных каштоўнасьцяў.

Занусі: Вядома. Няздольнасьць ахвяраваць нечым. Як той казаў, жыць у грамадзтве, у краіне ў часы, калі ні за што не варта паміраць — гэта няшчасная жыцьцё. Трэба жыць так, каб верыць у каштоўнасьць, за якую нават варта аддаць жыцьцё. Калі такіх каштоўнасьцяў няма, грамадзтва ў распадзе.

Delfi: А ці ёсьць такія каштоўнасьці ў Расеі? І ці ёсьць яны ў Эўропе?

Занусі: Толькі калі б давялося паміраць, мы б даведаліся, наколькі яны ёсьць. Але падчас вайны людзі паміралі за незалежнасьць, за свабоду, за тое, каб вызваліць іншых. Гэта было, так што мы павінны быць да гэтага гатовыя.

Delfi: Вы дзеяч мастацтва, які шчыльна зьвязаны і з Эўразьвязам, і з Расіяй, і нават ваш апошні фільм іх зьвязвае. Гэта наўмысны выбар?

мне лягчэй зразумець пэўныя пачуцьці, пэўныя ўчынкі Расеі, чым большасьці людзей на Захадзе

Занусі: Проста так склалася жыцьцё, так склаліся мае інтарэсы, гэта не рашэньне, якое я прыняў сьвядома. Як паляк, я ўжо як быццам на мяжы Ўсходу і Захаду, да таго ж я па паходжаньні італьянец, гэта тым больш адбіваецца на маім складаным пошуку сваёй ідэнтычнасьці. Расея мне вельмі чужая, але вельмі цікавая. Я, вядома, ня маю ніякай ілюзіі, што я Расею разумею, але расейцы самі кажуць, што Расею ніхто не зразумее, і расейцы сваёй краіны не разумеюць. Гэта таксама цікава, што ёсьць адна краіна, якая прызнае, што сябе не разумее часам. Але, вядома, мне лягчэй зразумець пэўныя пачуцьці, пэўныя ўчынкі Расеі, чым большасьці людзей на Захадзе.

Delfi: Як вы ставіцеся да сучаснага мастацтва ўвогуле і да кінамастацтва у прыватнасьці, калі казаць з пункту гледжаньня таго, што часта аўтарскае кіно лічыцца нішавым.

Занусі: Тое, што нішавае, гэта мяне не бянтэжыць, таму што ніша ўплывае на эліту, эліта ўплывае на ўсё грамадзтва. Так што дамагчыся аднаго гледача можа быць важней, чым дамагчыся мільёна, які заўтра раніцай забудзе, што бачыў. А маленькая ніша можа вельмі моцна паўплываць на сьвет. Не забывайце, што хрысьціянства пачалося з 12 чалавек, якія прапаведавалі Эвангельле. І яны перамаглі Рымскую Імпэрыю. Так што, мэтафарычна кажучы, ніша — гэта не страшна, важна, якая гэтая ніша. Калі гэта маньякі, фрыкі, гэта няшчасьце, а калі гэта самыя глыбока удумлівыя людзі, тады нішавасьць не турбуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG